24 снежня 2024, aўторак, 15:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітвязень Юры Лявонаў вызвалены з турмы

19
Палітвязень Юры Лявонаў вызвалены з турмы

Ваўкавыскага прадпрымальніка вызвалілі з менскага следчага ўвечары 8 жніўня. У турме яшчэ застаюцца палітвязні Мікалай Аўтуховіч і Уладзімір Асіпенка.

Пра вызваленне Юрыя Лявонава сайту www.charter97.org паведаміла дачка прадпрымальніка Юлія Лявонава.

«Учора ўвечары бацька прыйшоў дадому. Мы не маглі ў гэта паверыць. Вось так проста зазваніў дамафон, мы паднялі слухалку і пачулі голас бацькі. Зайшоўшы ў дом, ён проста сказаў: «Я прыйшоў дадому, мяне адпусцілі». Чаму яго вызвалілі, бацька пакуль не кажа. Думаю, што заўтра-паслязаўтра ён сам усё распавядзе журналістам. Упэўненая, што яму ёсць што распавесці», -- распавяла www.charter97.org дачка палітвязня.

Пра лёс арыштаваных разам з Юрыем Лявонавым прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча і Уладзіміра Асіпенкі пакуль нічога не вядома. Абодва працягваюць знаходзіцца ў СІЗА ГУУС №1 Менгарвыканкама.

Юры Лявонаў мог быць вызвалены пад падпіску аб невыяздзе. Пра гэта БелаПАН паведаміў яго адвакат Вадзім Мушынскі.

Па словах адваката, 8 жніўня мінуў чарговы тэрмін утрымання яго падабароннага пад вартай. Па законе гэты тэрмін маглі альбо падоўжыць, альбо вызваліць Лявонава з менскага следчага ізалятара № 1.

«Я звяртаўся з хадайніцтвам да намесніка генеральнага пракурора аб тым, каб Лявонаву была змененая мера стрымання з утрымання пад вартай на падпіску аб невыяздзе. Мусіць, гэтае хадайніцтва задаволілі», — сказаў Мушынскі. Адвакат таксама лічыць, што з Лявонава ўзялі падпіску аб неразгалошванні таямніцы следствы. «Такая падпіска была ўзятая з ўсіх адвакатаў, і, напэўна, з Лявонава таксама. Аднак на 100 адсоткаў сцвярджаць гэтага я не магу, паколькі з ім яшчэ не сустракаўся. Пра вызваленне Лявонава я сам даведаўся ад яго дачкі, якая патэлефанавала мне і паведаміла, што яе бацька знаходзіцца дома», — сказаў Мушынскі.

Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Уладзімір Асіпенка былі затрыманыя 8 лютага. 18 лютага прадпрымальнікам было прад'яўлена абвінавачванне па арт. 218 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці). 23 чэрвеня ў дачыненні да Аўтуховіча і, як паведаміла МУС, «іншых асобаў» узбуджаная справа па арт. 359 КК (тэрарыстычны акт) у выглядзе падрыхтоўкі (арт. 13). Затрыманыя знаходзяцца ў СІЗА № 1 Менска.

Тры месяцы, з 16 красавіка па 16 ліпеня Аўтуховіч праводзіў галадоўку, патрабуючы ў найкарацейшыя тэрміны альбо перадаць справу ў суд, альбо змяніць усім падследным меру стрымання з утрымання пад вартай на падпіску аб невыяздзе.

Праваабаронцы лічаць затрыманых палітычнымі вязнямі, звяртаючы ўвагу на тое, што Аўтуховіч і Лявонаў раней ужо былі асуджаныя і прызнаныя міжнароднай супольнасцю вязнямі сумлення.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках