24 лiстапада 2024, Нядзеля, 6:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ігар Юшкоў: Не варта звяртаць увагу на спробы запусціць «Адэса-Броды» ў аверсе

20

Венесуэльская нафта для Беларусі ў любым выпадку каштуе амаль у два разы больш за расейскую.

Расеі не варта звяртаць асаблівую ўвагу на тое, што Украіна і Беларусь могуць запусціць нафтаправод «Адэса-Броды» ў аверсным рэжыме для перапампоўвання венесуэльскай нафты на беларускія НПЗ. Такое меркаванне выказаў 12 кастрычніка ІА «Регнум» эксперт Фонда нацыянальнай энергетычнай бяспекі Ігар Юшкоў.

Нагадаем, 12 кастрычніка міністр паліва і энергетыкі Украіны Юрый Бойка заявіў, што ў канцы лістапада Украіна ажыццявіць пробную прапампоўку 80 тыс. тонаў венесуэльскай нафты ў Беларусь на Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод з выкарыстаннем у аверсным рэжыме нафтаправодаў «Адэса-Броды» і «Дружба». Пратакольнае рашэнне аб транспарціроўцы пробнай партыі нафты паводле словаў міністра, было прынята на сённяшнім пасяджэнні ўрада.

«Пра магчымасць запуску «Адэса-Броды» ў аверсным рэжыме нядаўна казаў і міністр транспарту Украіны Канстанцін Яфіменка», - нагадаў Юшкоў. - «Ён заяўляў, што калі Беларусь гатовая гарантаваць запаўненне нафтаправода чатырма мільёнамі тонаў нафты, то тады нафтаправод можна будзе разгарнуць у аверс, як яго і меркавалася выкарыстаць першапачаткова. Але раней Беларусь не магла даваць падобных гарантый. Аднак цяпер для таго, каб гарантаваць загрузку сваіх НПЗ, яна вымушаная выкарыстоўваць нафтаправоды», - адзначыў эксперт.

Паводле яго словаў, тут маецца шэраг характэрных складанасцяў. «Каб выкарыстоўваць «Адэса-Броды», які непасрэдна не падыходзіць да беларускіх НПЗ, трэба, па-першае, правесці яго тэхнічную рэарганізацыю, якая будзе каштаваць каля $87 млн. Акрамя гэтага, трэба будзе дабудаваць саму нафтаправодную сістэму. Адпаведна, нафтаправоды трэба падоўжыць на ўчастках для Полацка і Гданьска, і адтуль ужо да беларускіх НПЗ», - сказаў Юшкоў.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што надзейнасць паставак у Беларусь венесуэльскай нафты па трубе «Адэса-Броды» будзе залежаць ад кан'юнктуры расейска-ўкраінскіх адносін. «Дапусцім, калі сёння адносіны сапсаваліся, Украіна дазволіць карыстацца трубой, а заўтра, калі адносіны наладзяцца, яна забароніць беларусам транспартаваць сыравіну праз трубаправодную сістэму. Таму Аляксандр Лукашэнка тут моцна рызыкуе», - лічыць аналітык.

На яго думку, Расея пры жаданні можа тарпедаваць гэты праект. «На тое, што адбываецца, уплывае вялікая палітыка, і калі першыя асобы дзяржавы, Мядзведзеў ці Пуцін умяшаюцца ў гэтае пытанне і перамовы з палітыкамі Украіны, то праблема можа быць вырашаная на карысць Расеі. З іншага боку, Расеі наогул няма вялікага сэнсу ўмешвацца ў тое, што адбываецца», - сказаў Юшкоў.

«Венесуэльская нафта ў любым выпадку каштуе амаль у два разы больш за расейскую. У траўні Белстат абвясціў, што яе цана склала $656 за тону, у той час як расейскі кошт знаходзіўся на ўзроўні $398 за тону. У чэрвені цана венесуэльскай нафты скарацілася ($568 за тону), аднак яна ўсё роўна істотна вышэйшая за расейскую. Але так як Лукашэнка не збіраецца, насуперак усім эканамічным рэаліям, закупляць нафту ў Расеі, ён кідаецца па ўсім свеце, спрабуючы арганізаваць нейкія пастаўкі. 9 жніўня беларускія ўлады замацавалі свае намеры ў Стратэгіі развіцця энергетычнага патэнцыялу Беларусі, у якой пазначылі, што яны будуць закупляць нафту ў Азербайджана, Венесуэлы і краін Персідскага заліва, і дастаўляць яе праз парты Украіны і Прыбалтыкі. Але, у той жа час, пакуль, акрамя Венесуэлы, Лукашэнка нідзе здабыць нафту не змог. Магчыма, таму расейскія лідары, бачачы, што яго спробы дарэмныя, не будуць нічога прадпрымаць», - падвёў вынік Ігар Юшкоў.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках