28 снежня 2024, Субота, 20:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Маладыя апазіцыянеры паскардзіліся ў АБСЕ на Ханса-Ёхана Шміта

13

Арганізацыя «Малады фронт» звярнулася да дзейснай старшыні АБСЕ Доры Бакаяні з просьбай даць прававую ацэнку дзеянням беларускага кіраўніка офіса АБСЕ.

Прычынай адкрытага звароту стаў таемны візіт у Менск нямецкага эксперта ў галіне права Марціна Фінке, які на просьбу Офіса АБСЕ ў Беларусі правёў экспертызу па справе арыштаваных ваўкавыскіх прадпрымальнікаў: Юрыя Лявонава, Мікалая Аўтуховіча і Уладзіміра Асіпенкі.

«Малады фронт» звярнуўся да старшыні АБСЕ Доры Бакаяні з наступным лістом:

«Беларускі моладзевы рух «Малады фронт» звяртаецца да Вас з просьбай даць прававую ацэнку дзеянням кіраўніка офіса АБСЕ Ханса-Ёхана Шміта.

У гэтым месяцы Беларусь таемна наведаў Марцін Фінке - прафесар, эксперт у галіне крымінальнага і крымінальна-працэсуальнага права краінаў Усходняй Еўропы. Паводле афіцыйнага прэс-рэлізу прадстаўніцтва АБСЕ ў Беларусі ад 24 ліпеня, у траўні офіс АБСЕ атрымаў запыт МЗС пра аказанне дапамогі ўраду ў «пошуку незалежнага міжнароднага эксперта ў галіне права, які спецыялізуецца на крымінальным і крымінальна-працэсуальным заканадаўстве ўсходнееўрапейскага рэгіёна, з мэтай вывучэння справы прадпрымальнікаў Аўтуховіча, Лявонава і Асіпенкі».

«Задачай эксперта было даць аб'ектыўную ацэнку гэтай справе з выяўленнем магчымых парушэнняў у галіне правоў чалавека ці злоўжывання крымінальным працэсам», -- заявіў Шміт.

Як неаднаразова заяўляў спадар Фінке ў інтэрв'ю беларускім СМІ, ён не знайшоў парушэнняў беларускага заканадаўства ў гэтай справе.

У той жа час, ёсць падставы сумнявацца ў аб'ектыўнасці дакладу Фінке з наступных прычынаў:

– Візіт эксперта насіў таемны характар. Ні дзяржаўныя ворганы, ні офіс АБСЕ ў Менску не палічылі патрэбным паінфармаваць пра візіт абвінавачванага, яго адваката ці законнага прадстаўніка.

– Эксперт не вёў перамоваў ні з абвінавачваным, ні з яго адвакатам, а толькі з прадстаўніком дзяржаўнага органа.

– Паводле з ч.1 арт.229 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса РБ, падчас экспертызы былі парушаныя правы абвінавачванага і яго абаронцы такія, як права знаёміцца з пастановай пра прызначэнне экспертызы, заяўляць адвод эксперта, прысутнічаць з дазволу следчага пры правядзенні экспертызы, даваць тлумачэнні эксперту і г.д.

Вядома, што даклад спадара Фінке распаўсюджваецца па амбасадах еўрапейскіх краінаў у Беларусі, таму існуе пагроза, што гэты даклад стане асновай пазіцыі еўрапейскіх дэмакратычных структураў па гэтай крымінальнай справе.

У сувязі з тым, што Еўрапейскі Звяз і АБСЕ, як і беларуская дэмакратычная супольнасць зацікаўленыя ў найхутчэйшым прававым вырашэнні справы беларускіх прадпрымальнікаў, просім Вас:

1) Вызначыць ролю і даць прававую ацэнку дзеянням кіраўніка офіса АБСЕ ў Беларусі Ханса-Ёхана Шміта, які прымаў непасрэдны ўдзел у арганізацыі міжнароднай экспертызы.

2) У выпадку прызнання дзеянняў Ханса-Ёхана Шміта неадпаведнымі міжнародным і беларускім нормам, вынесці рашэнне, прадугледжанае Статутам і іншымі дакументамі АБСЕ».

Нагадаем, што Мікалай Аўтуховіч і яшчэ два актывісты прадпрымальніцкага руху з Ваўкавыска - Юры Лявонаў і Уладзімір Асіпенка - былі затрыманыя 8 лютага з санкцыі пракурора Гарадзенскай вобласці. 18 лютага ўсім траім было прад'яўленае абвінавачванне па арт. 218 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці).

Мікалай Аўтуховіч, змешчаны ў СІЗА ў Менску, 3 месяцы праводзіў галадоўку пратэсту. Яна была спынена толькі 16 ліпеня.

Беларускія праваабаронцы лічаць затрыманых палітычнымі вязнямі, звяртаючы ўвагу на тое, што Аўтуховіч і Лявонаў раней ужо былі асуджаны і прызнаны міжнароднай супольнасцю вязнямі сумлення.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках