Віцебскія ёлкі цяпер ахоўвае міліцыя (Фота)
34- 12.01.2010, 11:51
У Віцебску з'явіўся «пост № 1» — ахоўваюць ёлку на плошчы Перамогі, дзе 7 студзеня з'явіўся бел-чырвона-белы сцяг.
Таксама ахоўваецца ёлка на плошчы Свабоды ў Віцебску. Назіранне вядзецца цэлыя суткі; удзень міліцыянты дзяжураць па адным-два чалавекі, а ўвечары ахова ўзмацняецца – па плошчах ходзяць адразу некалькі патрулёў, паведамляе «Радыё Свабода».
Міліцыянты, якія дзяжураць на плошчы Перамогі, патлумачылі, што павінны ахоўваць падыходы да ёлкі – не дапускаць, каб пабочныя асобы пералазілі праз дэкаратыўны плот вакол дрэва. Усіх, хто праяўляе «падазроную цікавасць», загадана затрымліваць. А калі не атрымліваецца, выклікаць падмацаванне, а ўсіх мінакоў папярэджваць пра магчымую небяспеку – для гэтага міліцыянтам выдалі гукаўзмацняльнікі.
7 студзеня на вершаліне 35-метровай навагодняй ёлкі на плошчы Перамогі ў Віцебску з'явіўся бел-чырвона-белы сцяг. Каля ёлкі быў затрыманы 34-гадовы Сяргей Каваленка. Пастановай пракурора Віцебска 10 студзеня ён быў змешчаны ў СІЗА на два месяцы. У дачыненні да яго ўзбуджаная справа па артыкуле 339, частка 2 КК (хуліганства, здзейсненае паўторна, альбо групай асобаў, альбо звязанае з супрацівам асобе, якая спыняе хуліганскія дзеянні, альбо спалучанае з прычыненнем менш цяжкага цялеснага пашкоджання). Гэты артыкул прадугледжвае да шасці гадоў пазбаўлення волі.


