Бельгійскія фермеры вылілі на палі амаль тры мільёны літраў малака (Фота)
13- 18.09.2009, 14:16
Акцыя пратэсту была накіравана супраць зніжэння закупачных коштаў на малако і малочныя прадукты.
Бельгійскія фермеры вылілі тры мільёны літраў малака на поле ў раёне горада Сіне ва франкамоўнай частцы краіны, паведамляе сайт «Еўрапейская Беларусь» са спасылкай на «Euronews».
Нягледзячы на тое, што асноўныя прафсаюзы не падтрымалі аграрыяў, з пятніцы сельгасвытворцы пачалі шырокамаштабны страйк, адмовіўшыся пастаўляць малако ў гандлёвыя сеткі краіны.
«Мы праводзілі акцыі пратэсту ў Валоніі ўсе выходныя, а сёння мы прывезлі сюды столькі малака, сколькі ў Валоніі вырабляецца за дзень. І калі прафсаюзы не хочуць нам дапамагчы, абыйдземся без іх», – заявіў адзін з бельгійскіх фермераў.
За апошні год закупачныя кошты на многія віды сельгаспрадукцыі рэзка знізіліся. Перадусім, гэта закранула малочную гаспадарку.
Еўрапейскія аграрыі патрабуюць абмежаваць вытворчасць малочнай прадукцыі ў ЕЗ, увесці нацыянальныя квоты на вытворчасць малака і адмовіцца ад палітыкі Еўразвяза па паступовай адмене квотаў на сельскагаспадарчую прадукцыю да 2015 года.


