25 снежня 2024, Серада, 16:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расея ўзмацняе кантроль на мяжы з Беларуссю?

27

Пра ўзмацненне з боку РФ кантролю на беларуска-расейскай адміністрацыйнай мяжы заявіў Лукашэнка.

Беларускі кіраўнік даручыў кіраўніцтву Дзяржаўнага памежнага камітэта паведаміць аб сітуацыі на беларуска-расейскай адміністрацыйнай мяжы, перадае «Інтэрфакс».

«У плане стварэння Мытнага саюза Беларусі, Расеі і Казахстана насцярожвае інфармацыя аб сітуацыі на беларуска-расейскай мяжы. Насуперак дамоўленасцям, адбываецца ўзмацненне кантролю на адміністрацыйнай мяжы. Я хацеў бы, каб вы даклалі мне пра гэта», - заявіў Лукашэнка ў панядзелак, падчас зацвярджэння Рашэння на правядзенне дзяржаўнай памежнай палітыкі ў 2010 годзе.

«Калі гэта так, то сур'ёзная размова павінна быць у прэзідэнтаў», - сказаў Лукашэнка. Паводле яго словаў, «калі мы будуем Адзіную мытную прастору, маем «саюзную дзяржаву» і з аднаго боку адбываюцца падобныя дзеянні, то гэта ненармалёва». «Гэтую інфармацыю трэба праверыць», - заявіў ён.

Акрамя таго, правіцель папрасіў старшыню Дзяржаўнага памежнага камітэта Ігара Рачкоўскага дакласці аб становішчы на мяжы з Украінай. «Нас не тое, што насцярожвае сітуацыя на мяжы з Украінай - проста там больш было працы», - адзначыў Лукашэнка, прапанаваўшы Рачкоўскаму дакласці аб выніках працы на беларуска-украінскай мяжы за 2009 год.

Нагадаем, у канцы лістапада ў Менску Расея, Казахстан і Беларусь падпісалі дамову аб стварэнні Мытнага саюза. Паводле дамоўленасцяў, з 1 студзеня 2010 года ўступіў у сілу адзіны мытны тарыф. Сам Мытны саюз будзе запушчаны з уступленнем у сілу Мытнага кодэкса Мытнага саюза, што адбудзецца 1 ліпеня 2010 года. Тады ж будзе зняты мытны кантроль на расейска-беларускай мяжы, а праз год - на расейска-казахстанскай.

З пачаткам новага 2010 года паміж Беларуссю і Расеяй узнік канфлікт адносна пошлін на пастаўкі расейскай нафты. Як сцвярджаюць неафіцыйныя крыніцы, Беларусь настойвае на адмене пошліны на нафту, заяўляючы, што гэта супярэчыць прынцыпам ствараемага Мытнага саюза. Менск нібыта просіць павялічыць бяспошлінныя пастаўкі нафты да 30 млн. тон. У адваротным выпадку Беларусь збіраецца павялічыць пошліну на транзіт расейскай нафты да 45 даляраў за тону (цяпер - 3,9 даляра).

Апошні раунд перамоваў адбыўся ў Маскве 9 студзеня. Па вяртанні беларускай дэлегацыі ў Менск прэс-служба Савета міністраў Беларусі паведаміла, што «беларускі бок прадставіў свае аргументы на падставе прававой базы двухбаковых адносін, падмацаваўшы разлікамі, раней узгодненымі экспертамі, аднак перамоўшчыкі з боку Расеі не прынялі гэта да ўвагі».

Дата аднаўлення перамоваў не называецца.

У канцэрне «Белнафтахім» заявілі, што расейская нафта на беларускія заводы паступае і вядзецца праца па заключэнні новых кантрактаў з расейскімі нафтавымі кампаніямі.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках