28 снежня 2024, Субота, 8:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Воплі Відоплясова» выступалі пад бел-чырвона-белым сцягам (Фота)

6
«Воплі Відоплясова» выступалі пад бел-чырвона-белым сцягам (Фота)

Падчас выканання хіта «Вясна» на рок-фэсце «Be Free» Алег Скрыпка разгарнуў нацыянальны беларускі сцяг.

23 жніўня на чарнігаўскім фэсце Be Free выступілі Лена Іванова (Чарнігаў), Glofira (Гомель), Hair Peace Salon (Менск), Tarpach (Менск), «Назад Шляху Немає» (Кіеў), LitvinTroll (Менск), Imprudence (Менск), Zero-85 (Польшча), ULIS (Менск). Завяршылі другі дзень фэсту хэдлайнеры – гурт «Воплі Відоплясова».

Заключны дзень фэсту не пацешыў надвор'ем. Аднак выступ украінскага гурта «Воплі Відоплясова» згладзіў капрызы надвор'я, паведамляе «Еўрарадыё».

«Воплі Відоплясова» з'явіліся на сцэне з украінскай «купалінкай» – песняй «Маруся раз, два, тры». З'яўленне гурта было абстаўлена самым загадкавым чынам: ахова, чырвоныя берэты, камеры, аўтамабілі з таніраваным шклом.

Сам выступ хэдлайнераў, па прызнанні гледачоў, быў цікавым і відовішчным, з элементамі шоў. Голас лідэра «Воплі Відоплясова» Алега Скрыпкі гучаў над фэставым полем. Вакаліст выконваў вершы і песні. Алег Скрыпка пытаў у гледачоў, як будзе па-беларуску слова «так» і спрабаваў размаўляць на беларускай мове.

У канцы ж свайго выступу Алег Скрыпка разгарнуў бел-чырвона-белы і ўкраінскі сцягі і выканаў хіт «Вясна».

Чарнігаў стаў трэцім горадам, дзе праводзіцца гэты фэст. У мінулыя гады ён праходзіў у Луцку і Львове і прыцягваў да ўдзелу такія вядомыя групы, як «Гайдамакі», «Тартак» (Украіна), Neuro Dubel, «Крама» (Беларусь), Metanoia (Польшча), а колькасць гледачоў фэсту дасягала 10 тысяч чалавек.

Арганізатары фэсту — «Беларуская музычная альтэрнатыва», ініцыятыва «Студфармат» і «Еўрапейскае радыё для Беларусі» — запрасілі на фэст 20 маладых і вядомых гуртоў з Беларусі, Украіны, Польшчы і Францыі.

Партнёрамі Be Free ва Украіне з'яўляюцца Чарнігаўскі рок-клуб і Чарнігаўскі грамадзянскі камітэт абароны правоў чалавека. Акрамя таго, акцыю ўзяла пад патранат мэрыя Чарнігава.

Як паведаміў кіраўнік праекта «Беларуская музычная альтэрнатыва» Віталь Супрановіч, мэтай фэсту з'яўляецца аб'яднанне лепшых рок-праектаў і аматараў рок-музыкі з краін-суседзяў пад ідэяй свабоды творчасці і самавыяўлення, а таксама прыцягненне ўвагі да сучаснай рок-сцэны Беларусі.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках