24 лiстапада 2024, Нядзеля, 12:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Незалежныя прафсаюзы маюць намер правесці 7 кастрычніка мітынг

Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў і Прафсаюз працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасці правядуць акцыю ў межах Сусветнага дня барацьбы за годную працу.

У найбліжэйшыя дні заяўкі ад двух прафцэнтраў на правядзенне акцыі будуць накіраваныя ў Менгарвыканкам. Мітынг плануецца правесці 7 кастрычніка ў парку імя 50-годдзя Кастрычніка. Мяркуецца, што ў акцыі прымуць удзел да 500 чалавек.

Па словах лідэра БКДП Аляксандра Ярашука, Сусветны дзень барацьбы за годную працу штогод адзначаецца сябрамі Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў (МКП) і пазначаны ў каляндары МКП як адна з самых галоўных дат. Калі будзе атрыманы дазвол на правядзенне акцыі, яе арганізатары маюць намер запрасіць узяць удзел у мітынгу прадстаўнікоў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. «Калі актыў ФПБ пагодзіцца, то гэта будзе сведчыць пра тое, што ФПБ таксама заклапочана барацьбой за годную працу беларускіх працаўнікоў», - падкрэсліў Ярашук.

Ён выказаў надзею, што сталічныя ўлады дазволяць мітынг. «Мы разглядаем гэтую акцыю як тэст для ўладаў датычна таго, ці збіраюцца яны ісці далей па шляху выканання рэкамендацый Міжнароднай арганізацыі працы і ліквідацыі парушэнняў правоў незалежных прафсаюзаў, - сказаў Ярашук. – Гэты дзень адзначаецца ва ўсім свеце. Мы не самі яго выдумалі. І акцыі прафсаюзаў у гэты дзень адбываюцца ва ўсім свеце».

Паводле словаў Ярашука, у выпадку адмовы Менгарвыканкама БКДП і РЭП разгледзяць пытанне аб сваіх дзеяннях. «У нас складаецца меркаванне, што мы ў любым выпадку правядзем гэтую акцыю», - заявіў ён.

Ярашук таксама паведаміў, што ў апошнія месяцы «адбываецца працэс далучэння РЭП да БКДП», таму сумеснае правядзенне дадзенай акцыі стане «бачным сведчаннем жадання аб'яднацца».

Варта адзначыць, што летась мітынг у Сусветны дзень барацьбы за годную працу ўлады ў Менску праводзіць забаранілі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках