23 снежня 2024, панядзелак, 18:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзень беларускай салідарнасці і літоўскай ганьбы (Абноўлена, фота)

70
Дзень беларускай салідарнасці і літоўскай ганьбы (Абноўлена, фота)

Сёння літоўскія палітыкі вырашылі праявіць салідарнасць з беларускім народам. Дзеля гэтага яны запрасілі ў Вільню дыктатара Лукашэнку.

16 верасня ў Беларусі адзначаецца традыцыйны Дзень салідарнасці. У краіне і за мяжой пройдуць акцыі салідарнасці з палітычнымі вязнямі і памяці зніклых і рэпрэсаваных актывістаў апазіцыі.

Сёння дзесятая гадавіна знікнення віцэ-спікера Вярхоўнага Савета Беларусі Віктара Ганчара і бізнэсмэна, грамадскага дзеяча Анатоля Красоўскага.

Першы віцэ-спікер Вярхоўнага савета Беларусі 13 склікання, старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктар Ганчар і яго сябар, бізнэсмэн Анатоль Красоўскі бясследна зніклі ў Менску 16 верасня 1999 года.

Раней, таксама ў 1999 годзе, знік Юры Захаранка - экс-кіраўнік МУС Беларусі, які стаў апазіцыйным палітыкам. У 2000 годзе знік аператар ГРТ Дзмітры Завадскі.

Пра неабходнасць высветліць лёс зніклых беларускіх апазіцыянераў увесь час заяўляе міжнародная супольнасць. Патрабаванне раскрыць праўду пра іх знікненне ўтрымліваецца ў рэзалюцыях Камісіі ААН па правах чалавека, Парламенцкіх асамблеяў Рады Еўропы і АБСЕ.

Шэрагу высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, у прыватнасці экс-міністру ўнутраных справаў Уладзіміру Навумаву, былому сакратару Савета бяспекі Віктару Шэйману, былому кіраўніку МУС Юрыю Сівакову і экс-камандзіру САХРа Дзмітрыю Паўлічэнку забаронены ўезд у краіны Еўразвяза і ЗША з-за падазрэнняў у іх датычнасці да выкраданняў апазіцыянераў.

Тым не менш сёння Аляксандр Лукашэнка ўпершыню за шмат гадоў змог наведаць Еўрапейскі Звяз. На запрашэнне прэзідэнта Літвы ён адкрывае выставу «Беларусь ЭКСПА 2009» у Вільні. Раней за фальсіфікацыі вынікаў выбараў і рэферэндумаў, а таксама парушэнні правоў чалавека беларускаму кіраўніку быў забаронены ўезд у краіны ЕЗ.

Раніцай беларускі дыктатар сустрэўся з прэзідэнтам Літвы Даляй Грыбаўскайтэ. Вынікі іх перамоваў пакуль не агалошваюцца. Плануецца, што Лукашэнка сустрэнецца таксама з прэм'ер-міністрам Андрусам Кубілюсам.

Напярэдадні сваякі выкрадзеных беларускіх апазіцыянераў заклікалі прэзідэнта Літвы не запрашаць Лукашэнку ў Літву, паколькі «маюцца сур'ёзныя доказы, якія сведчаць пра датычнасць вышэйшых службовых асобаў дзяржавы да злачынных дзеянняў», і паколькі «улады Беларусі доўгі час дэманструюць нежаданне аб'ектыўна расследаваць справы аб выкраданні апазіцыянераў, ігнаруючы шматлікія патрабаванні беларускай і міжнароднай грамадскасці».

«Сустрэча прэзідэнта і прэм'ер-міністра Літвы з дыктатарам Лукашэнкам, якая плануецца, агаломшвае. Такога ніхто не чакаў. Тым больш, што сустрэчы пройдуць у Дзень беларускай салідарнасці, у дзесятую гадавіну выкрадання і забойства Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Складана сказаць, хто больш амаральны: менскі амапавец, які б'е дубінкай маладую апазіцыянерку па галаве ці вышэйшыя кіраўнікі Літвы, якія дапамагаюць дыктатару атрымаць новыя крэдыты на ўтрыманне карных атрадаў, эскадронаў смерці і правядзенне сумесных з Расеяй ваенных вучэнняў», -- заявіў у інтэрв'ю сайту www.charter97.org каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка.

16 верасня, у 18.00 дэмакратычныя сілы маюць намер правесці на Кастрычніцкай плошчы Менска акцыю памяці зніклых лідэраў апазіцыі. У акцыі прымуць удзел дэпутаты Вярхоўнага Савета Беларусі 12 і 13 скліканняў, родныя і блізкія Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, актывісты апазіцыйных палітычных партыяў, моладзевых і грамадскіх арганізацыяў, а таксама простыя менчукі.

Фота president.lt

Напісаць каментар 70

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках