25 снежня 2024, Серада, 12:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Актывісты «Еўрапейскай Беларусі» пікетавалі СІЗА на Валадарскага (Фота)

2

Увечары 11 жніўня ў Менску прайшла акцыя салідарнасці з апазіцыянерамі, якія знаходзяцца ў беларускіх турмах.

Актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» правялі пікет ля сценаў следчага ізалятара №1 ГУУС Менгарвыканкама, дзе ў цяперашні час знаходзяцца ваўкавыскія прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч і Уладзімір Асіпенка.

Моладзевыя актывісты сталі ў ланцужок насупраць уваходу ў турму і разгарнулі расцяжку «Свабоду палітвязням». Як паведамляе сайт jeans-by.com, у руках маладыя людзі трымалі партрэты Мікалая Аўтуховіча, Уладзіміра Асіпенкі і ўдзельніка «Працэсу 14-ці», арыштаванага актывіста «Маладога фронту» Арцёма Дубскага.

Адзін з удзельнікаў акцыі праз мегафон зачытаў патрабаванне аб вызваленні палітычных вязняў і спыненні палітычна матываваных рэпрэсіяў. Пасля гэтага моладзевыя актывісты пачалі гучна скандаваць «Свабоду палітвязням!», «Свабоду Аўтуховічу!», «Свабоду Асіпенку!», «Свабоду Дубскаму!»

У акцыі таксама прыняў удзел лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Пікет працягнуўся 15 хвілінаў, ніхто з яго ўдзельнікаў не быў затрыманы.

Нагадаем, што Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Уладзімір Асіпенка былі затрыманыя 8 лютага. 18 лютага прадпрымальнікам было прад'яўлена абвінавачванне па арт. 218 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці). 23 чэрвеня ў дачыненні да Аўтуховіча і, як паведаміла МУС, «іншых асобаў» узбуджаная справа па арт. 359 КК (тэрарыстычны акт) у выглядзе падрыхтоўкі (арт. 13).

Праваабаронцы лічаць затрыманых палітычнымі зняволенымі, звяртаючы ўвагу на тое, што Аўтуховіч і Лявонаў раней ужо былі асуджаныя і прызнаныя міжнароднай супольнасцю вязнямі сумлення.

Ваўкавыскага прадпрымальніка Юрыя Лявонава вызвалілі з менскага следчага ізалятара 8 жніўня. У дачыненні да яго спыненыя следчыя дзеянні. Як чакаецца, судовы працэс па справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў можа пачацца ў лістападзе.

Арцём Дубскі 7 ліпеня 2009 года быў прысуджаны да года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за парушэнне правілаў адбыцця пакарання па «справе 14-ці».

«Справа 14-ці» – справа па арт. 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, узбуджаная ў дачыненні да ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая прайшла ў Менску 10 студзеня 2008 года.

За ўдзел у гэтай акцыі 14 моладзевых актывістаў былі прысуджаныя да розных тэрмінаў пазбаўлення і абмежавання волі. Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» у 2009 годзе прызнала ўдзельнікаў «Працэсу 14-ці» Вязнямі сумлення.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках