Слабаалкагольныя напоі забароняць указам
32- 7.09.2009, 10:58
На мінулым тыдні зацікаўленыя ведамствы атрымалі праект указа Аляксандра Лукашэнкі аб забароне вытворчасці і рэалізацыі слабаалкагольных напояў.
Прыняццё ўказа тлумачыцца «досыць актуальнай для Беларусі праблемай алкагалізму».
Распаўсюджаны праект усё ж мякчэй за тыя прапановы, што абмяркоўваліся раней, па якіх прадугледжвалася забарона ўсіх слабаалкагольных напояў. Але тады абурыліся вытворцы, у прыватнасці ААТ «Крынiца», якая нядаўна запусціла ліцэнзійны слабаалкагольны напой на аснове піва. Наўрад ці былі задаволеныя на Менскім заводзе вінаградных він, вытворцы новага на рынку сідра. І што ўжо казаць пра прадпрыемствы, якія выпускаюць класічныя слабаалкагольныя напоі (праўда, іх заўсёды папракалі за якасць).
У адным зацікаўленым ведамстве карэспандэнту «Белгазеты» шматзначна сказалі: «Калі б вы толькі ведалі, якую гадасць яны туды льюць!» Звыклыя да такіх абвінавачванняў вытворцы стомлена адбіваюцца: «Хай бы яны назвалі гэтую гадасць!» На адным прадпрыемстве, якое перакананае, што забарона на вытворчасць іх «загубіць», сапраўды пералічылі «гадасць»: спірт-люкс, імпартны якасны араматызатар, цукар, цытрынавая кіслата, вуглекіслата. «Ні падсалоджвальнікаў, ні кансервантаў. А што тычыцца спірту - на аснове чаго робяцца гарэлка і пладова-ягадныя віна?»
Зараз у прадпрыемстваў з'явілася яшчэ і падстава казаць пра пэўны лабізм, паколькі праект указу дапушчае вытворчасць напояў, атрыманых «спосабам натуральнага закісання, а таксама шляхам змешвання напояў безалкагольных і ферментаваных»: то бок: сідр і напоі «Крынiцы» дазваляюцца. Як заяўляецца ў абгрунтаванні ўказу, «такім чынам, з рынка выцясняюцца напоі, вырабленыя з выкарыстаннем этылавага рэктыфікаванага спірту, на месца якіх прыходзяць натуральныя напоі». Нядзіўна, што каментары ўжо фактычна прыбраных з рынка кампаній вельмі раздражнёныя: «Можа, проста лабіююцца нечыя інтэрасы? Хто даказаў ступень шкоды слабаалкагольных напояў?»
Доказы ёсць. Напрыклад, прыводзяцца даследаванні Мінздрава ў 2007г.: палова апытаных падлеткаў ужывала слабаалкагольныя напоі за апошнія 30 дзён, «прычым 22,9% апытаных - за апошнія 30 дзён больш за 3 разы». Якія яшчэ напоі пілі падлеткі, у даследаванні замоўчваецца. Альбо ў абгрунтаванні ўказу пра гэта нічога не сказана.
Супастаўляюцца яшчэ некалькі лічбаў. Сумы выплачаных за 2008г. вытворцамі слабаалкагольных і вінных напояў акцызаў (Br11830,2 млн.), растраты дзяржавы на ўтрыманне медвыцвярэзнікаў (Br6995,2 млн.), «на харчаванне асоб, змешчаных у спецыяльных установах органаў унутраных спраў, затрыманых за здзяйсненне правапарушэнняў у п'яным выглядзе» (Br324,2 млн.) і на «аказанне медыцынскай дапамогі ў стацыянарных і амбулаторных умовах асобам з п'янствам і алкагалізмам» (Br63291 млн.).
А потым робіцца нечаканая і дзіўна аптымістычная выснова: страты бюджэту ад спынення вытворчасці слабаалкагольных напояў «кампенсуюцца паніжэннем выдаткаў на ліквідацыю наступстваў п'янства і алкагалізму». Атрымліваецца, што, як толькі знікнуць слабаалкагольныя напоі, дзяржава наогул перастане марнаваць грошы і на выцвярэзнікі, і на лячэнне. Паколькі праблема п'янства і алкагалізму будзе вырашаная.
Цікаўна, што, судзячы па папярэдніх абмеркаваннях, супраць забароны выступілі практычна ўсе ведамствы, уключаючы, між іншым, Мінздраў.
У сваім абгрунтаванні Мінздраў піша, што пастановай ад 9 чэрвеня б.г. «Аб зацвярджэнні санітарных нормаў, правіл і гігіенічных нарматываў «Гігіенічныя патрабаванні да якасці і бяспекі харчовай сыравіны і харчовых прадуктаў» уведзеныя паказчыкі гігіенічнай бяспекі, якія вызначаюць патрабаванні да дапушчальнага ўтрымання ў слабаалкагольных напоях таксічных элементаў, мікрабіялагічных паказчыкаў. Патрабаванні ўступаюць у сілу з 30 снежня 2009г.
У якасці дадатковых мер Мінздраў прапануе забараніць разліванне слабаалкагольных напояў у спажывецкую тару з палімерных і камбінаваных матэрыялаў, а таксама ёмістасць больш за 0,5 л. Акрамя таго, ведамства лічыць неабходным абмежаваць рэалізацыю слабаалкагольных напояў у дробнарознічных аб'ектах гандлю, «а ў іншых аб'ектах ажыццяўляць рэалізацыю праз спецыялізаваныя аддзелы». Але ні пра якую поўную забарону вытворчасці і рэалізацыі размовы не ідзе.
У адной з кампаній, якія выпускаюць слабаалкагольныя напоі, гатовыя пагадзіцца з забаронай на вытворчасць, але прапануюць быць паслядоўнымі: «Тады давайце такімі ж метадамі будзем змагацца з пладова-ягадным віном, гарэлкай і цыгарэтамі. Ці хоць бы на парадак павялічым кошты». Але на «паслядоўнасць» у барацьбе з алкагалізмам больш чым красамоўна паказвае іншае, літаральна на днях прынятае рашэнне: пастановай Саўміна дазволеная рэалізацыя на рынках алкагольных і тытунёвых вырабаў.