27 снежня 2024, Пятніца, 10:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міжнародныя эксперты: «Беларусі прыйдзецца знішчыць цэлыя галіны эканомікі»

22

Каб выжыць у крызіс, беларускай прамысловасці неабходна адмовіцца ад бесперспектыўных вытворчасцяў.

Вядучыя эканомікі зараз спрабуюць замацаваць за сабой рынкі на паслякрызісны перыяд: Кітай укладае велізарныя сродкі ў краіны Афрыкі, Еўразвяз рэалізуе праект «Усходняе партнёрства». Як сцвярджае «Заўтра тваёй краіны», рэальнаму сектару Беларусі, каб выжыць і злавіць сваю нішу, неабходна пераглядзець галіновы пералік у бок рэзкага скарачэння.

З аднаго боку, вырабляць усё ўнутры сваёй краіны ва ўмовах глабалізацыі немагчыма.

«Калі дзяржава імкнецца да таго, каб нацыянальны прадукт на 100 % складаўся з дададзенага кошту самой краіны – гэта істотны крок назад», -- кажа галоўны эканаміст Кільскага інстытута сусветнай эканомікі (Нямеччына) Маціяс Люке.

Развітыя краіны яшчэ ў 80-я годы мінулага стагоддзя сталі пазбаўляцца ад неэфектыўнага баласта. У Японіі, напрыклад, пайшлі на знішчэнне цэлых галін, каб за кошт вузкай спецыялізацыі заняць сваю нішу ў сусветнай эканоміцы.

За апошняе дваццацігоддзе схемы індустрыяльнай спецыялізацыі ў свеце становяцца ўсё больш інтэрнацыянальнымі, адзначае Маціяс Люке. Адбываецца далейшая фрагментацыя вытворчасці. Гэты працэс не абміне і Беларусь, калі яна хоча ўпісацца ў сусветную эканоміку.

З іншага боку, прызнае міжнародны эксперт, магчымасці прарыву краіны на замежныя рынкі ў сітуацыі, калі большасць дзяржаў абараняюць свае нацыянальныя інтэрасы, вельмі абмежаваныя. Эканамічны крызіс толькі паспрыяў таму, што свет накрыла хваля пратэкцыянізму. Па дадзеных Сусветнага банка, васемнаццаць дзяржаў G20 так ці інакш ужываюць ахоўныя меры, падвышаюць мытныя пошліны, павялічваюць экспартныя субсідыі.

«Ланцужная рэакцыя, якую выклікае ўвядзенне пратэкцыянісцкіх мер, -- скарачэнне аб'ёмаў гандлю, рост коштаў, затаварванне складоў, разбурэнне гандлёвых адносін. І гэта негатыўныя наступствы эканамічнага крызісу», -- канстатуе дэкан факультэта міжнародных эканамічных адносін Беларускага дзяржаўнага эканамічнага факультэта Галіна Шмарлоўская.

Па прагнозах СГА, аб'ём сусветнага гандлю сёлета скароціцца на 10 адсоткаў. Гэта будзе самае вялікае падзенне за апошнія 60 год.

У той жа час за пяць месяцаў бягучага года беларускі экспарт знізіўся на 48% у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам. Як лічыць Галіна Шмарлоўская, інструментам выхаду эканомікі з крызісу павінна стаць менавіта актывізацыя знешняга гандлю.

«Толькі гэта стымулюе эканамічны рост», -- упэўненая эканаміст.

Пасля крызісу Беларусі трэба будзе уступаць не ў абстрактную эканоміку, а ў сусветныя сеткавыя структуры, якія склаліся даўно. Як стаць для іх больш прывабнай?

«Для нас праблема абвастраецца неабходнасцю структурнай перабудовы эканомікі», -- кажа Галіна Шмарлоўская.

Іншымі словамі, трэба адмовіцца ад бесперспектыўных вытворчасцяў і зрабіць стаўку на тыя галіны, якія будуць запатрабаваныя сусветнай эканомікай.

Эксперты адзначаюць, што краінавая праграма выхаду з крызісу вельмі моцна залежыць ад рэфармавання рэальнага сектара эканомікі, якое прадвызначае экспартныя магчымасці краіны.

У Беларусі, сходзяцца ў меркаванні аналітыкі, варта ствараць буйныя інтэграваныя структуры кластарнага тыпу, удзельнічаць у працэсах зліцця і паглынання ў фінансава-прамысловых групах. Было б нядрэнна скарыстацца досведам новых індустрыяльных краін у развіцці фрагментарнай вытворчасці.

Гэта аксіёма, што жывымі і баяздольнымі выйдуць з крызісу толькі тыя прадпрыемствы, якія абновяць прадукцыю, якая выпускаецца, тэхналогіі, метады адміністравання, уступяць адно з адным у альянсы і ўвойдуць у вядучыя транснацыянальныя карпарацыі.

«У Беларусі ёсць пажаданні па мадэрнізацыі прамысловасці, але яны не рэалізуюцца, таму што ў нас недастаткова сваіх інвестыцый, няма распрацаваных айчынных тэхналогій. Усё гэта прыходзіць з замежнымі інвестыцыямі, -- лічыць эканаміст Леанід Злотнікаў. -- А замежныя інвестыцыі ў Беларусі ў агульным аб’ёме вельмі малыя. Прамыя замежныя інвестыцыі складаюць у аб'ёме інвестыцый у асноўныя фонды ўсяго 1-2 адсоткі, у той час як у Расеі – 16 адсоткаў».

Самае непрыемнае, падкрэслівае Леанід Злотнікаў, што ў нас знаходзяцца ў зачаткавым стане «працэсы рэструктурызацыі і кааперацыі, якія сёння называюць глабалізацыяй вытворчасці, а без гэтага няма канкурэнтаздольнасці».

Паміж тым, нядаўна на круглым стале ПРААН «Развіццё гандлю і прасоўванне экспарту ў сучасным свеце: перспектывы для Беларусі» у Менску намміністра замежных спраў Беларусі Андрэй Еўдачэнка адзначыў, што «беларуская прадукцыя, можа быць, не самая прыгожая і не самай лепшай якасці, але гэта добрая і надзейная прадукцыя. Яна абсалютна канкурэнтная ў супастаўленні кошту і якасці».

Па словах дыпламата, беларускую прадукцыю добра бяруць у расейскіх рэгіёнах, беларускія камбайны пастаўляюцца ў Чэхію, трактары – у Нямеччыну і Вялікабрытанію.

«Гэта ўжо зусім не той тавар, якім ён быў дзесяць і нават два гады таму», -- лічыць Андрэй Еўдачэнка.

І усё ж, па перакананні Маціяса Люке, далейшая фрагментацыя вытворчасці ў свеце будзе нарастаць таксама, як і спецыялізацыя рэгіёнаў у адпаведнасці з наяўнымі перавагамі той ці іншай краіны.

«Інтэграваныя высілкі, новыя схемы прамысловага развіцця і прамысловай спецыялізацыі на глабальным і рэгіянальным узроўні -- гэта прыярытэт», -- настойвае эксперт.

Як знайсці сваё месца ў наступнай глабальнай спецыялізацыі і ў новых схемах -- пытанне для Беларусі.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках