26 снежня 2024, Чацвер, 19:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На ільготнае крэдытаванне не хапае грошай

29

Указ пра 100% ільготнае крэдытаванне будаўніцтва жылля можа быць падпісаны ў хуткім часе ці ніколі.

У цяперашні момант у Адміністрацыі прэзідэнта знаходзіцца праект указа, які павялічвае ліміт ільготнага крэдыту, што даецца чаргавікам на будаўніцтва жылля, да 100% кошту кватэры тыпавых спажывецкіх якасцяў з разліку 20 кв. м на чалавека і з поўным аздабленнем. Пра гэта паведаміў міністр архітэктуры і будаўніцтва Беларусі Аляксандр Селязнёў на паседжанні калегіі Менбудархітэктуры 22 студзеня, піша газета «Беларусы і рынак».

Гэта значыць з прыняццем указа чаргавіку не прыйдзецца ўносіць уласныя грошы на будаўніцтва кватэры, калі яна здаецца з аздабленнем, а яе памеры і кошт не перавышаюць нарматыўных параметраў.

А. Селязнёў таксама падкрэсліў, што са студзеня 2010 года ўсё жыллё для чаргавікоў з прыцягненнем ільготных крэдытаў павінна будавацца з поўным аздабленнем. Пры гэтым ставіцца задача вырабляць усе неабходныя матэрыялы і ўжываць іх для аздаблення, не закупляючы імпартных.

«Пытанне аздаблення нельга адкладаць у доўгую скрыню, ім трэба займацца ўжо сёння, - сказаў міністр. - Практычна ўсе неабходныя матэрыялы вырабляюцца ў нашай краіне. Яны годнай якасці, і іх трэба актыўна ўжываць».

І сапраўды, марудзіць з выбарам аздабленчых матэрыялаў нельга. Асабліва калі ўлічыць, што на вырашэнне гэтых пытанняў будкомплексу было адведзена дастаткова часу. Бо дакумент, які абавязвае здаваць жыллё для ільготнікаў з аздабленнем, быў прыняты паўгады таму і амаль столькі ж часу сышло на яго распрацоўку і ўзгадненне.

Між тым дагэтуль не вырашанае пытанне з падлогавымі пакрыццямі. Пасля таго як 3 гады таму на прадпрыемстве «Гомельбудматэрыялы» была дэмантаваная лінія па вытворчасці лінолеюма (на яе месцы стварылі вытворчасць па выпуску цеплаізаляцыйных матэрыялаў), у Беларусі лінолеюм застаўся толькі імпартны. Рабіць у ільготных кватэрах айчынныя дашчаныя ці паркетныя падлогі - дорага.

Таму да 2011 года канцэрн «Беллеспаперапрам» павінен арганізаваць стварэнне вытворчасці ламінату, сказаў А. Селязнёў.

Сцверджанне, што ламінат лепш, чым айчынная дошка, - небясспрэчна.

Ёсць сумневы і адносна таго, ці будзе ў хуткім часе падпісаны ўказ аб 100-адсоткавым крэдытаванні.

Мяркуючы па інфармацыі, якая прагучала на папярэднім паседжанні калегіі Менбудархітэктуры, праект указу аб новых правілах крэдытавання ўжо некалькі месяцаў знаходзіцца ў адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. Верагодна, рашэнне аб пераходзе на 100-адсоткавае крэдытаванне фактычна ўсіх жыллёва-будаўнічых кааператываў прымаецца вельмі цяжка. І не выпадкова.

Як паведаміў намеснік міністра архітэктуры і будаўніцтва Уладзімір Малец, па выніках 11 месяцаў мінулага года дэбіторская запазычанасць прадпрыемстваў прамысловасці будматэрыялаў склала каля 1,5 трлн. BYR. У тым ліку каля 1 трлн. недаатрымалі за вырабленую і рэалізаваную прадукцыю цэментавыя заводы. А гэта, мяркуючы па дадзеных Белстата, амаль увесь аб'ём вытворчасці цэментавай прамысловасці за 2009 год (1,08 трлн. BYR).

«Цэментавыя заводы - гэта не банкі», - сказаў У. Малец, звяртаючыся да кіраўнікоў аблвыканкамаў і Менгарвыканкама, у якіх шматмільярдныя, у тым ліку і пратэрмінаваныя - да 2 гадоў, даўгі перад цэментавымі заводамі.

Такім чынам, дзяржава, не жадаючы таго, сама стварыла фінансавую піраміду, ціск якой на бюджэт становіцца ўсё больш адчувальным. Але пакутуе ў выніку рэальная эканоміка, той жа лакаматыў, які нібыта павінен усіх вывесці з крызісу, а сам між тым застаўся без паліва.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках