26 снежня 2024, Чацвер, 8:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія пракуроры: Усхопчыка выдаваць нельга, ён абараняў Савецкі Саюз

50

Літоўская генпракуратура атрымала адказ з генпракуратуры Беларусі на просьбу аб выдачы генерала Усхопчыка.

У адказе Генеральнай пракуратуры сказана, што Літве не будзе аказана дапамога па справе 13 студзеня. Паўторны зварот з просьбай выканаць адпаведныя працэсуальныя дзеянні ў адносінах падазраваных Уладзіміра Усхопчыка і Станіслава Юанене ў Беларусь быў накіраваны восенню 2009 года.

«Адмоўны адказ Беларусі не зменіць нашу юрыдычную ацэнку: тое, што было здзейснена ў Літве ў студзені 1991 года супраць абаронцаў свабоды - гэта злачынства, крымінальная адказнасць за гэта будзе пагражаць не толькі ў Літве, але і ва ўсім ЕЗ», - цытуе ru.DELFI.lt словы літоўскага пракурора Альгімантаса Клюнкі.

Паводле Клюнкі, беларуская генпракуратура паўтарыла сваю пазіцыю: учынкі падазраваных яна ацэньвае згодна з законам, што дзейнічаў у той час - законам СССР - як імкненне абараніць канстытуцыйны строй той дзяржавы і яго тэрытарыяльную цэласнасць, з гэтай прычыны і не можа аказаць прававую дапамогу.

Акрамя таго, паводле дамовы аб прававой дапамозе паміж Літвой і Беларуссю, экстрадыцыя беларускіх грамадзян або працэсуальныя дзеянні ў адносінах да іх немагчымыя.

«Выкананне просьбы Літвы па гэтай справе супярэчыла б асноўным прынцыпам законаў Рэспублікі Беларусь», - сказана ў лісце.

Генпракуратура нагадвае, што справа аб падзеях 13 студзеня скончана і перададзена ў суд 19 чэрвеня 1996 года. Па гэтай справе былі абвешчаны прысуды Міколасу Бурокявічусу, Юазасу Ермалавічусу, Юазасу Куалялісу, Ляонасу Барташавічусу, Станіславасу Міцкявічусу і Яраславу Пракаповічу. 19 лютага 2008 года Еўрапейскі суд па правах чалавека прыняў рашэнне адхіліць заяву Буракявічуса і іншых абвінавачаных па гэтай справе і канстатаваў, што літоўская пракуратура і суд належным чынам ужылі ўсе прававыя нормы і падчас працэсу не парушылі правы чалавека.

Як раней паведамляў сайт charter97.org, у 2009 годзе ў інтэрв’ю газеце «Lietuvos rytas» Лукашэнка заявіў, што быў сярод тых, хто падтрымліваў незалежнасць Літвы, паводле яго словаў, крытыкуючы кіраўніка Беларусі былы старшыня Вярхоўнага Савета - Аднаўленчага Сойма Літвы Вітаўтас Ландсбергіс пра гэта забывае.

«Ведаеце, дзе быў Лукашэнка ў найскладанейшы гістарычны момант, калі ў Вільні стралялі? У Вільні, у Вярхоўным Савеце. Праз барыкады мы прабіраліся ў Вярхоўны Савет да Вітаўтаса Ландсбергіса, каб выказаць салідарнасць. Мы хочам, каб у Літве быў мір», – сказаў Лукашэнка.

Даведка charter97.org: Генерала Уладзіміра Усхопчыка ўжо шмат гадоў расшуквае літоўская пракуратура па абвінавачванні ў датычнасці да забойстваў людзей. У студзені 1991 года генерал Усхопчык камандваў Віленскім гарнізонам, менавіта яго падначаленыя стралялі ў змагароў за незалежнасць Літвы.

Вітаўтас Ландсбергіс, былы старшыня Вярхоўнага Савета Літвы, прадставіў суду запіс тэлефонных перамоваў з Усхопчыкам, калі той пагражаў ужыць сілу супраць дэманстрантаў. Ландсбергіс неаднаразова заяўляў, што «генерал Усхопчык быў актыўным удзельнікам студзеньскіх падзей, ён кіраваў Віленскім гарнізонам, і па яго загадзе танкі і бронетранспарцёры пайшлі на бяззбройных людзей».

Пачынаючы з 1992 года, супрацоўнікі пракуратуры Літвы рэгулярна патрабавалі ад беларускіх уладаў выдачы Усхопчыка. Але замест таго, каб выдаць абвінавачанага ўладам той краіны, на тэрыторыі якой ён абвінавачваецца ў здзяйсненні шматлікіх (у тым ліку цяжкіх) злачынстваў, Аляксандр Лукашэнка ў траўні 2000 года прызначыў Усхопчыка намеснікам міністра абароны. 23 лютага 2004 ён узнагародзіў генерал-лейтэнанта Уладзіміра Усхопчыка ордэнам «За службу Радзіме» 1 ступені.

Шматтысячны мітынг каля сценаў парламента пасля захопу савецкімі войскамі Віленскага тэлецэнтра 14 студзеня 1991 года. Падчас аперацыі ў ноч з 13 на 14 студзеня 1991 года загінулі трынаццаць мірных жыхароў.

Напісаць каментар 50

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках