23 снежня 2024, панядзелак, 22:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Дашкевіч: Мы будзем змагацца за вызваленне Арцёма Дубскага

2

Актывісты «Маладога фронту» абвясцілі аб распачацці кампаніі па вызваленні палітвязня Арцёма Дубскага.

Асіповіцкі суд пакараў 7 ліпеня ўдзельніка «Працэсу 14-ці» годам пазбаўлення волі за парушэнне правілаў адбывання пакарання. Лідэр «Маладого фронту» Зміцер Дашкевіч у інтэрв'ю «Радыё Свабода» паведаміў, што аднадумцы Арцёма Дубскага будуць выкарыстоўваць усе сродкі, для таго, каб вызваліць палітвязня.

«Кампанія будзе ўключаць у сябе распаўсюджванне інфармацыйных матэрыялаў аб Арцёме і «Працэсе 14-ці», аб якім, нажаль, некаторыя ўжо забыліся, -- заяўляе Зміцер Дашкевіч. -- Будзем расклейваць партрэты Арцёма Дубскага і праводзіць вулічныя акцыі рознага фармату. Мы будзем патрабаваць безумоўнага і скарэйшага вызвалення нашага паплечніка. У нас ёсць надзея, што ён будзе вызвалены. Тым больш, што ўсе фігуранты «Працэсу 14-ці» прызнаныя вязнямі сумлення».

Арцёма Дубскага пакаралі двума гадамі абмежавання волі ў «Працэсе 14-ці». Падчас адбывання пакарання супраць яго пачалі яшчэ адну крымінальную справу - за выкарыстанне чужой сім-карты для выхаду ў інтэрнэт. Калі супрацоўнікі міліцыі склалі два рапарты за тое, што Дубскага не было дома падчас праверкі, яму сталі пагражаць трэцяй крымінальнай справай.

На судзе Арцём Дубскі казаў, што менавіта гэта падштурхнула яго з'ехаць ва Ўкраіну.

Маці палітвязня Алена Дубская не чакала, што яе сына возьмуць пад варту ў зале суда. Спатканне адбудзецца на днях у бабруйскім следчым ізалятары, куды Арцёма перавязуць 10 ліпеня.

Лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька лічыць, што акцыі салідарнасці з палітычнымі зняволенымі служаць маральнай падтрымкай.

«Калі людзі знаходзяцца за кратамі і не адчуваюць пульса жыцця і разумеюць, што засталіся сам-насам з турэмным начальствам, то псіхалагічна ім вельмі цяжка, -- кажа лідэр АГП. -- Беларускія ўлады ўзялі на ўзбраенне тое, што выкарыстоўваюць асобныя ваенізаваныя групоўкі на Каўказе ў Чачні, у Інгушэціі, калі яны бяруць закладнікаў і потым патрабуюць выкуп, і гэтым вырашаюць свае нейкія праблемы і пытанні: набываць зброю, харч. Так робяць і беларускія ўлады. Выкарыстоўваюць жывых людзей як рэчы для дасягнення сваіх мэт».

Паводле рашэння суду, паўгады пазбаўлення волі заменяць той тэрмін пакарання, які павінен адбыць Арцём Дубскі па «справе 14-ці». Год пазбаўлення волі Арцём Дубскі будзе адбываць у выпраўленчай калоніі агульнага рэжыму.

Раней суд Маскоўскага раёна Менска пакараў непаўнагадовага Максіма Дашука па аналагічнай справе, дадаўшы яму яшчэ два дні да папярэдняга тэрміна. Такім чынам, Арцём Дубскі - адзіны з фігурантаў «справы 14-тці», які патрапіў за краты.

Нагадаем, што «Міжнародная амністыя» прызнала ўдзельнікаў «Працэсу 14-ці» вязнямі сумлення і заклікала беларускія ўлады спыніць крымінальны пераслед моладзевых актывістаў.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках