Вінцук Вячорка: Дагэтуль ніякіх рэальных зменаў у Беларусі не адбылося
- 29.07.2009, 14:33
Першы намеснік старшыні Партыі БНФ назваў станоўчым тое, што Еўразвяз учора паўтарыў патрабаванні незваротных дэмакратычных рэформаў у Беларусі.
28 ліпеня ў Брусэлі прайшлі перамовы міністра замежных справаў Сяргея Мартынава з кіраўніцтвам Еўразвяза. Падчас перамоваў камісар ЕЗ Беніта Ферэра-Вальднер заявіла пра неабходнасць выканання афіцыйным Менскам сваіх абавязальніцтваў па правядзенні пераканаўчых і незваротных дэмакратычных рэформаў.
Еўразвяз «гатовы падтрымаць Беларусь, калі яна прадэманструе сур'ёзны рух у бок дэмакратыі і асноўных правоў і свабодаў», сказала камісар ЕЗ Беніта Ферэра-Вальднер. Таксама еўракамісар адзначыла, што ЕЗ можа шмат што прапанаваць Беларусі ў розных галінах, у прыватнасці ў сферы макраэканомікі, энергетыкі, гандлю, спрашчэння візавага рэжыму.
У верасні Еўразвяз пачне вывучаць прагрэс афіцыйнага Менска па дэмакратызацыі пяці ключавых галінаў, пытанне пра візавыя санкцыі будзе разгледжанае кіраўнікамі МЗС краінаў ЕЗ у лістападзе.
Першы намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка ў інтэрв'ю «Радыё Свабода» назваў станоўчым тое, што Еўразвяз паўтарыў патрабаванні незваротных зменаў.
«Змены павінны быць істытуцыянальнымі, таму што толькі такі характар можа забяспечыць іх незваротнасць, -- заяўляе Вінцук Вячорка. -- Названы лістапад як месяц такога прамежкавага падвядзення вынікаў. Але калі да цяперашняга моманту ніводнай істытуцыянальнай змены не адбылося, дык складана паверыць, што на працягу трох месяцаў нешта рэальна зменіцца. Безумоўна, станоўча, што лішні раз падкрэсліваецца еўрапейскасць нашай краіны. Сказана, што беларускія тавары, у тым ліку харчовыя, будуць чакаць на еўрапейскіх рынках. Але каб гэтым шанцам скарыстацца, трэба праводзіць адпаведныя эканамічныя рэформы. А асобна ўзятыя эканамічныя рэформы без палітычных, разняволенне эканамічнай ініцыятывы без разняволення палітычнай, наўрад ці магчыма. І ў гэтым сэнсе я пакуль што не прачытваю яснай стратэгіі Брусэля ў дачыненні да Беларусі ў цяперашніх геапалітычных і ўнутрапалітычных абставінах».