24 лiстапада 2024, Нядзеля, 15:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Справа аб партрэтах зніклых: Суды ў рэгіёнах ігнаруюць рашэнне Вярхоўнага суда

22 ліпеня Гомельскі абласны суд адхіліў касацыйную скаргу апазіцыянераў, якія былі асуджаныя за акцыю памяці выкрадзенага Юрыя Захаранкі.

Нагадаем, што 25 чэрвеня суддзя суда Цэнтральнага раёна Марына Дамненка пакарала ўдзельнікаў акцыі ў памяць экс-міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі штрафамі, паведамляе «Радыё Свабода». Лідэр гомельскай апазіцыі Уладзімір Кацора быў арыштаваны на трое сутак. У залі паседжанняў палітык у знак пратэсту супраць рашэння суду абвясціў сухую галадоўку. Неўзабаве апазіцыянеры накіравалі касацыйную скаргу ў Гомельскі абласны суд.

22 ліпеня апеляцыі Васіля Палякова, Уладзіміра Кацоры, Анатоля Паплаўнага, Юрыя Захаранкі і Пятра Кузняцова суддзя абласнога суда Дзмітры Улога разглядаў без прысутнасці заяўнікаў. Ніхто з іх у суд не прыйшоў – з той прычыны, што суд не стаў разглядаць касацыйныя скаргі аператыўна, у той час, калі асуджаныя трымалі галадоўку.

«Было цалкам відавочна, якое рашэнне будзе вынесенае, -- кажа Уладзімір Кацора. -- І таму не мела сэнсу хадзіць на гэты так званы суд. Думаю, што галадоўка была небессэнсоўнай. У Гомелі яна вылілася ў шырокую палітычную акцыю. Гэта была сумесная праца ўсіх дэмакратычных сілаў. Пра акцыю даведалася грамадскасць, улады. Лічу, што высновы, так ці інакш, будуць зробленыя ўсімі бакамі».

Апазіцыянеры звяртаюць увагу на абсурднасць усёй судовай сістэмы Беларусі. Бо прысуд, які быў вынесены 25 чэрвеня судом Цэнтральнага раёна, па сутнасці, перакрэслівае рашэнні Вярхоўнага суда.

Некалькі гадоў таму ў аналагічнай справе старшыня Вярхоўнага суду Валянцін Сукала апраўдаў актывіста за акцыю памяці, патлумачыўшы ў пастанове, што трыманне ў руках партрэта экс-міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі не з'яўляецца парушэннем закона аб арганізацыі і правядзенні масавых мерапрыемстваў.

«Улада нашымі судовымі справамі выпраўляе «памылку» Вярхоўнага суда, якую той дапусціў раней, -- кажа асуджаны Пётр Кузняцоў. -- У сённяшняй сітуацыі «памылка» не дазволіла ўладам падаўляць у поўнай меры акцыі пратэсту. Новым рашэннем улады ствараюць новыя механізмы, дзякуючы якім можна прыцягваць да адказнасці грамадскіх актывістаў. У гэтым увесь сэнс нашай справы».

Аднак гомельскія актывісты ўсёткі маюць намер аспрэчваць рашэнне суда ў вышэйшых судовых інстанцыях.

«Зараз перад старшынём Вярхоўнага суда Сукалам з'явіцца вельмі складаная сітуацыя, -- кажа старшыня гомельскай арганізацыі «Аб'яднаная грамадзянская партыя» Васіль Палякаў. -- Сукала павінен будзе альбо аднесці нашую акцыю 7 траўня да масавых мерапрыемстваў, і тым самым перакрэсліць сваё ранейшае рашэнне, альбо адмяніць пастанову Цэнтральнага суда Гомелю і абласнога суда. Калі Вярхоўны суд адхіліць нашую скаргу, мы будзем звяртацца ў Камітэт ААН па правах чалавека».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках