25 снежня 2024, Серада, 19:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Партызанскі» ліцэй святкуе 20-годдзе

15

У 2003 годзе па загадзе Міністэрства адукацыі Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа быў зачынены, і ад тых часоў працуе у паўпадпольных умовах.

Як паведаміў нязменны кіраўнік ліцэя Уладзімір Колас, за час дзейнасці гэтай навучальнай установы яго скончылі каля 700 чалавек.

Паводле яго словаў, выпускнікі ліцэя сталі моладзевымі лідэрамі, грамадскімі дзеячамі, бізнэсоўцамі, навукоўцамі і выкладчыкамі, акцёрамі і музыкамі, журналістамі і літаратарамі.

Як лічыць Колас, выпускнікі ліцэя «адрозніваюцца цвёрдымі ведамі, незалежным крытычным мысленнем і ўменнем аргумэнтавана апераваць інфармацыяй». Пра гэта, паводле яго словаў, сведчаць і даклады навучэнцаў на навуковай канферэнцыі, якая адбылася 12 студзеня і была прымеркаваная да 20-годдзя ліцэя.

Ён нагадаў, што рашэнне аб стварэнні беларускамоўнага гуманітарнага ліцэя было прынята 15 студзеня 1989 года на паседжанні рады «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» Савецкага раёна Менска пад старшынствам Алега Трусава.

«Ад самага пачатку ён стаў альтэрнатывай той другаснай ролі, якая адводзіцца беларускай мове і нацыянальнай самаідэнтыфікацыі ў дзяржаўнай сістэме сярэдняй адукацыі», - падкрэсліў Колас.

Паводле яго словаў, за 20 гадоў установа прайшла шлях ад нядзельнай навучальнай установы пазакласнага тыпу да Нацыянальнага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа Міністэрства адукацыі.

Як адзначыў Колас, ліцэй з філіяламі ва ўсіх абласцях краіны стаў пілотнай школай па выпрацоўцы канцэпцыі нацыянальнай адукацыі, у рамках якой былі створаны больш за 50 навучальных праграм, а таксама шэраг падручнікаў. «Нягледзячы на высокі ўзровень навучання і выхавання, у 2003 годзе ўлады пазбавілі навучальную ўстанову афіцыйнага статусу, і яна вярнулася да формы грамадскай структуры, захаваўшы калектыў выкладчыкаў, сярод якіх вядомыя навукоўцы, літаратары і перакладчыкі», - сказаў Колас.

Ён выказаў упэўненасць, што сучасная беларускамоўная адукацыя, заснаваная на перадавых дасягненнях сусветнай педагогікі і еўрапейскіх хрысціянскіх каштоўнасцях, зойме сваё месца ў школе будучай Беларусі.

З 2003 года, пасля закрыцця па загадзе ўладаў, навучальная ўстанова працягвае працаваць у неафіцыйным статусе Беларускага гуманітарнага ліцэя. Навучэнцы самастойна вывучаюць курс сярэдняй школы па месцы жыхарства і здаюць іспыты экстэрнам.

Закрыццё ліцэя звязваюць з тым, што ў ім была незалежная, неідэалагізаваная сістэма адукацыі, а выкладчыкі ліцэя былі крытычна настроены да ўладаў, ставячы на мэце выхаваць сапраўдных патрыётаў Беларусі, якія ведаюць родную мову і гісторыю.

Нягледзячы на вымушаную апазіцыю да сістэмы адукацыі, у шэрагу краін Еўропы менавіта беларускі гуманітарны ліцэй прадстаўлены як адзіная недзяржаўная ўстанова з навучаннем на роднай мове. Гэта адна з прычын, чаму выпускнікі ліцэю маюць магчымасць працягваць навучанне практычна па ўсім свеце.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках