25 снежня 2024, Серада, 16:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады папрасілі ў Расеі велізарны крэдыт на АЭС

10

Беларускі ўрад звярнуўся да ўрада Расеі з просьбаю аб прадстаўленні 9-мільярднага крэдыту.

Пра гэта паведаміў журналістам дырэктар дэпартамента па ядзернай энергетыцы беларускага Мінэнерга Мікалай Груша.

Як піша РИА «Новости», «за подпісам прэм'ер-міністра Беларусі Сяргея Сідорскага на імя старшыні ўрада РФ Уладзіміра Пуціна накіраваны ліст, у якім беларускі бок просіць разгледзіць пытанне аб прадстаўленні крэдыту на 9 мільярдаў даляраў на будаўніцтва АЭС і стварэнне неабходнай прамысловай, транспартнай, жыллёвай інфраструктуры», - сказаў кіраўнік дэпартамента.

«Адной з умоў выбару расейскага праекту на бестэндэрнай аснове з'яўляецца тое, што Расея вылучыць крэдыт на будаўніцтва АЭС. Зыходзячы з досведу працы ЗАТ «Атамбудэкспарт» за мяжой, падрадчык фінансуе 85% будаўнічых прац, заказчык - 15%. Але ўлічваючы нашы саюзныя адносіны, Расея гатовая падаць 100-адсоткавы крэдыт на будаўніцтва атамнай электрастанцыі», - сказаў Груша.

Пры гэтым ён таксама праінфармаваў, што беларускі бок узяў за ўзор Новаваронежскі і Ленінградскі тып АЭС. «На пачатак цяперашняга года кошт узвядзення двух энергаблокаў па тыпу гэтых станцый складае каля 6 мільярдаў даляраў. Расейскі бок разлічвае, што кошт двух энергаблокаў беларускай АЭС складзе 6-6,5 мільярдаў даляраў», - сказаў Груша.

Пры гэтым Груша паведаміў, што беларускі бок настойвае на тым, каб расейскі бок таксама фінансаваў будаўніцтва неабходнай інфраструктуры, прамысловай базы.

«У сувязі з гэтым з 9 мільярдаў запытанага крэдыту 6-6,5 мільярдаў даляраў павінны пайсці на будаўніцтва АЭС, а астатнія сродкі - на фінансаванне збудавання неабходнай інфраструктуры», - сказаў Груша.

Міністр фінансаў РФ Аляксей Кудрын паведаміў на мінулым тыдні, што Беларусь папрасіла ў Расеі на будаўніцтва гэтай АЭС крэдыт у памеры 9 мільярдаў даляраў. Беларускі прэм'ер-міністр Сяргей Сідорскі заяўляў, што праект пагаднення паміж Масквой і Менскам аб будаўніцтве атамнай электрастанцыі ў Беларусі будзе падрыхтаваны ў верасні 2009 года.

Паводле пратакола дамоўленасцяў, дасягнутых па выніках візіту дэлегацыі дзяржкарпарацыі «Расатам» у Беларусь у студзені 2009 года, генеральным падрадчыкам першай беларускай атамнай электрастанцыі выступіць ЗАТ «Атамбудэкспарт», якое будзе ажыццяўляць будаўніцтва АЭС «пад ключ». Мяркуецца, што станцыя будзе складацца з двух энергаблокаў магутнасцю больш за тысячу Мвт. Паведамлялася, што будаўніцтва АЭС «пад ключ» у базавым варыянце ацэньваецца ў 4 мільярды эўра. Мяркуецца, што для будаўніцтва першай АЭС у Беларусі можа прыцягвацца як дзяржаўнае, так і прыватнае фінансаванне.

У Беларусі плануецца пабудаваць АЭС з увядзеннем першага энергаблока ў 2016 годзе, другога - у 2018 годзе. Для размяшчэння станцыі абраная Астравецкая пляцоўка ў Гарадзенскай вобласці.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках