24 снежня 2024, aўторак, 19:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускі дыктатар у чарговы раз напляваў на Еўропу

139
Беларускі дыктатар у чарговы раз напляваў на Еўропу

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што не мае намеру вызваляць палітычных вязняў і праводзіць свабодныя выбары.

«Еўропе трэба разумець, калі яны хочуць нармалёва будаваць адносіны з Беларуссю, то давайце сур’ёзна паводзіць сябе ў дачыненні адно да аднаго», - заявіў Лукашэнка падчас паездкі ў Віцебскую вобласць.

«Мы гатовыя весці дыялог з Еўразвязам па ўсіх пытаннях. Здаецца нядрэнна ідзе гэты дыялог», - сказаў Лукашэнка. Пры гэтым ён заявіў: «Скажу пра адну праблему. Калі будуць нам ставіць умовы і разлічваць, што, нібы, Лукашэнку няма куды падзецца, як калісьці Расея думала, што ў іх з Расеяй дрэнныя адносіны, то нічога не атрымаецца». «У нас добрыя з Расеяй адносіны, выдатныя ў нас з Расеяй адносіны. У нас ёсць праблемы - гэта так. Але хто нічога не робіць, у таго праблем няма», - сказаў беларускі кіраўнік.

У сувязі з гэтым, па яго словах, «калі хтосьці на Захадзе думае, што ў нас з Расеяй сапсаваліся адносіны, і мы Лукашэнку падкруцім, і ён усіх злачынцаў з турмаў павыпускае, зламае заканадаўства, то яны памыляюцца!».

«Мы гатовыя на раўнапраўнай узаемавыгаднай аснове працаваць і з еўрапейцамі, і з амерыканцамі. Але разлічваць на сітуацыю, што падціснем, закруцім, і Лукашэнка на нешта пойдзе, калі на Захадзе разлічваюць, што шляхам нейкіх махінацый, мерапрыемстваў, гэтую ўладу можна адабраць у цяперашняй улады і апазіцыі перадаць, то таксама нічога не атрымаецца», - заявіў А.Лукашэнка.

«Я хачу, каб еўрапейцы вялі шчыры, прыстойны, сумленны дыялог, і не спрабавалі праз калена сагнуць і нахіліць нас. Мы ўсё роўна выжывем. У зямлянкі пойдзем, але суверэнітэт і нармалёвае жыццё людзям забяспечым», - заявіў Лукашэнка.

Нагадаем, што ў лістападзе сканчаецца выпрабавальны тэрмін, дадзены беларускім уладам Еўразвязам. У лістападзе, у залежнасці ад сітуацыі з дэмакратыяй у Беларусі, будзе вырашацца пытанне працягнення ці прыпынення санкцый ЕЗ у дачыненні да беларускага рэжыму. Улады Беларусі павінны вызваліць палітвязняў, спыніць рэпрэсіі супраць апазіцыі, даць свабоду СМІ і няўрадавым арганізацыям, унесці змены у Выбарчы кодэкс, каб у краіне стала магчымым правядзенне свабодных і дэмакратычных выбараў. Ні водная з гэтых умоў дагэтуль не выканана.

На наступным тыдні – паездка ў Сочы да Мядзведзева

Аляксандр Лукашэнка разлічвае на наступным тыдні ў Сочы сустрэцца з прэзідэнтам Расеі Дзмітрыем Мядзведзевым і абмеркаваць увесь комплекс двухбаковых адносін, у тым ліку шэраг складаных праблем.

«Яшчэ ў Кыргызстане мы дамовіліся з прэзідэнтам Расеі, што у хуткім часе нам трэба вызначыць парадак дня складаных пытанняў і абмеркаваць іх. Дзмітрый Анатольевіч запрасіў сустрэцца ў Сочы», - адзначыў беларускі кіраўнік, адказваючы на пытанне агенцтва «Інтэрфакс» падчас працоўнай паездкі ў Віцебскую вобласць.

«Думаю, на наступным тыдні такая сустрэча адбудзецца, і мы абмяркуем увесь спектр складаных пытанняў, якія не вырашаюцца», - сказаў Лукашэнка.

Пры гэтым беларускі кіраўнік выказаў пажаданне: «дамовіліся - давай зробім. Каб не было такога, што мы дамаўляемся, а дамоўленасці не рэалізоўваюцца паверхамі ніжэй». «Тады не будзе пагалосак, інсінуацый пра тое, куды пайшоў Лукашэнка», адзначыў кіраўнік дзяржавы.

«Трэба дамаўляцца і быць абавязковымі», падкрэсліў ён.

Нагадаем, ўчора стала вядома, што тэрмін правядзення запланаваных на 19 жніўня буйнамаштабных вучэнняў Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання (КСАР) Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) «Узаемадзеянне-2009» пераносіцца. Пагадненне аб стварэнні КСАР было падпісана 14 чэрвеня гэтага года ў Маскве на саміце АДКБ не ўсімі краінамі-удзельніцамі – Беларусь праігнаравала ўдзел у дакуменце. Менск адмовіўся падпісваць дакумент з-за так званай «малочнай вайны», якая разгарэлася ў той перыяд паміж Расеяй і Беларуссю. Тым не менш, усе неабходныя дамоўленасці па КСАР тады былі дасягнутыя, а Дзмітрый Мядзведзеў паведаміў, што Беларусь далучыцца да дакумента пазней.

Напісаць каментар 139

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках