26 снежня 2024, Чацвер, 9:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кіраўнік МЗС Літвы: Лукашэнка не выконвае абяцанні

47
Кіраўнік МЗС Літвы: Лукашэнка не выконвае абяцанні

Абяцанне Аляксандра Лукашэнкі аб супрацоўніцтве па справе 13 студзеня, дадзенае ім падчас візіту ў Вільнюс, засталося нявыкананым.

Аб гэтым заявіў кіраўнік МЗС Літвы Вігаўдас Ушацкас, каментуючы адмову Беларусі выдаць генерала Усхопчыка.

«Шкадуем, што абяцанне Аляксандра Лукашэнкі супрацоўнічаць з Літвой у расследаванні асабліва важнай для нашага народа справы 13 студзеня, дадзенае ім падчас візіту ў Вільню, не выкананае», - сказаў агенцтву BNS міністр замежных спраў Літвы.

«Міністэрства замежных спраў у супрацоўніцтве з Генеральнай пракуратурай прыкладзе ўсе намаганні для таго, каб крымінальны пераслед быў працягнуты. Спадзяемся, што Беларусь будзе ацэньваць правасуддзе не па законах існаваўшай некалі таталітарнай дзяржавы - дзяржавы, якая прынесла шмат шкоды, пакут і ахвяр самім грамадзянам Беларусі, а кіравацца прынцыпамі павагі правоў чалавека, дэмакратыі і добрасуседства», - сказаў Вігаўдас Ушацкас.

Нагадаем, што літоўская генпракуратура ў аўторак паведаміла, што атрымала адказ з Генпракуратуры Беларусі, у якім было сказана, што Літве не будзе аказана дапамога па справе 13 студзеня. Паўторны зварот з просьбай выканаць адпаведныя працэсуальныя дзеянні ў адносінах падазраваных Уладзіміра Усхопчыка і Станіслава Юанене ў Беларусь быў накіраваны восенню 2009 года.

Беларусь жа дагэтуль адмаўляецца выдаваць Літве генерала Уладзіміра Усхопчыка, які абвінавачваецца па справе аб антыдзяржаўным перавароце 13 студзеня 1991 года. У 2000 годзе ён быў прызначаны намеснікам міністра абароны Беларусі.

Літоўскі пракурор Альгімантас Клюнка ў аўторак заявіў, што адмоўны адказ Беларусі не зменіць юрыдычную ацэнку Літвы: «тое, што было здзейснена ў Літве ў студзені 1991 года супраць абаронцаў свабоды - гэта злачынства, крымінальная адказнасць за гэта будзе пагражаць не толькі ў Літве, але і ва ўсім ЕЗ».

Паводле яго словаў, беларуская генпракуратура паўтарыла сваю пазіцыю, што дзейнасць падазраваных яна ацэньвае згодна з законам, што дзейнічаў у той час - законам СССР - як імкненне абараніць канстытуцыйны строй той дзяржавы і яго тэрытарыяльную цэласнасць, з гэтай прычыны і не можа аказаць прававую дапамогу.

У верасні мінулага года пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ заявіла, што літоўская пракуратура павінна больш актыўна прыкладаць намаганні, каб атрымаць прававую дапамогу з Беларусі.

Сам Лукашэнка, як раней паведамляў сайт charter97.org, заявіў, што быў сярод тых, хто падтрымліваў незалежнасць Літвы.

«Ведаеце, дзе быў Лукашэнка ў найскладанейшы гістарычны момант, калі ў Вільні стралялі? У Вільні, у Вярхоўным Савеце. Праз барыкады мы прабіраліся ў Вярхоўны Савет да Вітаўтаса Ландсбергіса, каб выказаць салідарнасць. Мы хочам, каб у Літве быў мір», – сказаў Лукашэнка.

Даведка charter97.org: Генерала Уладзіміра Усхопчыка ўжо шмат гадоў расшуквае літоўская пракуратура па абвінавачванні ў датычнасці да забойстваў людзей. У студзені 1991 года генерал Усхопчык камандваў Віленскім гарнізонам, менавіта яго падначаленыя стралялі ў змагароў за незалежнасць Літвы.

Вітаўтас Ландсбергіс, былы старшыня Вярхоўнага Савета Літвы, прадставіў суду запіс тэлефонных перамоваў з Усхопчыкам, калі той пагражаў ужыць сілу супраць дэманстрантаў. Ландсбергіс неаднаразова заяўляў, што «генерал Усхопчык быў актыўным удзельнікам студзеньскіх падзей, ён кіраваў Віленскім гарнізонам, і па яго загадзе танкі і бронетранспарцёры пайшлі на бяззбройных людзей».

Пачынаючы з 1992 года, супрацоўнікі пракуратуры Літвы рэгулярна патрабавалі ад беларускіх уладаў выдачы Усхопчыка. Але замест таго, каб выдаць абвінавачанага ўладам той краіны, на тэрыторыі якой ён абвінавачваецца ў здзяйсненні шматлікіх (у тым ліку цяжкіх) злачынстваў, Аляксандр Лукашэнка ў траўні 2000 года прызначыў Усхопчыка намеснікам міністра абароны. 23 лютага 2004 ён узнагародзіў генерал-лейтэнанта Уладзіміра Усхопчыка ордэнам «За службу Радзіме» 1 ступені.

Напісаць каментар 47

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках