25 снежня 2024, Серада, 17:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнку пакінулі з помпай

48
Лукашэнку пакінулі з помпай

«Нафтавая вайна» Расеі і Беларусі скончаная: тарыф на транзіт нафты вырасце толькі на 11%, а на вялікі прыбытак ад яе перапрацоўкі Менск разлічваць не можа.

Учора пасля перамоваў з першым віцэ-прэм'ерам Беларусі Уладзімірам Сямашкам віцэ-прэм'ер Расеі Ігар Сечын паведаміў прэзідэнту Расеі Дзмітрыю Мядзведзеву пра тое, што падпісаны «цэлы пакет дакументаў» — у тым ліку змены да пагаднення аб пастаўках нафты ў Беларусь, новая методыка тарыфаўтварэння, баланс паставак на 2010 год.

Апошнім названым Сечыным дакументам была сумесная заява віцэ-прэм'ераў аб «гарантыях бесперабойнага транзіту». Нагадаем, са снежня 2009 года менавіта праблема транзіту непакоіла рынкі — РФ скарачала пастаўкі на НПЗ Беларусі, паколькі Беларусь, спасылаючыся на стварэнне Мытнага саюза, абвяргала рашэнне Расеі абкладаць поўнай пошлінай на экспарт нафты пастаўкі нафты ў Беларусь па-за межамі квоты ў 6,3 млн тон у 2010 годзе, якая пастаўляецца бяспошлінна. У 2009 годзе частка паставак ажыццяўлялася па зніжанай амаль у тры разы пошліне, і Беларусь настойвала ці на павелічэнні бяспошліннай квоты, ці на павелічэнні тарыфу на транзіт нафты па сваёй тэрыторыі ў некалькі разоў — поўная расейская пошліна рабіла стратным экспарт беларускіх НПЗ (6,3 млн тон прызначаліся для ўнутранага спажывання ў Беларусі).

Як піша газета «Коммерсант», перамоўны дзень учора распачаўся з першага з моманту ўступлення ў сілу пагадненняў Мытнага саюза паседжання яго працоўнага органа, камісіі саюза. Перад пачаткам паседжання прадстаўнік Расеі ў ёй, першы віцэ-прэм'ер Ігар Шувалаў сустрэўся з прэм'ер-міністрам Уладзімірам Пуціным, якому паведаміў: акрамя аператыўных пытанняў, мяркуецца абмеркаваць «стварэнне дадатковых наднацыянальных органаў» — мытнага органа трох краінаў і наднацыянальнага казначэйства. Таксама меркавалася дамовіцца аб размеркаванні імпартных пошлінаў, якія збіраюцца саюзам, на нацыянальныя рахункі РФ, Беларусі і Казахстана.

Пасля паседжання камісіі яе ўдзельнікі паведамілі: ні па адным з пытанняў канчатковага рашэння не прынята. Намеснік міністра фінансаў РФ Сяргей Шаталаў патлумачыў: віцэ-прэм'ер урада Беларусі Андрэй Кабякоў прад'явіў прапанову Беларусі павялічыць сваю долю «саюзных» мытных пошлінаў на 0,3% «плюс да тых 5%, якія ў іх атрымліваюцца». Пры прыняцці саюзнага мытнага тарыфу бакі дамаўляліся размяркоўваць мытныя пошліны ў залежнасці ад долі знешнегандлёвага абароту кожнай краіны ў 2007-2008 гадах. Беларусі даставалася, па гэтых разліках, 5%, Расеі — 86,5%, Казахстану — 8,5% імпартных пошлінаў. Казахстан сваёй доляй здаволены, падзяліцца, відавочна, павінна была Расея, што расейскіх перамоўшчыкаў не радавала.

Пытанне было адкладзенае як мінімум на два тыдні, каб, па словах Ігара Шувалава, «вывучыць прапановы Беларусі». Адзінае казначэйства таксама не было створанае. Пра змены ў мытны тарыф, якія прапаноўваліся РФ (у прыватнасці, у частцы пошлінаў на паперу і шэраг хімічных прадуктаў), не сказана — зрэшты, Ігар Шувалаў абвесціў пра тое, што карэкцыю пошлінаў Мытны саюз будзе абмяркоўваць пакуль у штомесячным рэжыме. А праблема з імпартам радыёэлектронікі і віна ў РФ Шувалавым абвешчаная чыста расейскім «адміністрацыйным збоем» — ён будзе вырашацца Расеяй самастойна. Зрэшты, нягледзячы на праблемы з «ненафтавымі» дамоўленасцямі ў саюзе, расейскія чыноўнікі пакінулі перамовы здаволенымі: яны, відавочна, ужо ведалі, што дэлегацыя Беларусі пасля паседжання камісіі паедзе да Ігара Сечына падпісваць дакументы па «нафтавым» пагадненні.

Пасля перамоваў з Сечыным змест кампрамісу двух бакоў ні ён, ні яго беларускі калега цалкам не раскрылі. Уладзімір Сямашка толькі патлумачыў беларускаму афіцыйнаму інфармагенцтву «БелТА», што тарыф на прапампоўку нафты РФ па тэрыторыі Беларусі (РФ плануе прапампаваць у 2010 годзе 21,5 млн тон нафты) будзе ўзняты на 11%, а да кастрычніка 2010 года Беларусь зможа ці «істотна» павялічыць тарыф, прад'явіўшы Расеі разлікі, ці ўзнімаць тарыфы ў далейшым «на ўзроўні інфляцыі» плюс 3%.

Зрэшты, улічваючы, што Беларусь першапачаткова пагражала ўзняць тарыф у дзесяць разоў, нават «прыступкавае» узняцце тарыфу да гэтага ўзроўня зойме сем-восем гадоў. Зыходзячы з гэтых крыніцаў «Коммерсанта» ва ўрадзе РФ, знаёмых з ходам перамоваў, і гэта таксама перабольшанне. Беларусь, паводле гэтых звестак, пагадзілася фіксаваць тарыф у расейскіх рублях, акрамя таго, яна абавязаная ўлічваць у разліках тарыфу кошт «альтэрнатыўных маршрутаў» — гэта значыць тарыфу на прапампоўку нафты расейскай «Транснафтай» да Прыморска. Бяспошлінная «квота» РФ не змянілася, пастаўкі ў краіну нафты звыш за 6,3 млн тон будуць цалкам абкладацца расейскай экспартнай пошлінай.

Гэта знішчае надзеі дзяржаўных беларускіх НПЗ зарабіць на перапрацоўцы таннай расейскай нафты хаця б тыя ж сумы, што заробленыя ў 2009 годзе, і робіць неабходным пошук для іх новых інвестараў. Як патлумачылі суразмоўцы «Коммерсанта» у Белым доме, у найбліжэйшыя месяцы пройдуць міждзяржаўныя перамовы РФ і Беларусі па ўсім коле энергапытанняў — «нафта, газ, будаўніцтва АЭС». Хутчэй за ўсё, яны адбудуцца да 1 кастрычніка — на гэтую дату бакі прызначылі «зверку» баланса паставак нафты. Пры гэтым відавочна, што да 1 ліпеня, калі паводле пагадненняў Мытнага саюза, Беларусь і РФ павінны ліквідаваць унутраныя мытныя межы, «нафтавае пытанне» у адносінах двух краінаў граць ролі не будзе.

Напісаць каментар 48

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках