25 снежня 2024, Серада, 21:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сяргей Каваленка: «Я ўзняў наш сцяг вышэй за зорку»

206
Сяргей Каваленка: «Я ўзняў наш сцяг вышэй за зорку»

Арыштаванага за вывешванне нацыянальнага сцяга ў Віцебску Сяргея Каваленку вызвалілі пад падпіску аб невыяздзе. Першае інтэрв'ю ён даў сайту charter97.org.

-- Сёння ў абед мяне выклікалі з камеры, прымусілі здаць адбіткі пальцаў, а да вечара далі падпісаць пастанову аб замене меры стрымання з утрымання пад вартавай на падпіску аб невыяздзе, -- распавёў Сяргей Каваленка.

-- Як вас арыштавалі? Спачатку паведамлялася, што чалавеку, які вывесіў сцяг, удалося знікнуць…

-- Я прызнаю – сцяг павесіў я. Залез на ёлку і павесіў. Ужо зверху я ўбачыў, які ажыятаж выклікала з'яўленне сцяга – людзі стаялі, узняўшы галовы, і глядзелі ці то здзіўленымі, ці то спалоханымі вачыма. Убачыў, як замітусіліся міліцыянты, пад'ехалі машыны, зразумеў, што будуць арыштоўваць. Думкі ўцячы нават не узнікла. У прынцыпе, яшчэ напярэдадні я ведаў, што іду на затрыманне.

Калі спускаўся з ёлкі, мяне ўжо чакалі два амапаўцы, якія схапілі мяне за ногі. Я саскочыў, яны пачалі мяне біць. Абзывалі дрэнню, адмарозкам, надзелі кайданкі і зноў працягвалі біць. Я не супраціўляўся, ведаў, што за гэта можа быць. Потым падбегла іх начальства, нейкія падпалкоўнікі… Таксама крычалі, абражалі.

Я неяк змог звярнуцца да народа, які сабраўся навокал, крыкнуў «Жыве Беларусь!», «Слава Беларусі!». Амапаўцы сталі закрываць мне рот рукамі ў пальчатках, заламалі рукі і пацягнулі ў аўтобус.

-- Кажуць, з-за вашай акцыі было ўзнята па трывозе ўсё міліцэйскае начальства Віцебску.

-- Так, мяне адвезлі ў Кастрычніцкі РУУС, дзе мяне сустракаў асабіста начальнік ўпраўлення, які быў не ў сабе ад злосці, таксама крычаў і абражаў. Паводле яго указання мяне адвезлі на агляд, праверылі на алкаголь і наркотыкі. Нічога не паказала, вядома.

Затым мяне апавясцілі, што супраць мяне ўзбуджаная крымінальная справа па артыкуле 339, частка 2 КК (хуліганства, здзейсненае паўторна, альбо групай асобаў, альбо звязанае з супрацівам асобе, якая спыняе хуліганскія дзеянні, альбо спалучанае з прычыненнем менш цяжкога цялеснага пашкоджання). Я адмовіўся даваць паказанні, пакуль мне не дадуць адваката Пятра Каваленку, якому я сапраўды давяраю. Следчы стаў крычаць: давай, кажы хутчэй, там «наверсе» чакаюць, але я вырашыў - пачакаюць. Паказанні стаў даваць, калі прыйшоў прадстаўнік Пятра Каваленкі.

-- І што пыталіся на допытах?

-- Пыталіся, як я палез на ёлку, чаму вывесіў сцяг. На трэці дзень мне прынеслі план плошчы Перамогі, каб я намаляваў пункцірам, як я ішоў да плошчы. Так не хацелі мяне везці на «месца злачынства». Потым была вочная стаўка з міліцыянтамі. Я сказаў, што буду размаўляць толькі на беларускай мове. Следчы на гэта заявіла, што не ведае беларускай мовы і не зможа мяне перакласці.

Пракурор, перш чым вырашыць, якую мне вынесці меру стрымання, сказаў, што я «прыйшоў на чужое вяселле, паклаў свой сцяг на стол і развярнуў ім посуд». На гэта я яму адказаў, што Беларусь – гэта наш дом, і мы на сваёй зямлі, і яго параўнанні недарэчныя.

-- Якія былі ўмовы ў СІЗА?

-- Вельмі дрэнныя. Стаўленне міліцыі – заўсёдная грубасць, яхідныя здзекі, абразы, хамства. Разумею, чаму зняволеныя, калі выходзяць на волю, так ненавідзяць міліцыю. Ахоўнікі называюць арыштантаў быдлам, сабакамі, ставяцца так, як быццам яны не людзі. Карыстаючыся сваім службовым становішчам, строяць з сябе крутых.

У камерах таксама нечалавечыя ўмовы – сыра, халодна. Удзень дазваляюць на ложках толькі сядзець, нельга да сценак прыхіліцца, хаця ў новых правілах мы гэтага не прачыталі. У камеры са мной сядзела 10 чалавек. Гэта шмат, але да мяне ўсе вельмі добра ставіліся. Сустракалі мяне як Дзеда Мароза, усе ведалі, што ў Віцебску вывесілі бел-чырвона-белы сцяг на галоўнай ёлцы.

-- Шмат якіх нашых чытачоў цікавіла, як вы змаглі ўзлезці на 40-метровую ёлку?

-- Вельмі проста. Знутры. Па перыметры стаяць, як шклянкі, такія ячэйкі, куды ўстаўляюцца маленькія ялінкі, з якіх і складаецца ёлка. Я быў вымушаны вылезці вонкі толькі ля вершаліны – каб павесіць сцяг. Спачатку мяне ніхто і не бачыў. Страшна мне не было – у мяне добрая каардынацыя рухаў. Барацьбой, боксам шмат займаўся, бегам. Хаця для нетрэніраванага чалавека гэта, вядома, небяспечна. Без спрыту паўтараць не варта.

-- Сяргей, што вы хацелі сказаць беларусам сваёй гераічнай акцыяй?

- Я узнёс наш сцяг вышэй за маскоўскую, савецкую зорку, усталяваную уладамі на вершаліне ёлкі. Наш сцяг вышэй іх саўковыя, састарэлыя, нікому не патрэбныя зоркі. Я ведаю, як беларусы ставяцца да нашага сцяга, як яго любяць. Нават тыя, хто не ведае нашый гісторыі, згаджаюцца, што ён прыгожы. І ад імя гэтых людзей я узняў наш сцяг вышэй за зорку. Упэўнены, што хутка ён будзе дзяржаўным. Ад гэтага нікуды не дзецца.

І яшчэ хачу адзначыць – палітычныя акцыі ў Беларусі павінны праходзіць у цэнтры гарадоў, на плошчах, пры вялікай колькасці людзей. Я бачу, як людзей натхняе нашая адвага, яны тады самі становяцца адважней.

Нагадаем, што 7 студзеня на вершаліне 35-метровай навагодняй ёлкі на плошчы Перамогі ў Віцебску з'явіўся бел-чырвона-белы сцяг. За гэта быў затрыманы 34-гадовы актывіст Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ Сяргей Каваленка. Пастановай пракурора Віцебска 10 студзеня апазіцыянер быў змешчаны ў СІЗА на два месяцы. У дачыненні да яго ўзбуджаная справа па артыкуле 339, частка 2 КК (хуліганства, здзейсненае паўторна, альбо групай асобаў, альбо звязанае з супрацівам асобе, якая спыняе хуліганскія дзеянні, альбо спалучанае з прычыненнем менш цяжкага цялеснага пашкоджання). Гэты артыкул прадугледжвае да шасці гадоў пазбаўлення волі.

Фота - Сяргея Серабро

Напісаць каментар 206

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках