26 снежня 2024, Чацвер, 7:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Адкрыты ліст прэзідэнту Расеі: Не будзіце ў беларусах партызан!

35
Адкрыты ліст прэзідэнту Расеі: Не будзіце ў беларусах партызан!

Беларускія моладзевыя лідэры Яўген Афнагель і Зміцер Дашкевіч звярнуліся з адкрытым лістом да Дзмітрыя Мядзведзева ў сувязі з правядзеннем на тэрыторыі Беларусі маштабных расейска-беларускіх ваенных вучэнняў.

Ліст быў накіраваны ў асабісты блог прэзідэнта Расеі, у расейскія і беларускія СМІ. Тэкст ліста падае сайт www.jeans-by.com:

Паважаны Дзмітрый Анатольевіч!

Зараз на тэрыторыі нашай краіны адбываюцца ваенныя вучэнні «Захад – 2009». У іх удзельнічаюць больш за 6000 расейскіх ваеннаслужачых. Упершыню за ўсю гісторыю існавання незалежнай Беларусі ў яе межах знаходзіцца такая колькасць замежных салдат. Галоўнай мэтай вучэнняў называецца падрыхтоўка да адбіцця магчымай ваеннай агрэсіі з захаду.

На наш погляд, прысутнасць такой колькасці расейскіх салдат на тэрыторыі Беларусі недапушчальна і можа з’яўляцца пагрозай незалежнасці нашай краіны.

У сваіх выступах Вы часта кажаце пра тое, што Вашая мэта – пабудова новай Расеі. Таксама Вы засцерагаеце ад паўтору трагічных памылак мінулага. Аднак, мы бачым, што палітыка Расеі адносна нашай краіны не змяняецца на працягу многіх стагоддзяў.

Ні расейскія цары, ні бальшавікі не разглядалі нашую краіну як незалежную дзяржаву, не паважалі яе традыцыі і суверэнітэт. Ваш папярэднік на пасадзе Прэзідэнта РФ прапаноўваў уключыць Беларусь у склад Расеі.

На жаль, працяг такой палітыкі мы назіраем і сёння.

У сваім артыкуле «Расея, наперад!» вы пішаце, з якімі выклікамі сутыкаецца Вашая краіна. Гэта адвечная эканамічная адсталасць, хранічная карупцыя, алкагалізм, неканкурэнтаздольнасць расейскіх тавараў на сусветным рынку. З кожным годам колькасць жыхароў Расеі змяншаецца. Практычна ў кожным рэгіёне існуе мноства праблем – ад нявыплаты зарплат і пенсій да міжнацыянальных сутыкненняў.

Пры гэтым Вы лічыце патрэбным выдаткоўваць велізарныя сродкі на правядзенне бессэнсоўных з ваеннага пункту гледжання вучэнняў і падтрымку дыктатуры ў Беларусі. Мы лічым, што пагрозай для нашых краін з’яўляецца не міфічная заходняя агрэсія, а цалкам рэальны эканамічны крызіс, ва ўмовах якога марнаваць грошы на такія мерапрыемствы не варта.

Увядзенне расейскіх войскаў на тэрыторыю нашай краіны на фоне вышэйназваных унутраных праблем Расеі з’яўляецца памылкай, якая можа прывесці да непрадказальных наступстваў.

Мы, беларусы, - цярплівы і прыязны народ, які з павагай ставіцца да ўсіх сваіх суседзяў. Аднак, мы, таксама любім свабоду і гатовыя змагацца за яе.

Не будзіце ў беларусах партызан, Дзмітрый Анатольевіч!

Мы заклікаем Вас з павагаю ставіцца да нашай краіны, да яе народа і яе законам і будаваць адносіны з Беларуссю, як з нейтральнай незалежнай еўрапейскай дзяржавай.

У Вас сапраўды ёсць шанец пабудаваць новую, свабодную, квітнеючую, моцную Расею. Але гэта магчыма толькі тады, калі Ваша краіна адмовіцца ад імперскіх амбіцый і перастане быць пагрозай для сваіх суседзяў.

З павагаю,

Яўген Афнагель, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь»,

Зміцер Дашкевіч, старшыня грамадскай арганізацыі «Малады Фронт»

Даведка www.charter97.org:

Яўген Афнагель – каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», а таксама лідэр кампаніі «Джынс – за свабоду». У 2001-2004 гадах быў каардынатарам моладзевага руху «Зубр». Больш за 10 разоў падпадаў пад адміністрацыйныя арышты за арганізацыю і ўдзел у масавых акцыях пратэсту.






Зміцер Дашкевіч – лідэр апазіцыйнай арганізацыі «Малады Фронт». Шматразова падпадаў пад адміністрацыйныя арышты. За кіраванне «Маладым Фронтам» правёў 1,5 гады за кратамі – у 2006 годзе яго асудзілі па «палітычным» артыкуле Крымінальнага кодэкса «дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі».






Напісаць каментар 35

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках