25 снежня 2024, Серада, 4:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праўкі ў Выбарчы кодэкс разгледзіць нелегітымная «палатка»

33
Праўкі ў Выбарчы кодэкс разгледзіць нелегітымная «палатка»

Пра гэта паведаміла старшыня беларускага Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына.

У «палату прадстаўнікоў» будуць пададзеныя прапановы па змене выбарчага заканадаўства. Ярмошына нагадала, што пасля «парламенцкіх выбараў» у верасні 2008 года паміж АБСЕ і Беларуссю было дасягнутае пагадненне аб сумеснай ацэнцы беларускага выбарчага заканадаўства і выпрацоўцы прапановаў па яго змене. У Беларусі гэтым займаўся Нацыянальны цэнтр законапраектнай дзейнасці, куды ўваходзяць эксперты ЦВК.

У дадзены момант «узгодненыя навэлы» разглядаюцца ведамствамі Беларусі, чые інтэрасы будуць закранутыя, калі выбарчае заканадаўства зменіцца, сказала кіраўнік ЦВК.

Ярмошына выказала зацікаўленасць у ацэнцы экспертаў АБСЕ, каб прапановы «У першы ж час не выклікалі крытыку з боку» гэтай арганізацыі. «Таму што навошта змяняць закон, калі пры правядзенні чарговай выбарчай кампаніі прыедуць эксперты ці назіральнікі ад АБСЕ і ізноў раскрытыкуюць яго», — заявіла кіраўнічка ЦВК.

Пры гэтым яна нагадала, што для змены заканадаўства «меркаванне АБСЕ не патрабуецца».

Кіраўнічка ЦВК не стала ўдакладняць канкрэтныя прапановы да з'яўлення «канчатковага праекту, узгодненага беларускімі ведамствамі і АБСЕ».

У сваю чаргу ў інтэрв'ю БелаПАН прэс-сакратар БДІПЧ АБСЕ Енс-Хаген Эшэнбехер паведаміў, што бюро зараз чакае праекту прапановаў беларускіх уладаў, каб ацаніць «магчымыя паляпшэнні выбарчай сістэмы Беларусі з пункту гледжання абавязальніцтваў АБСЕ».

Эшенбехер адзначыў, што бакі абмяркоўваюць магчымыя змены ў Выбарчы кодэкс Беларусі, заснаваныя на выніковым дакладзе БДІПЧ АБСЕ па выніках «парламенцкіх выбараў» у 2008 годзе. Па словах прэс-сакратара, БДІПЧ «даў выразна зразумець, што ён [працэс рэфармавання беларускага выбарчага заканадаўства] павінен уключаць усе зацікаўленыя бакі, якія прымаюць удзел у выбарах, — урад, палітычныя партыі і грамадзянскую супольнасць».

Нагадаем, што Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ у дакладзе па выніках «парламенцкіх выбараў», якія прайшлі ў Беларусі ўвосень 2008 года, заявіла, што «выбары» не адпавядалі стандартам АБСЕ.

Падчас «парламенцкіх выбараў» ніводзін з прадстаўнікоў апазіцыі ў новы склад «палаты прадстаўнікоў» не прайшоў.

У прыватнасці, лічаць прадстаўнікі БДІПЧ АБСЕ, выбарчае заканадаўства Беларусі не дае магчымасці для «сапраўднай палітычнай канкурэнцыі і роўнага стаўлення да кандыдатаў з боку ўладаў».

Як падкрэсліваюць эксперты, беларускае заканадаўства па-ранейшаму «перашкаджае правядзенню выбараў» у адпаведнасці з дэмакратычнымі стандартамі.

Эксперты адзначаюць, што Выбарчы кодэкс Беларусі «не забяспечвае празрыстага механізму захаванасці скрыняў з бюлетэнямі пасля пачатку датэрміновага галасавання, а таксама механізму абароны самога бюлетэня».

На думку экспертаў місіі, усё гэта «стварае магчымасці для фальсіфікацыяў».

Усе выбарчыя кампаніі, якія прайшлі ў Беларусі пры рэжыме Аляксандра Лукашэнкі, былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю несвабоднымі і несправядлівымі. Кіраўнічцы Цэнтравыбаркаму Беларусі Лідзіі Ярмошынай за фальсіфікацыю вынікаў выбараў забаронены ўезд у краіны Еўразвяза і ЗША.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках