26 снежня 2024, Чацвер, 8:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Зачыстка» у Віцебску (Абноўлена)

7

Затрыманні міліцыяй і спецслужбамі апазіцыянераў у Віцебску адбываюцца практычна кожны дзень.

Актывіст ствараемай партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Алесь Галавань быў затрыманы днём 15 студзеня. Яго схапілі невядомыя ў цывільным і запхнулі ў аўтамабіль. Прычына затрымання невядомая. Галавань паспеў паведаміць, што яго павезлі ў Першамайскі РУУС.

Сёння ж у цэнтры горада быў затрыманы актывіст апазіцыі Валер Раманенка - у яго знайшлі бел-чырвона-белы сцяг. Апазіцыянер таксама быў адвезены ў Першамайскі РУУС. Бліжэй да вечара стала вядома, што дэмакратаў даставілі ў ізалятар часовага ўтрымання і пакінулі там да панядзелка. Маладых людзей абвінавачваюць у тым, што яны нібыта з'явіліся на вуліцы ў п'яным выглядзе, аднак, па словах мясцовых актывістаў апазіцыі, гэта з'яўляецца хлуснёй.

Адзінае, з чым Алесь Галавань звязвае сваё затрыманне - гэта нядаўняя сустрэча з іншымі віцебскімі актывістамі, знаёмымі Сяргея Каваленкі, які 7-га студзеня вывесіў бел-чырвона-белы сцяг на галоўнай гарадской ёлцы і зараз знаходзіцца пад крымінальным следствам.

Пасля гэтага ў Віцебску пачаліся арышты і ператрусы ў дамах апазіцыянераў. 13 студзеня супрацоўнікі міліцыі правялі ператрус кватэры рэдактара інтэрнэт-газеты «Народныя навіны Віцебска» Сяргея Серабро, у выніку чаго ў журналіста былі канфіскаваныя сістэмныя блокі ад двух кампутараў, чатыры старыя вінчэсцеры, лічбавы фотаапарат-«мыльніца», штодзённік і флэш-карта на 8 мегабайт.

А 15 студзеня быў асуджаны да 7 сутак арышту віцебскі апазіцыянер, сябар Сяргея Каваленкі, Тарас Сурган, які быў беспадстаўна затрыманы 9 студзеня, у той час як пайшоў выносіць смецце. Суддзя Чыгуначнага раённага суда Віцебска Т. Цыганкова прызнала яго вінаватым у «хуліганстве» - нецэнзурнай лаянцы. Гэты артыкул актыўна выкарыстоўваецца ў Беларусі для арыштаў апазіцыянераў, каб схаваць палітычнае матываванне рэпрэсій.

Нагадаем, што 7 студзеня на вершаліне 35-метровай навагодняй ёлкі на плошчы Перамогі ў Віцебску з'явіўся бел-чырвона-белы сцяг. За гэта быў затрыманы 34-гадовы актывіст Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ Сяргей Каваленка. Пастановай пракурора Віцебска 10 студзеня апазіцыянер быў змешчаны ў СІЗА на два месяцы. У дачыненні да яго ўзбуджаная справа па артыкуле 339, частка 2 КК (хуліганства, здзейсненае паўторна, альбо групай асобаў, альбо звязанае з супрацівам асобе, якая спыняе хуліганскія дзеянні, альбо спалучанае з прычыненнем менш цяжкага цялеснага пашкоджання). Гэты артыкул прадугледжвае да шасці гадоў пазбаўлення волі. 12 студзеня апазіцыянер быў вызвалены пад падпіску аб невыездзе.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках