25 снежня 2024, Серада, 18:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка паабяцаў Мядзведзеву «усё падпісаць» у хуткім часе

27
Лукашэнка паабяцаў Мядзведзеву «усё падпісаць» у хуткім часе

Аляксандр Лукашэнка, паводле расейскіх СМІ, вырашыў вярнуцца да ўдзелу ў Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы «без асаблівых умоваў».

У мінулыя выходныя на беразе Ісык-Куля ў кыргызскім мястэчку Чалпон-Аце прайшоў саміт АДКБ і расейска-кыргызскія перамовы. Дасягненнем саміту можна было лічыць ужо тое, што яго не прапусціў ніхто з прэзідэнтаў краінаў «сямёркі» (у АДКБ уваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызтан, Расея, Таджыкістан і Узбекістан), хоць ён і быў заяўлены як нефармальны. На Ісык-Кулі пабываў нават Аляксандр Лукашэнка, які адмовіўся ў чэрвені наведаць саміт АДКБ у Маскве і фактычна заблакаваў тады стварэнне КСАР. Лукашэнка вызначыўся і гэтым разам: прэс-служба прэзідэнта Беларусі назвала яго паездку ў Чалпон-Ату «працоўным візітам» у Кыргызтан, быццам бы падкрэсліваючы адасобленасць ад блокавых справаў.

Так ці інакш, але нефармальныя стасункі сямі прэзідэнтаў скончыліся дасягненнем цалкам афіцыйных дамоўленасцяў. Як піша «Коммерсант», Масква і Бішкек дамовіліся аб адкрыцці ў Кыргызтане яшчэ адной расейскай ваеннай базы, якая, як патлумачыў памочнік прэзідэнта РФ Сяргей Прыходзька, будзе выкарыстоўвацца менавіта для патрэбаў КСАР. Адпаведны мемарандум у суботу падпісалі Мядзведзеў і Бакіеў, вырашыўшы, што ўмовы размяшчэння ваеннай базы на поўдні Кыргызтана і яе статус будуць замацаваныя ў пагадненні, якое бакі падпішуць 1 лістапада гэтага года. Яно будзе заключанае на 49 гадоў з магчымасцю аўтаматычнага падаўжэння на 25-гадовы перыяд.

Нароўні з удалымі для Масквы перамовамі з Курманбеком Бакіевым, Дзмітры Мядзведзеў, як высветліў «Коммерсант», з карысцю для АДКБ пагутарыў з Аляксандрам Лукашэнкам, які дагэтуль не падпісаў пагадненне аб стварэнні КСАР, што прасоўваецца Расеяй. Станоўчы фон для гэтага стварыў галоўны санітарны ўрач РФ Генадзь Анішчанка. Перад самітам у Чалпон-Аце ён заявіў, што пасля 1 жніўня праблемаў з пастаўкамі беларускай малочнай прадукцыі ў Расею не ўзнікне. «Асноўныя аб'ёмы паставак, асноўныя віды прадукцыі, якія пастаўляліся і вядомыя на расейскім рынку, прайшлі сертыфікацыю. Ніякіх збояў, ступару не будзе»,— запэўніў Анішчанка.

У выніку, піша «Коммерсант», Аляксандр Лукашэнка паабяцаў не толькі пры першай магчымасці падпісаць пагадненне па КСАР, але і заступіць на пасаду старшыні АДКБ, які Менск павінен быў заняць яшчэ падчас чэрвеньскага саміту ў Маскве.

«Аляксандр Лукашэнка не прапусціў выпадка паразмаўляць з калегамі пра свае мяса-малочныя праблемы, хаця АДКБ не тая пляцоўка, дзе варта абмяркоўваць харчовыя пытанні. Але пры гэтым нас ён запэўніў у тым, што ў хуткім часе Беларусь вернецца да паўнавартаснай працы ў межах АДКБ. Усё будзе падпісана на найбліжэйшым мерапрыемстве ў межах «сямёркі»,— паведаміла крыніца «Коммерсанта» у расейскай дэлегацыі. Ён таксама адзначыў, што Лукашэнка не стаў нічога падпісваць на беразе Ісык-Куля з адной прычыны: «каб ні ў кога не склалася ўражання, што Беларусь прагнулася пад ціскам Расеі». Пры гэтым, па словах суразмоўцы, гаворкі пра нейкі размен — КСАР у абмен на расейскі крэдыт у $500 млн — не было. «Ніякіх дадатковых умоваў Лукашэнка нам не высоўваў»,— запэўніла крыніца.

Тое, што Менск рыхтуецца аднавіць працу ў межах АДКБ, пацвердзіў і Сяргей Лаўроў. Падводзячы вынікі саміту ў Кыргызтане, міністр паведаміў, што Расея «будзе працягваць тэхнічнае старшыяванне ў АДКБ у чаканні таго моманту, калі Беларусь будзе гатовая ўзяць на сябе паўнавартасныя функцыі старшыявання». Паводле яго словаў, беларускі кіраўнік заявіў, што «гэтае пытанне разглядаецца і адпаведныя рашэнні будуць прынятыя своечасова».

Аляксандру Лукашэнка ўжо ў хуткім часе надарыцца магчымасць выканаць свае абяцанні. У жніўні ў Казахстане стартуюць першыя ваенныя вучэнні КСАР, якія працягнуцца да сярэдзіны восені. Прэзідэнты краінаў АДКБ плануюць асабіста паназіраць за іх актыўнай фазай — яна пачнецца 14 кастрычніка.

Зрэшты, падпісаць пагадненне Лукашэнка зможа значна раней. Увосень у Беларусі пройдуць сумесныя з Расеяй маштабныя ваенныя вучэнні з пагрозлівай назвай «Захад-2009». Іх план быў зацверджаны ў красавіку, прычым міністр абароны РФ Анатоль Сердзюкоў назваў іх «найбуйнейшым мерапрыемствам сумеснай аператыўнай падрыхтоўкі ўзброеных сілаў з моманту стварэння «саюзнай дзяржавы». У гэтай сувязі ў адміністрацыі прэзідэнта РФ дапусцілі, што гэта магло б стаць падставай для сустрэчы прэзідэнтаў Расеі і Беларусі, на якой беларускаму кіраўніку было б да месца падпісаць адхілены ім у чэрвені дакумент аб КСАР.

КСАР будуць складацца з вайсковага кантынгенту (высокамабільных частак і злучэнняў дзяржаваў-чальцоў АДКБ, абсталяваных сучаснымі і сумяшчальнымі ўзбраеннем і тэхнікай) і фармаванняў спецыяльнага прызначэння, куды ўвойдуць спецпадраздзяленні праваахоўных органаў, службаў бяспекі і органаў па папярэджанні і ліквідацыі наступстваў надзвычайных сітуацыяў.

Незалежныя эксперты ўпэўненыя, што КСАР ствараецца, у першую чаргу, для задушэння выступаў дэмакратычнай апазіцыі ў краінах-удзельніцах Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках