26 снежня 2024, Чацвер, 6:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусь рызыкуе атрымаць ад Расеі яшчэ і пошліны на газ

20
Беларусь рызыкуе атрымаць ад Расеі яшчэ і пошліны на газ

У прэм'ераў Расеі і Беларусі не атрымаецца дамовіцца пра кошты на газ на паседжанні «саюзнага» Саўміна, лічаць эксперты.

Беларусь будзе настойваць на пераглядзе дамовы па пастаўках расейскага газу. На якой падставе краіна разлічвае на роўнадаходнасць коштаў на газ з Расеяй і наколькі гэта рэальна?

Як заявіў 14 кастрычніка намеснік міністра эканомікі Беларусі Анатоль Філонаў, Беларусь настойвае на адначасовым выхадзе з Расеяй на роўнадаходныя кошты на газ.

«Напрыклад, калі Расея плануе выйсці на роўнадаходнасць для «Газпрама» паставак газу на экспарт і на ўнутраны рынак да 2014 года, дык, прыкладна, і мы да гэтага перыяду павінны падысці да такога ўзроўню коштаў. Гэта дазваляе стварыць роўнае канкурэнтнае асяроддзе для нашых вытворцаў. У цяперашні час мы знаходзімся ў няроўных умовах - у нас кошты на энерганосьбіты значна вышэй», - цытуе намесніка міністра БелТА.

Па словах Філонава, кошт на газ для Беларусі ў наступным годзе будзе вызначацца «па формуле кошту ў залежнасці ад кошту нафты».

Эканаміст Леанід Злотнікаў у інтэрв'ю «Заўтра тваёй краіны» заяўляе, што яшчэ ў першай палове 90-х гадоў мінулага стагоддзя Беларусь і Расея падпісвалі пэўныя дакументы, што датычыць перспектываў паставак энерганосьбітаў, на якія спасылаецца беларускі бок.

-- З іншага боку, ёсць падпісаныя дакументы і з боку нашага ўрада пад новы 2007 год, дзе агаворвалася, якім чынам будуць паступова павялічвацца да ўзроўню сусветных кошты на нафту і газ. Паводле тых пагадненняў, кошт на газ увязваўся з коштам на нафту. На іх можа спаслацца Расея, -- лічыць Леанід Злотнікаў. - Роўнадаходнасць неабходная Беларусі для роўных умоваў канкурэнцыі. Адна мытная прастора, а кошты на газ у нас нашмат вышэйшыя, чым у расейцаў (у іх газ каштуе 70-80 даляраў за тысячу кубаметраў).

Леанід Злотнікаў не лічыць, што ў прэм'ераў Расеі і Беларусі атрымаецца дамовіцца пра кошты на газ на найбліжэйшым паседжанні саюзнага Саўміна 15 кастрычніка.

-- Яшчэ да палітычных катаклізмаў былі падпісаныя пагадненні пра паступовае падвышэнне коштаў на энерганосьбіты. Так што цяжка звальваць усё толькі на пагаршэнне стасункаў беларускага прэзідэнта з расейскім кіраўніцтвам, але ў цяперашніх умовах яно тым больш не будзе адмаўляцца ад палітыкі, якая праводзіцца ў апошнія тры гады, - мяркуе эксперт. - Наогул, мы рызыкуем, што, апроч ўсяго іншага, могуць быць уведзеныя пошліны на пастаўкі расейскага газу ў Беларусь, а калі гэтая пошліна складзе каля ста даляраў на тысячу кубаметраў, дык гэта будзе азначаць для Беларусі страту яшчэ двух мільярдаў даляраў у год.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках