26 снежня 2024, Чацвер, 7:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Заіка: «Падчас пажару людзі робяць вельмі жахлівыя рэчы»

24

Незалежныя эксперты заяўляюць, што сітуацыя з пастановай Саўміна №991 «патрабуе псіхіятра».

Тлумачэнні Сяргея Сідорскага пра тое, што злашчасная пастанова №991 рэгулюе вытворча-гаспадарчую дзейнасць толькі дзяржпрадпрыемстваў і ААТ з доляй дзяржавы ў статутным фондзе наўрад ці маглі прынесці палёгку бізнэс-супольнасці. Каля 75% беларускіх прадпрыемстваў — дзяржаўныя, — распавёў сайту www.udf.by кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка.

Паводле словаў эксперта, пасля прыняцця пастановы Саўміна №911 прыватны аптовы гандаль быў пастаўлены «на мяжу фола». «Ён не павінны быў наогул выжыць пасля гэтага», — канстатуе эканаміст.

Пастанову №991 Леанід Заіка ахарактарызаваў як познюю і няўмелую спробу разгрузіць склады.

«Сама гэтая пастанова патрабуе псіхіятра, таму што сядзелі са студзеня месяца, пакуль таварныя запасы раслі проста на вачох. А цяпер прымаюць такую пастанову на фоне таго, што ў Заходняй Еўропе наогул усе склады ачысцілі. Я быў у Нямеччыне, у Польшчы, і ў Чэхіі — там масавыя распродажы, усё ідзе з малатка. А тут у Беларусі ўзяліся ствараць нейкі дзіўны аптовы гандаль. Гэта позна ўжо і няўмела», -- заяўляе эксперт.

Урад павёў сябе, як пры пажары, і выступы чыноўнікаў зрабілі жаласнае ўражанне, кажа Леанід Заіка.

«Што датычыць выступаў Зайчанкі і Сідорскага, на мяне яны зрабілі дастаткова жаласнае ўражанне. Людзі проста фармальна кажуць пра тое, што нешта рабіць трэба. Лукашэнка будзе правяраць таварныя запасы, а яны будуць рабіць выгляд, што яны нешта рухаюць, нейкія цюкі, нейкія вагоны кудысьці піхаюць сваімі мужнымі міністэрскімі плечамі. Гэта нараджае такую ацэнку прафесійную: сітуацыя стрэсу. Гэтая сітуацыя, калі ўрад і міністры — усе як пры пажары. Калі адбываецца пажар, людзі робяць вельмі жахлівыя рэчы. Ведаеце, што выносяць пры пажары ў першую чаргу? Самавары, падушкі... Такі вось самавар і атрымаўся», -- заяўляе эканаміст.

Нагадаем, што 4 жніўня Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад прэм'ер-міністра Сяргея Сідорскага «неадкладна разабрацца» з 991-й пастановай. Увечары таго ж дня стала вядома, што Савет міністраў адмяніў гэты дакумент. Па словах бізнэсмэнаў, за дні вымушанага прастою з-за прынятай пастановы №991 беларускія кампаніі панеслі страты ад 5 да 100 тысячаў даляраў.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках