Пратэстанты не пусцілі судовых выканаўцаў у царкву
8- 13.08.2009, 14:48
Рашэнне не пускаць у храм любых службовых асобаў было прынятае вернікамі ў адказ на спробы ўладаў адабраць будынак.
13 жніўня прыкладна ў 9.30 тры судовыя выканаўцы спрабавалі прайсці на тэрыторыю менскай царквы «Новае жыццё» Рэлігійнага аб'яднання супольнасцяў хрысціянаў поўнага Евангелля ў Рэспубліцы Беларусь і ўручыць вернікам нейкую паперу. «Вернікі заявілі ім, што ўваход любых прадстаўнікоў улады на тэрыторыю царквы забаронены, а паперу яны могуць адправіць па пошце. Пасля чаго судовыя выканаўцы сыйшлі», — паведаміў БелаПАН юрыст царквы Сяргей Луканін.
Ён не выключае, што дзеянні вернікаў могуць пацягнуць крымінальную адказнасць у дачыненні да пастара царквы Вячаслава Ганчарэнкі. «Напрыклад, па артыкуле 423 КК (невыкананне прысуду, рашэння альбо іншага судовага акту)», — дадаў юрыст. Пры гэтым ён адзначыў, што «судовыя выканаўцы выдатна ведалі, што ў будынак царквы афіцыйныя асобы не дапускаюцца». «Таму я расцэньваю такія дзеянні як спробу ўладаў вырашыць праблему царквы сілавым спосабам», — заявіў Луканін.
Рашэнне не пускаць у храм любых службовых асобаў было прынятае вернікамі ў лістападзе 2007 года ў адказ на спробы гарадскіх уладаў адабраць будынак. Грамадзянская справа паміж рэлігійнай супольнасцю і Менгарвыканкамам па пытанні зносу будынка на вуліцы Кавалёва, 72, вялася з кастрычніка 2005 года. У студзені 2009 года Вышэйшы гаспадарчы суд пацвердзіў законнасць рашэння гарвыканкама аб канфіскацыі зямельнага ўчастку супольнасці з далейшым выкупленнем будынка царквы за 37,5 млн. рублёў.
16 сакавіка ўлады ў пісьмовай форме прапанавалі вернікам абмеркаваць пытанне будаўніцтва ў раёне МКАД і вуліцы Шаранговіча новага будынка царквы на зямельным участку плошчай каля 0,4 га, які ў чатыры разы меншы за раней вылучаны. На агульным сходзе 5 траўня вернікі аднагалосна прагаласавалі супраць гэтай прапановы. Да таго ж, вырашэнне пытання аб вылучэнні супольнасці новага зямельнага ўчастку зойме да двух гадоў і запатрабуе ад царквы не менш за 100 тыс. даляраў ЗША, а на ўзвядзенне новага храма неабходна адшукаць ад 3 да 5 млн. даляраў.