24 снежня 2024, aўторак, 2:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Еўранэст запрошана толькі апазіцыя

26
У Еўранэст запрошана толькі апазіцыя

Пакуль у Беларусі не будзе дэмакратычна абранага парламента, у ПА «Усходняга партнёрства» краіну будзе прадстаўляць толькі апазіцыя.

27 студзеня ў Брусэлі адбылася сустрэча Бюро Еўранэста, на якой абмяркоўваўся фармат удзелу шасці краін «Усходняга партнёрства» у Парламенцкай асамблеі «Усходняга партнёрства» (EURONEST PA, EU-Neighborhood East Parliamentary Assembly).

Дэпутат Еўрапейскага Парламента, намеснік старшыні дэлегацыі Еўрапарламента ў Парламенцкую асамблею «Еўранэст» Яцэк Сарыюш-Вольскі паведаміў «Радыё Свабода», што ў Еўранэст запросяць па 10 дэпутатаў з Арменіі, Азербайджана, Грузіі, Малдовы і Украіны, а з Беларусі 10 назіральнікаў ад апазіцыйных партый і грамадзянскай супольнасці.

Сарыюш-Вольскі дадаў, што пакуль у Беларусі не будзе дэмакратычна абранага і міжнародна прызнанага парламента, у Еўрапарламенце Беларусь будуць прадстаўляць толькі назіральнікі.

Еўрадэпутат таксама паведаміў, што Еўрапарламент мае намер выслаць місію ў Беларусь, хутчэй за ўсё, у лютым, каб вызначыць склад групы назіральнікаў, якія будуць прадстаўляць Беларусь у Еўранэсце.

Адносна таго, паводле якіх правілаў сфармуецца вызначаная група беларускіх назіральнікаў, Сарыюш-Вольскі заявіў:

«Ідэя ў нас такая: запрасіць па адным прадстаўніку ад пяці апазіцыйных партый - лібералаў, кансерватараў, сацыял-дэмакратаў, камуністаў і хрысціянскіх дэмакратаў - і пяць прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый, такіх як рух «За Свабоду», незалежныя журналісты, незалежныя прафсаюзы, нацыянальныя і рэлігійныя меншасці. Гэта папярэдняя канцэпцыя, якая будзе абмяркоўвацца падчас працы місіі Еўрапарламента ў Беларусі».

Першае паседжанне Парламенцкай асамблеі «Усходняга партнёрства» прызначана на 24 сакавіка.

Нагадаем, што раней старшыня сталай камісіі «палаты прадстаўнікоў» па міжнародных справах і сувязях з СНД нелегітымнага беларускага «парламента» Сяргей Маскевіч заяўляў, што, калі ў Еўранэст увойдуць прадстаўнікі апазіцыі, то гэта можа паставіць пад пагрозу ўдзел Беларусі ва «Усходнім партнёрстве».

Даведаўшыся пра рэакцыю Маскевіча, еўрадэпутат Сарыюш-Вольскі заявіў: «Мы не прызнаем беларускую «палату». Ніхто і не чакае, што яны пагодзяцца. Ды яны і не павінны».

У 2009 годзе праходзілі перамовы з беларускім бокам пра магчымасць удзелу беларускай дэлегацыі ў Еўранэсце ў фармаце 5+5 – пяць «дэпутатаў» і пяць прадстаўнікоў апазіцыі. Але беларускія ўлады адмовіліся ад такой прапановы.

Нагадаем, рашэнне пра 10 назіральнікаў ад Беларусі з прадстаўнікоў дэмакратычнай апазіцыі было прынятае яшчэ папярэднім складам Еўрапейскага Парламента. Яно заснаванае на непрызнанні ЕЗ і Еўрапарламентам легітымнасці беларускага «парламента». На падставе высноваў місіі БДІПЧ АБСЕ апошнія парламенцкія выбары ўвосені 2008 года (як і папярэднія) ЕЗ не прызнаў свабоднымі і справядлівымі.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках