Хамер кампаніі Burn «жорстка» стыкнуўся з фурай у Менску (Фота)
34- 21.09.2009, 10:52
У 2.30 начы 20 верасня на вуліцы Прытыцкага ў Менску адбылася сур'ёзная аварыя.
Прома-аўтамабіль Hummer кампаніі «Вurn» сутыкнуўся з фурай MAN, прыпаркаванай на першай паласе. Як паведамілі «Інтэрфаксу» супрацоўнікі аддзела прапаганды гарадской Дзяржаўтаінспекцыі, джып рухаўся па вул. Прытыцкага, ад праспекта Пушкіна ў накірунку вул. Берута.
Супрацоўнікі міліцыі кажуць, што ў момант сутыкнення хуткасць джыпа дасягала 70-75 км/ч. Hummer атрымаў вельмі сур'ёзныя пашкоджанні. Як піша сам кіроўца на форуме onliner.by , у машыне знаходзіліся двое: ён і дзяўчына. Абодва жывыя, але ў кіроўцы зламаная рука, а ў дзяўчыны - чэрапна-мазгавая траўма, сінякі і парэзы. Пацярпелыя зараз знаходзяцца ў шпіталі, іх жыццю нічога не пагражае.
У крыві кіроўцы, паводле папярэдніх звестак, слядоў алкаголю не выяўлена. Ні ён, ні яго пасажырка не змаглі выразна патлумачыць інспектарам ДАІ, як адбылася аварыя. Мяркуючы па ўсім, малады чалавек адцягнуў увагу ад дарогі і не заўважыў грузавы аўтамабіль, прыпаркаваны на першай паласе.
Прычэпу фуры прычыненыя нязначныя пашкоджанні, Hummer, мяркуючы па фота, аднаўленню не падлягае.


