25 снежня 2024, Серада, 20:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнку і Мядзведзеву спадабалася бразгаць зброяй на мяжы з НАТА

22
Лукашэнку і Мядзведзеву спадабалася бразгаць зброяй на мяжы з НАТА

Пасля агляду войскаў на сумесных ваенных вучэннях Лукашэнка і Мядзведзеў заявілі пра намер працягваць праводзіць манеўры, падобныя «Захаду-2009».

Маштабныя вучэнні «Захад-2009» атрымалася правесці толькі дзякуючы прэзідэнту Расеі Дзмітрыю Мядзведзеву, заявіў Аляксандр Лукашэнка ў аўторак падчас агляду войскаў на авіяцыйнай базе пад Баранавічамі, паведамляе РИА «Новости».

«Мы некалькі разоў падыходзілі да такіх маштабных вучэнняў. Але толькі дзякуючы яму атрымалася правесці сумесныя вучэнні рэгіянальнай групоўкі войскаў», — сказаў Лукашэнка. «Калі б не было прэзідэнта Расеі, у нас не было б такіх маштабных вучэнняў», — дадаў ён.

«На такі высокі ўзровень ваенных вучэнняў у нас атрымалася выйсці ўпершыню», — адзначыў беларускі кіраўнік.

Ён падтрымаў рашэнне Мядзведзева праводзіць адзін раз у два гады сумесныя беларуска-расейскія вучэнні па чарзе на тэрыторыі Беларусі і Расеі.

«Рашэнне прэзідэнта Расеі праводзіць адзін раз у два гады па чарзе сумесныя вучэнні дарагога варта», — сказаў Лукашэнка. «Гэтыя вучэнні каласальныя па маштабах. Былі задзейнічаныя ўсе вайсковыя часткі і злучэнні на заходнім накірунку, уключаючы Калінінградскую вобласць, Ашулук і да Масквы», — дадаў ён.

Лукашэнка таксама адзначыў той факт, што ў вучэннях прымалі ўдзел вайскоўцы Таджыкістана і Казахстана, што сведчыць пра тое, што супрацоўніцтва ў ваеннай сферы паміж краінамі будзе пашырацца.

У сваю чаргу прэзідэнт РФ Дзмітры Мядзведзеў заявіў, што Расея і Беларусь будуць раз у два гады праводзіць аператыўна-стратэгічныя вучэнні, аналагічныя «Захаду-2009», які скончыўся ў аўторак перадае «Інтэрфакс».

«Мы з Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам дамовіліся, што падобнага роду вучэнні будуць праходзіць адзін раз у два гады па чарзе на тэрыторыі Беларусі і РФ», - сказаў Мядзведзеў.

«Мы спадзяемся і ў будучыні праводзіць такога кшталту вучэнні, бо толькі падчас такіх вайсковых мерапрыемстваў можна удасканаліць баявое майстэрства і стварыць якасную сістэму абароны нашых краінаў і нашай «саюзнай дзяржавы», - падкрэсліў расейскі лідэр.

Ён даў высокую ацэнку сумеснаму вучэнню «Захад-2009», якое праводзілася ўпершыню за апошнія 25 гадоў. «Гэты ўдалы пачатак нашых сумесных вайсковых мерапрыемстваў, - адзначыў Мядзведзеў. - Усе гэтыя мерапрыемствы накіраваныя толькі на тое, каб зрабіць жыццё ў нашых краінах больш камфортным, больш абароненым, больш сучасным, якое б адказвала тым запатрабаванням, якія сёння існуюць у нашых людзей».

Пры гэтым, падкрэсліў прэзідэнт РФ, «з іншага боку (падобныя вучэнні, - «ІФ») дазваляюць абараніць нашых людзей на самім высокім узроўні».

«Гэта - святая задача для дзяржавы і для нашых Узброеных сілаў», - падкрэсліў ён.

Сёння ж Лукашэнка і Мядзведзеў правялі двухбаковыя перамовы, вынікі якіх пакуль не агалошваюцца.

Прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Наталля Цімакова паведаміла журналістам, што на двухбаковых перамовах былі абмеркаваныя вынікі вучэння «Захад-2009». У прыватнасці, была дасягнутая дамоўленасць пра тое, што Расея і Беларусь будуць раз у два гады па чарзе на тэрыторыях двух краінаў праводзіць аператыўна-стратэгічныя вучэнні, аналагічныя вучэнням «Захад-2009», якія скончыліся ў аўторак.

Цімакова дадала, што на перамовах прэзідэнты двух краінаў таксама абмеркавалі «бягучы парадак дня расейска-беларускіх адносінаў».

Нагадаем, што ў манеўрах «Захад-2009» удзельнічалі больш за 12 тысячаў вайскоўцаў і некалькі сотняў адзінак баявой тэхнікі. Ніколі раней на тэрыторыю нашай краіны не ўваходзіла такая колькасць расейскіх вайскоўцаў – 6 тысячаў салдатаў.

У вучэнні задзейнічаная баявая і спецыяльная тэхніка, у тым ліку 103 лятальныя апараты (63 самалёты і 40 верталётаў), каля 470 баявых браняваных машынаў, 228 танкаў, 234 самаходных і буксаваных артылерыйскіх гарматаў, мінамётаў і рэактыўных сістэмаў залпавага агню.

Адной з мэтаў вучэнняў называецца ліквідацыя ўзброеных канфліктаў, але беларускія дэмакратычныя сілы ўпэўненыя, што вучэнні нясуць пагрозу незалежнасці Беларусі.

У знак пратэсту супраць уводу расейскіх войскаў 9 верасня ў Менску прайшла акцыя «Не расейскай акупацыі!». Дзясяткі ўдзельнікаў акцыі былі арыштаваныя і жорстка збітыя супрацоўнікамі АМАПа. Па сведчанні праваабаронцаў, у дачыненні да затрыманых ужываліся катаванні.

Напярэдадні прыезду Дзмітрыя Мядзведзева ў нашую краіну беларускія моладзевыя лідэры Яўген Афнагель і Зміцер Дашкевіч звярнуліся з адкрытым лістом да Дзітрыя Мядзведзева, у якім заявілі, што «увод расейскі войскаў на тэрыторыю Беларусі на фоне вышэйпералічаных унутраных праблемаў Расеі з'яўляецца памылкай, якая можа прывесці да непрадказальных наступстваў».

«Не будзіце ў беларусах партызанаў, Дзмітры Анатольевіч! Мы заклікаем Вас з павагай ставіцца да нашай краіны, да яе народа і яе законаў і будаваць адносіны з Беларуссю, як з нейтральнай незалежнай еўрапейскай дзяржавай», - казалася ў лісце.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках