24 лiстапада 2024, Нядзеля, 8:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

МУС: Штрафаваць за распіццё піва будзем з улікам «чалавечага фактару»

27

Калі законапаслухмяны грамадзянін будзе ісці з жонкай па горадзе і піць піва, дык міліцыя можа абмежавацца папярэджаннем.

Пра гэта паведаміў журналістам у Менску першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення аховы грамадскага парадку і прафілактыкі - начальнік упраўлення правапарадку міністэрства ўнутраных справаў Беларусі Аляксандр Барсукоў, паведамляе «Інтэрфакс».

«Прыцягваць да адказнасці за распіццё піва і слабаалкагольных напояў у грамадскіх месцах міліцыя будзе з улікам чалавечага фактару», - заявіў А.Барсукоў, патлумачыўшы пры гэтым, што «калі законапаслухмяны грамадзянін ідзе з жонкай па горадзе і п'е піва, дык міліцыя можа абмежавацца папярэджаннем. Калі ж той, хто распівае піва ў грамадскіх месцах, груба парушае парадак і не рэагуе на заўвагі супрацоўнікаў міліцыі, да такіх будзе ўжывацца новае заканадаўства».

У гэтай сувязі ён нагадаў, што з 23 лютага ў Беларусі ўступае ў сілу закон, у адпаведнасці з якім за распіццё піва і слабаалкагольных напояў у грамадскіх месцах будуць накладацца штрафы.

Барсукоў таксама паведаміў, што міліцыя «плануе абавязаць тыя гандлёвыя кропкі, дзе будзе рэалізоўвацца піва і слабаалкагольныя напоі, зрабіць каля ўваходу ў іх спецыяльныя месцы для распіцця піва. Хай гэта будуць так званыя «грыбочкі».

Адказваючы на пытанне аб рэакцыі вытворцаў піва на новае заканадаўства, прадстаўнік МУС адзначыў, што «афіцыйнай іх пазіцыі я не ведаю, але, хутчэй за ўсё, яны не вельмі задаволеныя гэтым (новым законам - ІФ)». Закранаючы пытанне аб магчымай сустрэчы прадстаўнікоў піваварных кампаніяў і праваахоўных органаў да ўступлення ў сілу заканадаўства, Барсукоў адзначыў: «Сумняюся, што такая сустрэча адбудзецца».

Прадстаўнік МУС асоба падкрэсліў, што ў Беларусі, нароўні з узмацненнем адказнасці за распіццё алкаголю і піва на вуліцы, трэба развіваць «культуру піцця».

У сваю чаргу начальнік упраўлення правапарадку і прафілактыкі ГУУС Менгарвыканкама Юры Сарокін адзначыў, што сталічная міліцыя плануе прыцягваць дружыннікаў і прадстаўнікоў аператыўнага атрада БРСМ да патрулявання месцаў, дзе традыцыйна ў Менску распіваюць піва. «Для Менска гэта (распіццё піва на вуліцы - ІФ) заўсёды было праблемай. Узімку яшчэ больш-менш, але як толькі надыходзіць лета, пачынаецца масавае распіццё піва ў грамадскіх месцах», - падкрэсліў Ю.Сарокін.

Паводле яго словаў, напярэдадні ўступлення ў сілу заканадаўства, у трэці чацвер лютага ў Менску пройдзе Адзіны дзень прафілактыкі, у межах яго правядзення супрацоўнікі міліцыі выступяць у вну, у сярэдніх спецыяльных навучальных установах і старэйшых класах школаў. Міліцыянты распавядуць пра тое, што ў Беларусі ўступае ў сілу закон аб забароне распіцця піва ў грамадскіх месцах. Акрамя гэтага, будуць зробленыя таблічкі, якія ўтрымліваюць інфармацыю пра забарону распіцця піва і слабаалкагольных напояў, а таксама пра тое, якая існуе адказнасць за парушэнне гэтай забароны.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках