25 снежня 2024, Серада, 4:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Суд над палітвязнямі будзе закрытым?

12
Суд над палітвязнямі будзе закрытым?

Стан Мікалая Аўтуховіча, які больш за 90 дзён галадаў у менскім СІЗА, «стабільна дрэнны».

Пра гэта 28 ліпеня на прэс-канферэнцыі ў Менску паведаміў праваабаронца Алег Воўчак.

«Зараз Аўтуховіч выходзіць з галадоўкі. Ён ужо п'е сокі, дзён праз дзесяць будзе есці кашы», — сказаў Воўчак.

Па словах Алега Воўчака, улады маюць намер зрабіць працэс над ваўкавыскімі прадпрымальнікамі закрытым і «такім чынам схаваць ад грамадскасці, ад Еўропы, з'яўленне ў Беларусі новых палітвязняў». Між тым, праваабаронца перакананы, што ў следства няма доказаў віны Аўтуховіча ў тэрарызме і іншых злачынствах, і «гэта стане ўсім зразумела на адкрытым працэсе».

Адзін з кіраўнікоў аргкамітэта па стварэнні аб'яднання ветэранаў вайны ў Аўганістане «Абаронцы Айчыны» Аляксандр Камароўскі лічыць, што адной з прычынаў пераследу Мікалая Аўтуховіча стала яго актыўная грамадская дзейнасць. «Ён таксама адмовіўся ад юбілейнага медалю «афганцам» і заявіў, што на самой справе ўлады не дапамагаюць ветэранам вайны ў Аўганістане. Такая пазіцыя «наверсе» не спадабалася», - сказаў Камароўскі.

Як паведаміла на прэс-канферэнцыі Юлія Міхнюк, дачка яшчэ аднаго арыштаванага прадпрымальніка з Ваўкавыска Юрыя Лявонава, яе бацька «адчувае сябе нармальна». «З бацькам я сустракалася на спатканні 4 чэрвеня, выглядае ён добра. Праўда, у ізалятары ён скінуў 10 кілаграмаў вагі», — сказала Міхнюк.

У яшчэ аднаго затрыманага па гэтай справе Уладзіміра Асіпенкі з'явіліся праблемы са зрокам, паведаміла яго дачка Людміла Асіпенка. «У яго зрок знізіўся як мінімум на адну дыёптрыю. Горш стала з зубамі — з-за хларыраванай вады ў ізалятары зубы пачынаюць рассыпацца. На маё пытанне, ці не можа ён звярнуцца да стаматолага, бацька адказаў, што ў СІЗА зубы не лечаць, не ставяць пломбаў, дапамогі не аказваюць. А калі звернешся за дапамогай, дык хворы зуб проста адразу выдаляюць. Таму ў медчастку ён не звяртаўся», — сказала Людміла Асіпенка.

Беларускія праваабаронцы маюць намер высветліць, на якой падставе нямецкі эксперт Марцін Фінке знаёміўся з матэрыяламі справы Мікалая Аўтуховіча.

Як раней паведамлялася, у траўні офіс АБСЕ у Менску атрымаў запыт МЗС Беларусі аб аказанні дапамогі ўраду «у пошуку незалежнага міжнароднага эксперта ў галіне права, які спецыялізуецца ў крымінальным і крымінальна-працэсуальным заканадаўстве ўсходнееўрапейскага рэгіёна, з мэтай вывучэння справы». Офіс АБСЕ прапанаваў кандыдатуру Марціна Фінке як вядомага міжнароднага эксперта ў галіне крымінальнага і крымінальна-працэсуальнага права.

Спецыяліст наведаў Беларусь 8-10 чэрвеня і вынес заключэнне па справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча, Уладзіміра Асіпенкі і Юрыя Лявонава. Эксперт прызнаў, што справа ў дачыненні да іх расследуецца без юрыдычных парушэнняў, а асцярогі праваабаронцаў пра яго палітычны характар беспадстаўныя.

«Як былы следчы пракуратуры я прызнаю — я заблытаўся. Я не магу сказаць, хто яго запрашаў. Які ўдзел у яго візіце прымаў беларускі бок? Хто аплачваў яго прыезд? Чаму адвакатам забаронена знаёміцца з матэрыяламі справы, а мы бачым, што супрацоўнікі Міністэрствы ўнутраных справаў, Міністэрства замежных справаў, супрацоўнікі АБСЕ могуць знаёміцца з матэрыяламі справы праз даклад Фінке? Ці сапраўды Фінке з'яўляецца экспертам АБСЕ ці ён прыязджаў у Беларусь як прыватная асоба?» — здзіўляецца Алег Воўчак.

Паводле яго словаў, для таго каб атрымаць адказы на гэтыя пытанні, адпаведная заява будзе накіраваная ў офіс АБСЕ у Менску, у цэнтральны офіс АБСЕ, а таксама еўракамісару па знешняй палітыцы Беніце Ферэра-Вальднер.

Аўтуховіч, Лявонаў і Асіпенка былі затрыманыя 8 лютага 2009 года. 18 лютага ім прад'явілі абвінавачванне па арт. 218 КК (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці). Усе трое знаходзяцца ў СІЗА № 1 Менска.

З 16 красавіка па 16 ліпеня Аўтуховіч праводзіў галадоўку, патрабуючы альбо перадаць справу ў суд, альбо змяніць усім падследным меру стрымання з утрымання пад вартай на падпіску аб невыяздзе.

17 ліпеня МУС Беларусі распаўсюдзіла заяву, у якім паведамляецца, што «23 чэрвеня 2009 года галоўным следчым упраўленнем папярэдняга расследавання МУС Рэспублікі Беларусь у дачыненні да Аўтуховіча М.М. і іншых асобаў узбуджаная крымінальная справа па арт. 359 КК Рэспублікі Беларусь (тэрарыстычны акт) у выглядзе падрыхтоўкі (арт. 13 КК Беларусі)».

Праваабаронцы лічаць затрыманых палітычнымі вязнямі, звяртаючы ўвагу на тое, што Аўтуховіч і Лявонаў раней ужо былі асуджаныя і прызнаныя міжнароднай супольнасцю вязнямі сумлення.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках