Ва ўладаў няма грошай на аплату доўгу перад «Газпрамам»
14- 23.07.2009, 11:53
Чыноўнікі абяцаюць выплаціць пятую частку доўгу толькі ў жніўні, хаця патрабавалася ўсю суму і ў ліпені.
Беларусь у жніўні выплаціць 50 мільёнаў даляраў з розніцы, якая ўтварылася, паміж сярэднегадовым і кантрактным коштам за пастаўлены газ, паведаміў журналістам у Менску першы віцэ-прэм'ер беларускага ўрада Уладзімір Сямашка.
«Са жніўня мы пачнем пагашаць тую розніцу ў $252 млн, якая ўтварылася», - сказаў Сямашка. «У наступным месяцы мы заплацім 100% (кошту за газ) і $50 млн з розніцы», - дадаў ён.
Першы віцэ-прэм'ер нагадаў, што Беларусь разлічылася за пастаўлены ў чэрвені газ, зыходзячы з кошту $150 за 1 тыс. куб. м. газу.
«Мы ўсё зробім, што абяцалі», - запэўніў У.Сямашка.
У пачатку ліпеня кіраўнік «Газпрама» Аляксей Мілер заявіў, што доўг Беларусі за газ складае 244 мільёна даляраў, і калі Менск не расплаціцца ў ліпені, дык «Газпрам» альбо звернецца ў суд, альбо скароціць аб'ём паставак.
Раней расейская газета «Коммерсант» пісала, што ў сувязі з рэзкім пагаршэннем расейска-беларускіх адносінаў і дэмаршам Аляксандра Лукашэнкі, які адмовіўся ехаць у Маскву на саміт АДКБ, «ужо ў хуткім часе Масква можа распачаць новую атаку на Менск. Гэтым разам — газавую».