26 снежня 2024, Чацвер, 7:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пастановай №991 зацікавіўся КДБ

14

За патрабаванне адмяніць скандальную пастанову суд Маскоўскага раёна аштрафаваў актывіста «Маладога фронту» на буйную суму.

Сума штрафу склала 30 базавых велічыняў ці 1 мільён 50 тысяч рублёў. Акрамя таго, Алег Валатоўскі павінен заплаціць 500 тысячаў беларускіх рублёў кампенсацыі прадпрыемству ЖКГ «Партызанская».

«Безумоўна, Алег будзе падаваць апеляцыю на рашэнне раённага суда, -- заявіла юрыст «Маладога фронту» Наста Лойка, -- заклік да адмены ўрада на бетоннай пліце такіх грошай не каштуе. Зыходзячы з таго, што абсурдная пастанова №991 пакуль што адменена, максімум - можам дапамагчы камунальнікам зафарбаваць надпіс».

Актывіст «Маладога фронту» Алег Валатоўскі быў затрыманы ўначы 5 жніўня ў раёне чыгуначнага вакзалу Менска, калі ён зрабіў на бетоннай пліце надпісы: «Не пастанове №991» і «Урад у адстаўку». Супрацоўнікі міліцыі склалі адміністрацыйны пратакол за псаванне прыватнай маёмасці. Алега Валатоўскага пратрымалі ў аддзяленні міліцыі 10 гадзінаў і адпусцілі толькі ўдзень. У інтэрв'ю www.charter97.org моладзевы актывіст распавёў, што, акрамя міліцыянтаў, яго таксама дапытваў супрацоўнік КДБ.

«Мяне затрымалі ў 4 гадзіны раніцы на чыгуначных шляхах і пратрымалі ў аддзяленні міліцыі каля дзесяці гадзінаў, -- распавядае www.charter97.org Алег Валатоўскі. -- Там са мной размаўляў шмат хто, супрацоўнікі міліцыі хамілі. Таксама адбылася размова з супрацоўнікам КДБ. Ён распытваў, чым я займаюся, дзе вучуся, ці вядомыя мне такія людзі як Дашкевіч, Хведарук, Шыла. У дачыненні да мяне склалі пратакол за псаванне прыватнай маёмасці. Шмат якія супрацоўнікі міліцыі ў асабістай гутарцы прызнаваліся, што, калі б я напісаў на сцяне «Коля+Таня», нічога б не было. А так - палез у палітыку... У 15:00 павязуць у суд».

Нагадаем, што 28 ліпеня ў Беларусі ўступіла ў сілу пастанова Саўміна №991, якая адмяняе інстытут пасярэднікаў. Паводле пастановы, усе юрасобы павінны набываць тавары толькі ў непасрэдных вытворцаў ці ў афіцыйных гандлёвых прадстаўнікоў.

Кіраўнік урада Сяргей Сідорскі прывёў аргументы на карысць забароны пасярэднікаў. Паводле яго словаў, розніца ў кошце на адзін і той жа тавар, які набываюць беларускія прадпрыемствы на тэрыторыі рэспублікі, складае ад 30% да 260%.

4 жніўня Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад прэм'ер-міністра «неадкладна разабрацца» з 991-й пастановай. Увечары таго ж дня стала вядома, што Савет міністраў адмяніў гэты дакумент. Па словах бізнэсмэнаў, за дні вымушанага прастою з-за прынятай пастановы №991 беларускія кампаніі панеслі страты ад 5 да 100 тысячаў даляраў.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках