4 траўня 2024, Субота, 0:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Літве прайшла цырымонія перапахавання парэштак Радзівілаў

6
У Літве прайшла цырымонія перапахавання парэштак Радзівілаў

Перапахаванне парэштак суправаджалася салютам са старадаўніх гарматаў і вершамі пра гераічныя подзвігі.

Урачыстая цырымонія перапахавання парэштак прадстаўнікоў старажытнага княжага роду Радзівілаў адбылася ў Літве непадалёк ад горада Малетай на Дубінгяйскім гарадзішчы, паведамляе БелТА.

Шыкоўны металічны саркафаг з гербам Радзівілаў, на якім намаляваныя галовы льва і арла, з парэшткамі васьмёх прадстаўнікоў княжага роду Радзівілаў быў перавезены з Вільні, дзе на працягу двух дзён выстаўляўся для ўрачыстага развітання ў мастацкім музеі палаца Радзівілаў. Саркафаг везлі ў чорным катафалкуў суправаджэнні ваяроў роты ганаровай варты штабнога батальёна Вялікага князя Літоўскага Гедыміна. Урачыстую цырымонію суправаджалі ваяры, апранутыя ў даспехі літоўскіх рыцараў ХIV стагоддзя, са зброяй. Акцёры чыталі вершы пра хвалебныя вайсковыя подзвігі Мікалая Радзівіла.

На цырымоніі прысутнічалі прэм'ер-міністр Літвы Андрюс Кубіліюс, прадстаўнікі ўрада, царквы, амбасадары некалькіх дзяржаваў у Літве. Ушанаваць памяць прадстаўнікоў знакамітага княжага роду прыбыў намеснік міністра культуры Беларусі Уладзімір Грыдзюшка, а таксама Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар Беларусі ў Літве Уладзімір Дражын.

У Дубінгяі быў адкрыты пантэон Радзівілаў. У іх памяць быў зроблены трохразовы салют са старадаўніх гарматаў. Перапахаванне парэштак Радзівілаў з'яўляецца адным з мерапрыемстваў праграмы да 1000-годдзя Літвы.

Парэшткі 8 прадстаўнікоў роду Радзівілаў былі выяўленыя ў Дубінгяйскім гарадзішчы ў 2004 годзе, іх атрымалася ідэнтыфікаваць. Сярод іх парэшткі канцлера ВКЛ, Віленскага ваяводы і намесніка Лівоніі Мікалая Радзівіла Чорнага, яго жонкі Лізаветы з Шыдлаўца, канцлера ВКЛ, Віленскага ваяводы Мікалая Радзівіла Рудога, яго сына Мікалая Радзівіла, жонкі Мікалая Радзівіла Алены Глябовіцкай, Мікалая Радзівіла (унука М.Р.Рудога), Януша VI Радзівіла і Ганны Сабкоўны (першай жонкі Крыштафа Радзівіла Перуна).

Беларускія даследчыкі адзначаюць важную ролю, якую адыгралі ў гісторыі Беларусі князі Радзівілы, парэшткі якіх перапахаваныя ў Літве.

У інтэрв'ю сайту www.charter97.org вядомы навуковец, прафесар, доктар гістарычных навук Анатоль Грыцкевіч распавёў, чым быў знакаміты княжы род і чаму цяперашнія беларускія ўлады спрабуюць сцерці памяць пра Радзівілаў.

«Прадстаўнікі Радзівілаў, якіх перапахаваюць у Літве, адносяцца да розных галінаў княжацкага роду, -- распавядае гісторык. -- Мікалай Радзівіл Чорны і яго спадчыннікі – гэта нясвіжская лінія. Радзівіл Чорны быў лідэрам пратэстанцтва, а дакладней, кальвінізму. Па цяперашнім фармаце яго можна считать«рэфарматарам». Ён прыняў пратэстанцтва, а яго дзеці вярнуліся ў каталіцызм.

Януш Радзівіл адносіцца да біржанска-кейданскай лініі княжацкага роду. Гэтая лінія ўвесь час заставалася пратэстанцкай. Але ў цэлым, і першая і другая лініі належаць аднаму вялікаму роду, які меў непасрэднае дачыненне да Беларусі. Радзівілы былі добра вядомыя як у ВКЛ, так і за яго межамі. Яны мелі на тэрыторыі сучаснай Беларусі свае валадарствы. Так да канца 17 стагоддзя другой лініі Радзівілаў належала Слуцкае княства».

Па словах Анатоля Грыцкевіча, беларуская культура шмат у чым абавязаная Радзівілам.

«Радзівілы былі палітычнымі, вайсковымі і культурніцкімі дзеячамі, -- кажа доктар гістарычных навук. -- Акрамя таго, яны былі мецэнатамі: адкрывалі школы, спрыялі развіццю адукацыі і культуры. Паколькі асноўныя валадарствы Мікалая Радзівіла Чорнага знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі, шмат школаў з'явілася і ў нас. Да таго ж нацыянальнай мовай ВКЛ у той час была беларуская. Толькі ў сярэдзіне 16 стагоддзя магнаты сталі часткова размаўляць па-польску. Таму той факт, што сёння Радзівілаў перапахаваюць у Літве, асабілвага значэння не мае. Проста, як дзяржаўныя дзеячы, яны жылі ў Вільні. Я спецыяльна не кажу «Вільнюс», таму што гэта было б анахранізмам. Вільнюс як літоўскі горад з'явіўся толькі ў 21 стагоддзі, калі адсотак літоўскага насельніцтва пераваліў 50%. Да гэтага там заўсёды пераважала беларускае насельніцтва».

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках