23 снежня 2024, панядзелак, 7:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зінаіда Ганчар: «Прыйшоў час спытаць Лукашэнку аб выкрадзеных i забiтых»

18
Зінаіда Ганчар: «Прыйшоў час спытаць Лукашэнку аб выкрадзеных i забiтых»

Справы аб выкраданнях і забойствах у Беларусі лідэраў апазіцыі раскрытыя. Асобы, якіх падазраюць у здзяйсненні гэтых злачынстваў, выяўленыя.

17 жніўня ў цэнтральным офісе Партыі БНФ адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная дзесятай гадавіне гучных выкраданняў палітыкаў і грамадскіх дзеячоў Беларусі: былога віцэ-спікера Вярхоўнага Савета Беларусі Віктара Ганчара, грамадскага дзеяча і бізнэсмэна Анатоля Красоўскага, экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі і аператара расейскага тэлеканала ОРТ Змітра Завадскага.

Праваабаронцы і сваякі загінулых адзначаюць, што за 10 год расследаванне так і не ссунулася з мёртвай кропкі, і аб лёсе зніклых дагэтуль нічога невядома.

Па словах юрыста Беларускага Хельсінскага камітэта Гары Паганяйла, паводзіны ўладаў даказваюць асноўную версію пра датычнасць вышэйшых пасадовых асобаў Беларусі да знікнення лідэраў апазіцыі.

«Справы аб выкраданнях і забойствах лідэраў апазіцыі і журналіста працягваюць расследавацца, тэрміны расследавання падоўжаныя яшчэ на 2 месяцы, аднак па заканчэнні гэтых 10 год канкрэтных вынікаў мы не маем, -- заявіў праваабаронца. – Знікненне Юрыя Захаранкі, экс-міністра ўнутраных спраў, чалавека, які валодаў канфідэнцыяльнай, сакрэтнай інфармацыяй па шматлікіх праблемах Беларусі, не заахвоціла ўлады рэальна расследаваць гэтую справу. Само ўзбуджэнне крымінальнай справы доўгі час знаходзілася ў «парэнні», і толькі пасля знікнення Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага крымінальная справа ўсё-такі была ўзбуджаная. Натуральна, першапачатковыя доказы былі згубленыя. Тым самым улады пацвердзілі асноўную версію, пра якую сення кажа міравая супольнасць, - датычнасць вышэйшых пасадовых асобаў Беларусі да гэтых знікненняў. Толькі гэтым можна патлумачыць бяздзейнасць як следчых, так і судовых органаў».

Гары Паганяйла заяўляе, што з юрыдычнай кропкі гледжання справа пра гучныя знікненні ў Беларусі раскрытыя. «Асобы, якіх падазраюць у здзяйсненні гэтых злачынстваў, высветленыя. Калі б гэта было не так, мы даўно атрымалі аспрэчанне палітычна матываванай версіі знікненняў», — сцвярджае юрыст.

Як адзначае праваабаронца, шмат якія міжнародныя інстытуты ўсхваляваныя «палітычна матываванымі знікненнямі, а, магчыма, і пакараннем смерцю без суда ў Беларусі».

«Але беларускія ўлады не садзейнічаюць правядзенню незалежнага расследавння на тэрыторыі нашай краіны, -- сцвярджае праваабаронца. – Апроч гэтага, яны робяць «неўязнымі» еўрапейскіх палітыкаў, якія зацікаўленыя лёсам выкрадзеных. Так было адмоўлена ва ўездзе ў Беларусь дэпутату ПАСЕ Хрыстасу Пургурыдэсу».

Прыйшоў час спытаць пра выкраданні ў Лукашэнкі

Супруга былога віцэ-спікера Вярхоўнага Савета Беларусі Зінаіда Ганчар заяўляе, што на сённяшні дзень расследаванне па справе выкрадання Віктара Ганчара фактычна спынена.

«Мы моцна ўсхваляваныя, што гэтыя злачынствы могуць быць «павешаныя» на цалкам невінаватых людзей, -- кажа яна. – У некаторых РУУС ужо з’явіліся фотаздымкі Ганчара і Красоўскага, сталі весціся апытанні па чырвоным БМВ, сляды якога былі выяўленыя на месцы здарэння. Канешне, гэтая імітацыя расследавання здаецца смешнай. Шматлікія людзі не памятаюць, што адбывалася ўчора. А ў нашым выпадку прайшло 10 год, і ўспомніць нешта аб чырвоным БМВ - нерэальна».

Сваякі зніклых нагадваюць, што ў свой час былы начальнік Галоўнага ўпраўлення крымінальнай міліцыі Мікалай Лапацік напісаў на імя экс-кіраўніка МУС Уладзіміра Навумава рапарт, у якім выказаў, каму і калі экс-сакратар Савета бяспекі Беларусі Віктар Шэйман даў указанне знішчыць Юрыя Захаранку, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.

«Пасля даклада Лапаціка высокапастаўленыя чыноўнікі, якія ў ім згадваюцца, павінны былі быць дапытаныя, -- заяўляе Зінаіда Ганчар. -- Але нашы патрабаванні азнаёміць нас хоць бы з прамежкавым вынікам расследавання ні да чаго не прывялі. Апошні следчы Вараўка наогул адмаўляецца ад якіх-небудзь кантактаў і сустрэч. Даходзіць да маразму. Майго мужа ўжо двойчы выклікалі ў РУУС з просьбай пакінуць адбіткі пальцаў па справе аб выбуху 4 ліпеня ў Менску. З года ў год Віктара запрашаюць на выбары, хоць я папярэджвала, што 10 год чалавек адсутнічае».

У інтэрв’ю расейскім журналістам, якое было апублікаванае 10 чэрвеня ў газеце “Заўтра” Аляксандр Лукашэнка заявіў, што выкрадзеныя лідэры апазіцыі былі забітыя. Толькі не па ягоным загадзе, а, нібы, «на камерцыйнай глебе».

«Мы падрыхтавалі зварот на імя генеральнага пракурора Георгія Васілевіча, каб ён грунтоўна азнаёміўся са справай і даў справаздачу перад грамадскасцю аб тым, што было зроблена за 10 год расследавання, -- заяўляе Зінаіда Ганчар. – Асобны зварот мы адправілі на імя прэзідэнтаў Расеі, Нямеччыны, Францыі. Мы хочам, каб яны запатрабавалі ад Лукашэнкі справаздачы па гэтых справах, паколькі ўсе гэтыя гады ён заяўляе, што справы выкрадзеных знаходзяцца ў яго на адмысловым кантролі. І гэта пацвердзілася. Яго заява аб тым, што сляды выкраданняў вядуць у Нямеччыну, кажуць аб тым, што, напэўна, Лукашэнка ведае больш, чым нашы праваахоўныя органы. Таму прыйшоў час спытаць у яго».

Няма чалавека – няма праблемы

Выкраданне Змітра Завадскага афіцыйна лічыцца раскрытым. Вінаватымі ў ім былі прызнаныя афіцэры спецпадраздзялення МУС «Алмаз» Валер Ігнатовіч і Максім Малік (прысуджаныя да пажыццёвага заключэння), былы курсант Акадэміі МУС Аляксей Гуз (прысуджаны да 25 год пазбаўлення свабоды), а таксама раней тройчы асуджаны грамадзянін Сяргей Савушкін (прысуджаны да 12 год пазбаўлення свабоды).

Усе прысуды былі вынесеныя судом у зачыненым парадку. Ніякіх доказаў дачынення асуджаных да выкрадання Змітра Завадскага грамадскасці прадстаўлена не было. Ні адзін з іх сваёй віны не прызнаў. Цела зніклага журналіста следствам выяўлена не было.

Маці выкрадзенага журналіста Вольга Завадзкая не верыць, што за кратамі апынуліся сапраўдныя вінаватыя ў знікненні яе сына.

«Людзі асуджаныя, віны сваёй яны не прызналі, і праца не вядзецца, -- кажа яна. -- Усе нашы спробы выпатрабаваць пратаколы следчых дзеянняў на працягу ўсіх гэтых год не маюць поспех. Няма чалавека - няма праблемы. Таму ўсё высілкі звяліся да таго, што людзей асудзілі, і ўлады супакоіліся. Вінаватыя яны або не, судом не даказана. Складаецца ўражанне, што ўлады не зацікаўленыя, каб гэтыя справы былі наогул раскрытыя. З жахам думаю, што можа здарыцца, што за даўнасцю год усё гэта спыніцца. Гэта самае галоўнае, чаго я баюся».

Па словах лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, беларускія ўлады ў бліжэйшы час паспрабуюць закрыць справы выкрадзеных лідэраў апазіцыі.

«У Беларусі людзі могуць прабачыць шмат што: эканамічныя праблемы, прававое бязмежжа, але яны ніколі нікому не прабачаць палітычныя забойствы, - заяўляе лідэр АГП. -- У адносінах афіцыйнага Менска і міжнароднай супольнасці фактычна не засталося няёмкіх для ўлад пытанняў. Засталася адна праблема, якую не можа зняць з парадку дня Брусэль - гэта арганізацыя выкраданняў і магчымых забойстваў вядомых у Беларусі людзей. У гэтай сувязі ў нас ёсць інфармацыя, што хуткім часам беларускія ўлады паспрабуюць знайсці «стрэлачнікаў», «казлоў адпушчэння». Знойдуць нават, можа быць, і «выканаўцаў». Ім трэба зачыніць гэтае пытанне. Зачыніць малым коштам, каб на лаве падсудных не апынуліся тыя людзі, якія арганізавалі і аддавалі загады. Да прэзідэнцкай кампаніі Лукашэнка хоча выйсці белым, чыстым і пухнатым».

14 жніўня стала вядома, што з Беларусі былі дэпартаваныя журналісты расейскага тэлеканала НТВ, якія здымалі фільм аб зніклых палітыках. Аляксей Малкоў і Юры Бабенка былі затрыманыя 14 жніўня ў гатэлі Міжнароднага адукацыйнага цэнтра (IBB). Уначы 15 жніўня расейскую здымачную групу адвезлі ў менскі аэрапорт і прымусілі пакінуць тэрыторыю Беларусі. Журналістаў абвінавацілі ў працы без акрэдытацыі Міністэрства замежных спраў РБ.

У інтэрв’ю сайту www.charter97.org жонка былога віцэ-спікера Вярхоўнага Савета Беларусі Зінаіда Ганчар назвала гэты інцыдэнт «странным».

«Мне патэлефанавалі журналісты НТВ і папрасілі сустрэцца, -- узгадвае яна. -- На сустрэчу з імі прыйшла я і Вольга Завадзкая. Мы казалі аб тым, што нас хвалюе: аб праблемах следства, аб нежаданні следчых з намі супрацоўнічаць. Магу сказаць, што журналісты нядрэнна арыентаваліся ў тэме. Сам факт высылання расейскіх журналістаў мне здаецца жудасным. Я не вельмі разбіраюся ў працэдурах акрэдытацыі, але сам факт, што высылаюць журналістаў «саюзнай дзяржавы» здаецца дзіўным».

Нагадаем, што патрабаванне раскрыць усю праўду аб знікненні лідэраў беларускай апазіцыі ўтрымліваецца ў рэзалюцыях Камісіі ААН па правах чалавека, Парламенцкіх асамблей Рады Еўропы і АБСЕ.

Шэрагу высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, у прыватнасці экс-міністру ўнутраных спраў Уладзіміру Навумаву, былому сакратару Савета бяспекі Віктару Шэйману, былому кіраўніку МУС Юрыю Сівакову і экс-камандзіру СОБРа Дзмітрыю Паўлічэнка забаронены ўезд у краіны Еўразвязу і ЗША з-за падазрэнняў у іх датычнасці да выкраданняў апазіцыянераў.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках