24 лiстапада 2024, Нядзеля, 6:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Літва падазрае «Белэнэрга» у несумленнай канкурэнцыі

1

Беларусь імкнецца падвысіць плату за транзіт расейскай электраэнергіі, лічаць энергетыкі.

Магчымае спыненне паставак расейскай электраэнергіі праз Беларусь прывядзе да значнага абмежавання прапановы на электраэнергетычнай біржы Літвы, што непазбежна прывядзе да росту коштаў, паведамляе ў аўторак незалежны пастаўшчык электраэнергіі ў Літве INTER RAO Lietuva, — інфармуе РИА «Новости».

У панядзелак Беларусь заявіла, што можа спыніць пастаўкі расейскай электраэнергіі ў Калінінградскую вобласць і краіны Балтыі з-за няўзгодненасці ўмоваў транзіту. У той жа час расейская кампанія «Интер РАО» адзначыла, што накіравала беларускім партнёрам прапановы па ўмовах транзіту электраэнергіі, але адказу пакуль не атрымала, наступны раўнд перамоваў пройдзе 11-12 студзеня.

«Несумнеўна, такія паводзіны «Белэнэрга» падвысяць кошты на электраэнергію ў Літве, паколькі абмяжуе прапанову на біржы не толькі з Расеі, якая зараз з'яўляецца асноўнай крыніцай імпарту, але і з Эстоніі, Латвіі ці Фінляндыі», — прыводзяцца ў паведамленні літоўскай кампаніі словы яе камерцыйнага дырэктара Відаса Чэбатарунаса.

У той жа час INTER RAO Lietuva запэўнівае сваіх кліентаў, што падпісаныя дамовы аб пастаўках электраэнергіі ў 2010 годзе будуць выкананыя, а іх умовы змяняцца не будуць.

Па словах Чэбатарунаса, пастаўшчыкі электраэнергіі не могуць паўплываць ні на рэжым паставак, ні на маршрут, ні на аб'ёмы транзіту ў канкрэтную краіну.

«У адну секунду электраэнергія можа прыйсці ў Літву з Беларусі, а ў іншую — праз Эстонію і Латвію. Калі тэхнічна адключаць лініі паміж Расеяй і Беларуссю, іх усяго 11, дык ад гэтага пацерпіць і сама Беларусь, паколькі яна пазбавіць сябе магчымасці рэгуляваць плыні электраэнергіі, акумуляваць электраэнергію, а таксама абмяжуе свае магчымасці імпарту электрычнасці з Украіны», - сказаў камерцыйны дырэктар кампаніі.

Ён лічыць, што «сваімі пагрозамі Беларусь імкнецца ў некалькі разоў падвысіць плату за транзіт расейскай электраэнергіі праз Беларусь, паралельна выклікаючы падвышаную небяспеку надзейнасці ўсёй энергетычнай сістэмы».

Чэбатарунас не выключыў, што гэтыя дзеянні «Белэнэрга» з'яўляюцца часткай несумленнай канкурэнцыі, паколькі прапанаваная Беларуссю электраэнергія ў цяперашні час у паўтары разы даражэй за імпартаваную з Расеі, Эстоніі і Украіны.

Inter RAO Lietuva з'яўляецца найбуйнейшым літоўскім незалежным пастаўшчыком электраэнергіі, 51% акцыяў якога належыць фінскай RAO Nordic OY («дачка» расейскай кампаніі «Интер РАО ЕЭС»), 49% акцыяў — літоўскаму інвестыцыйнаму прадпрыемству Scaent Baltic.

ААТ «Интер РАО ЕЭС» валодае шэрагам генеруючых і размеркавальных актываў у Расеі, Арменіі, Грузіі, Казахстане, Прыднястроўі і Фінляндыі. Сумарная вызначаная магутнасць электрастанцыяў кампаніі — каля 18 тысяч Мвт.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках