Перамовы па пастаўках расейскай электраэнергіі зноў перанесеныя
1- 23.01.2010, 16:09
Кантракт па пастаўках расейскай электраэнергіі да канца гэтага тыдня падпісаны не будзе.
Кіраўніцтва «Інтэр РАТ ЕЭС» і «Белэнерга» правядуць чарговы раўнд перамоваў па ўдакладненні кантрактаў на пастаўку і транзіт расейскай электраэнергіі ў Калінінградскую вобласць. Пра гэта, як перадае «Ежедневник», паведамілі ИТАР-ТАСС у абедзвюх кампаніях.
Разам з тым, як паведамлялася 22 студзеня, у беларускім Мінэнерга планы былі яшчэ больш аптымістычнымі. Як паведаміла БелТА прэс-сакратар Міністэрства энергетыкі Беларусі Людміла Зяньковіч, ДВА «Белэнерга» і ААТ «Інтэр РАТ ЕЭС» плануюць да канца гэтага тыдня падпісаць кантракт на пастаўку і транзіт расейскай электраэнергіі.
Для суботніх, то бок, сённяшніх перамоваў у Маскву вылятае беларуская дэлегацыя на чале з генеральным дырэктарам «Белэнерга» Аляксеем Шырмам.
У «Інтэр РАТ» і Мінэнерга Беларусі ІТАР-ТАСС запэўнілі, што плануюць у бліжэйшы час, хутчэй за ўсё, да канца будучага тыдня, падпісаць кантракт на пастаўку і транзіт расейскай электраэнергіі.
«Зараз бакі ўжо прыступілі да ўзгаднення асноватворных палажэнняў дадатковых пагадненняў на 2010 год у рамках доўгатэрміновых узаемазвязаных дамоваў на пастаўку электраэнергіі ў Беларусі і транзіт электраэнергіі праз сеткі АЭС (Аб'яднаную энергасістэму) Беларусі ў Калінінградскую вобласць і краіны Балтыі», - удакладніў прадстаўнік расейскай кампаніі.
У канцы мінулага года Менск і Масква не ўзгаднілі ўмовы камерцыйных паставак праз Беларусь у краіны Балтыі расейскай электраэнергіі ў 2010 годзе. Беларускі бок заяўляе, што ў сувязі з спыненнем Ігналінскай АЭС у Літве і узнікненнем дэфіцыту электраэнергіі павялічацца выдаткі беларусаў, звязаныя з ростам аб'ёмаў паставак электраэнергіі ў Літву і Калінінградскую вобласць праз Беларусь. Пры гэтым яна настойвае на кампенсацыі выдаткаў.
Паведамлялася, што «Белэнерга» прапаноўвае павялічыць стаўку ў 2,5 разы, а напярэдадні перамоваў у Менску размова ўжо ішла аб падвышэнні стаўкі больш, чым у 5,5 разы.