24 снежня 2024, aўторак, 21:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Станіслаў Шушкевіч: «Гэта барацьба цемрашалаў са здаровым сэнсам»

41
Станіслаў Шушкевіч: «Гэта барацьба цемрашалаў са здаровым сэнсам»

«Рэжым Лукашэнкі проста лютуе, калі бачыць бел-чырвона-белы сцяг, і змагаецца з усім беларускім», - лічыць экс-старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі.

«Як можна не ведаць гісторыю нацыянальных сімвалаў краіны? Бел-чырвона-белы сцяг доўга быў дзяржаўным сцягам, затым быў зменены на чырвона-зялёны на фальшывым рэферэндуме. Прычым чырвона-зялёны сцяг не мае ніякага дачынення да гісторыі Беларусі, да яе геральдыкі. Гэта савецкая кандовая неадукаванасць, дэманстрацыя поўнага няведання, непісьменнасці вышэйшага кіраўніцтва. Хаця чаму тут можна здзіўляцца, калі ў іх Васіль Быкаў піша вершы, а Францыск Скарына гуляе па Пецярбургу?», - заявіў Станіслаў Шушкевіч у інтэрв'ю сайту charter97.org.

«Гэта нейкае азвярэнне і агонія ўлады. Барацьба цемрашалаў са здаровым сэнсам. Лукашэнка дзейнічае метадамі захавання манархіі. Наш суд, паколькі яго няма, можа адшукаць любы артыкул для Сяргея Каваленкі. Пракуратура, улічваючы, што ў нас даўно неправавая дзяржава, можа абвінаваціць апазіцыянера, у чым заўгодна. Бясспрэчна, Каваленка - новы палітычны вязень, патрыёт, якога пасадзілі за тое, што ён беларус. Але я вельмі ганаруся, што ў нас ёсць такія людзі як ён. Як фізік, і як палітык магу сказаць, што ў тэхнічным і палітычным сэнсах гэта была выдатная акцыя.

Еўропа павінна спыніць думаць, што ў Беларусі адбываюцца нейкія станоўчыя зрухі. Пагроза цэнзуры інтэрнэту, з'яўленне новых палітвязняў - адбываецца відавочнае ўзмацненне рэпрэсій. Але разам з тым, хачу адзначыць, у народа расце пачуццё адказнасці, развіваецца патрыятызм. І апошняе мяне гэта вельмі цешыць», - адзначыў палітык.

7 студзеня на вяршыні 35-мятровай навагодняй ёлкі на плошчы Перамогі ў Віцебску з'явіўся бел-чырвона-белы сцяг. Ля ёлкі быў затрыманы 34-гадовы Сяргей Каваленка. Пастановай пракурора Віцебска 10 студзеня ён быў змешчаны ў СІЗА на два месяцы. У дачыненні да яго ўзбуджаная справа па артыкуле 339, частка 2 КК (хуліганства, здзейсненае паўторна, або групай асоб, альбо звязанае з супрацівам асобе, спыняючай хуліганскія дзеянні, альбо спалучаныя з прычыненнем менш цяжкага цялеснага пашкоджання). Гэты артыкул прадугледжвае да шасці гадоў пазбаўлення волі.

Напісаць каментар 41

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках