Іняз падтрымаў свайго кандыдата (Фота)
28- 11.10.2010, 16:39
Прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі Андрэй Саннікаў заручыўся падтрымкай студэнтаў свайго былога ВНУ.
У панядзелак лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў збіраў подпісы ў пікеце каля Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, паведамляе сайт «Еўрапейская Беларусь».
«Гэтае месца вельмі знакавае ў маім жыцці. З аднаго боку знаходзіцца іняз, дзе я вучыўся і дзе правёў адныя з лепшых гадоў майго жыцця. Адразу насупраць - Таварыства сяброўства і культурных сувязяў з замежнымі краінамі, дзе я працаваў адразу пасля заканчэння вучобы. Вядома, мне эмацыйна вельмі важна было пастаяць з пікетам менавіта тут. Сустрэў знаёмых, з якімі вучыўся, і якія мяне вучылі. Яны вераць у перамогу, вераць у мяне, вераць, што наша жыццё хутка зменіцца.
Вельмі прыемна было пагутарыць з цяперашнімі студэнтамі. Відаць было, што некаторыя пабойваюцца падпісвацца побач з будынкам універсітэта, але тыя, хто падыходзіў, казалі словы падтрымкі і ганарыліся тым, што выпускнік іняза будзе балатавацца ў прэзідэнты», - распавёў Андрэй Саннікаў.










