24 лiстапада 2024, Нядзеля, 21:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вернікі «Новага жыцця» чакаюць сілавога захопу храма (Фота)

15

У будынку храма менскай пратэстанцкай царквы «Новае жыццё» 20 жніўня ў 19:00 стартаваў музычны марафон у знак салідарнасці з вернікамі.

Паводле рашэння суду, вернікі «Новага жыцця» павінны былі вызваліць будынак храма да канца працоўнага дня 20 жніўня. У знак пратэсту супраць дзеянняў уладаў пратэстанцкія супольнасці Беларусі падтрымалі вернікаў «Новага жыцця» і абвесцілі пра пачатак 26-гадзіннага музычнага марафона ў будынку храма. Марафон працягнецца да 21:00 21 жніўня.

Як паведамляе «Радыё Свабода», пасля пачатку марафона судовыя выканаўцы так і не з'явіліся. Пляцоўка каля храма ў чацвер увечары была застаўленая аўтамабілямі. Спецыяльны аўтобус адвозіў вернікаў у царкву са станцыі метро «Каменная горка».

Людзі маліліся, спявалі. У кожнай пратэстанцкай супольнасці ёсць свая музычная група. Усе яны прыехалі ў будынак храма «Новага жыцця».

Нагадаем, што ў 2005 годзе менскія гарадскія ўлады спачатку пазбавілі вернікаў «Новага жыцця» зямельнага ўчастку, а затым і будынка, які яны набылі і адрамантавалі за свае грошы. У 2006 годзе ў знак пратэсту вернікі «Новага жыцця» праводзілі галадоўку, якую падтрымалі іншыя супольнасці. Пастара выклікалі ў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі і папрасілі спыніць галадоўку, паабяцаўшы вырашыць усе пытанні ў судзе. Суд доўжыўся 3 гады і ў выніку вынес рашэнне адабраць у вернікаў храм.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, сёння раніцай судовыя выканаўцы могуць прыйсці да будынка «Новага жыцця» ужо з прадстаўнікамі сілавых структураў. Пастар царквы Вячаслаў Ганчарэнка заявіў, што вернікі не пакінуць храм.

20 жніўня 50 пастараў накіравалі зварот да Аляксандра Лукашэнкі з патрабаваннем спыніць пераслед вернікаў-пратэстантаў.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках