26 снежня 2024, Чацвер, 7:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эканоміка ў ступары: адміністрацыйныя меры экспарту не дапамагаюць

21

Экспарт застаецца адной са шматлікіх болевых кропак беларускай адміністрацыйна-каманднай эканомікі.

Па дадзеных Белстата, за студзень-ліпень 2009 г. экспарт тавараў склаў 11 млрд. даляраў. Яго коштавы аб'ём у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года ў фактычных коштах зменшыўся на 46,1%, або на 9,5 млрд. даляраў (па імпарце, адпаведна, на 34,9%, ці на 8,2 млрд. даляраў), пішуць «Беларускія навіны».

Асноўнай праблемай беларускага экспарту застаецца коштавая неканкурэнтназдольнасць, лічаць эксперты Бізнэс-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў ім. Куняўскага (БСПН), якія прааналізавалі сітуацыю на прадпрыемствах, што ўваходзяць у арганізацыю. Свае высновы і прапановы БСПН плануе падаць на чарговым паседжанні Міжведамаснага савета па развіцці экспарту пад кіраўніцтвам першага віцэ-прэм'ера Уладзіміра Сямашкі.

Рэзерваў для зніжэння выдаткаў і, адпаведна, экспартных коштаў звышдастаткова. Па ацэнках экспертаў, на большасці прамысловых прадпрыемстваў залішняя колькасць працаўнікоў дасягае 30%. На аплату іх працы расходуецца прыкладна 10-15% наноў створанай (дададзенай) вартасці прадпрыемстваў (у маштабе краіны — гэта 10-15% ВУП).

Празмернай застаецца падатковая і сацыяльная нагрузка для прадпрыемстваў, адлічэнні ў фонд сацыяльнага страхавання. На камерцыйныя арганізацыі ўскладаецца абавязак па забеспячэнні занятасці насельніцтва, у тым ліку па працаўладкаванні бамжоў і іншых катэгорыяў грамадзянаў, якія ўхіляюцца ад працоўнай дзейнасці. Усё гэта зніжае коштавую канкурэнтаздольнасць прадукцыі прадпрыемстваў.

На падаражэнне экспартнай прадукцыі ўплывае сістэма закупак праз дзяржаб'яднанне «Белрэсурсы». Эксперты адзначаюць, што прадпрыемствы, як правіла, самі займаюцца пошукам пастаўшчыкоў сыравіны і іншых таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў, а праз гэтае аб'яднанне ідзе толькі афармленне пагадненняў. Так, адно з прадпрыемстваў саюза ў 2008 годзе закупіла для вытворчасці праз «Белрэсурсы» метал на 3,8 млрд. рублёў. За гэта аб'яднанню было выплачана 26,6 млн. рублёў, што прывяло да падаражэння прадукцыі на 0,7%.

Дорага (у 2-2,5 млн. рублёў) абыходзяцца прадпрыемствам працэдуры ўзгаднення тэхнічных умоваў і экспертызы на новыя віды харчовай прадукцыі. Напрыклад, рэгістрацыя ў БЕЛДІСС — 441,1 тыс. рублёў, у Менскам гарадскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі — 450 тыс. рублёў, выпрабаванне ў Цэнтры экспертызы і выпрабаванняў у ахове здароўя — 830 тыс. рублёў, сертыфікацыя — 630 тыс. рублёў. Пры гэтым працэдуры цягнуцца на працягу 5-6 месяцаў.

Неабгрунтавана высокія стаўкі мытных збораў і тарыфаў на паслугі, якія аказваюць мытныя агенты ў пунктах увозу, адзначаюць эксперты БСПН, спасылаючыся на меркаванне прадпрыемстваў, што ўваходзяць у саюз. У выніку, строга рэгламентуючы коштаўтварэнне ў камерцыйных арганізацыях, Мінэканомікі як рэгулятар самаўхілілася ад кантролю за коштамі дзяржаўных арганізацыяў (такіх як «Белмытнясэрвіс» і іншых манапалістаў).

Пэўныя складанасці пры выхадзе на знешнія рынкі ўзнікаюць у малых і сярэдніх прадпрыемстваў. Яны, як правіла, не маюць сістэматызаванай інфармацыі аб сітуацыі на розных рынках, лічаць эксперты. Галіновая маркетынгавая інфармацыя практычна адсутнічае і маладасягальная з-за высокага кошту. Накладным стаў удзел у выставах і кірмашах, як у Беларусі, так і за мяжой. Напрыклад, толькі рэгістрацыйны збор міжнароднай спецыялізаванай выставы-кірмашы «Мэбля-2010» (будзе праводзіцца ў кастрычніку б.г. у павільёнах НВЦ «Белэкспа»), складае 200 еўра, неабсталяваная выстаўная плошча: закрытая — 70 еўра, адкрытамя — 25 еўра за кв.м, а тыпавы мінімальны стэнд (6 кв.м) каштуе 729 даляраў.

Але адной з асноўных праблем у экспарцёраў з'яўляецца пацверджанне і вяртанне падатку на дададзены кошт (ПДВ) пры пастаўках прадукцыі ў Расею. Цяперашні парадак, калі беларускія вытворцы і пастаўшчыкі прадукцыі ў Расею нясуць адказнасць за выплату падатку расейскімі пакупнікамі, эксперты лічаць несправядлівым і неапраўданым. Пасля яго ўвядзення з студзеня 2005 года шматлікія беларускія прадпрыемствы спынілі ці знізілі пастаўкі расейскім пакупнікам ці вымушаныя былі адкрыць свае прадстаўніцтвы ў Расеі для пацвярджэння экспарту. Гэта аўтаматычна павялічыла выдаткі на рэалізацыю прадукцыі.

БСПН прапаноўвае спрасціць парадак пацверджання вывазу тавараў у Расею: адмяніць неабходнасць налічэння беларускімі экспарцёрамі ПДВ у памеры 18% і выкарыстаць нулявую стаўку.

Нагадаем, ва ўрадзе падрыхтаваны ўказ Аляксандра Лукашэнка, які закліканы падахвоціць індывідуальных прадпрымальнікаў працаваць на экспарт: прадаваць прадукцыю беларускіх вытворцаў. Дакумент, у прыватнасці, прадугледжвае максімальнае спрашчэнне падаткаабкладання для ІП-экспарцёраў. Плануецца таксама, што яны будуць выплачваць гандлёвы збор у памеры адной базавай велічыні (35 тыс. рублёў) у месяц. Як адзначыў на прэс-канферэнцыі 18 верасня дырэктар дэпартамента па прадпрымальніцтве Мінэканомікі Аляксандр Ліхачэўскі, прыняцце гэтага ўказу чакаецца ў хуткім часе.

Пакуль ІП не гараць жаданнем разгружаць склады з беларускімі таварамі. Па дадзеных А.Ліхачэўскага, беларускія прадпрыемствы адпускаюць суб'ектам малога бізнэсу толькі 1-3% вырабленай прадукцыі. «Доля удзелу прадпрымальнікаў у вырашэнні гэтага пытання мізэрная. Гэта крытычна нізкія лічбы», — лічыць чыноўнік. На яго думку, у апошні час галіновыя міністэрствы і ведамствы не прыкладалі асаблівых высілкаў, каб падвысіць долю малога бізнэсу ў рэалізацыі айчынных тавараў. А калі яны і рабіліся, дык былі неэфектыўнымі.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках