24 снежня 2024, aўторак, 6:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Правільны» падлік галасоў забяспечаць выканкамы

12

Да праваабаронцаў патрапіў цікавы дакумент, зацверджаны старшынёй Салігорскага райвыканкама.

«План арганізацыйна-ідэалагічнага забеспячэння выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 19 снежня 2010 года на тэрыторыі Салігорскага раёна» падпісалі начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай працы В.Е.Кохан і намеснік начальніка адзела ідэалагічнай працы Т.М.Субоціна.

Гэты План, напэўна, не выклікаў бы да сябе падвышанай цікавасці з боку назіральнікаў, калі б не меў відавочнага ухілу на ідэалагічнае забеспячэнне выбараў. Асабліва цікавыя з гэтага пункту гледжання палажэнні дакумента каментуе адзін з кіраўнікоў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Валянцін Стэфановіч.

Праваабаронца адзначае, што частка пунктаў Плана, прапісаных салігорскімі чыноўнікамі раённага масштабу, супярэчнасцяў не выклікае – паколькі ў адпаведнасці з выбарчым заканадаўствам выканаўчыя камітэты сапраўды павінны супрацоўнічаць з тэрытарыяльнымі камісіямі і садзейнічаць у арганізацыі шэрагу выбарчых мерапрыемстваў. Да прыкладу – вызначаць месцы, забароненыя для збору подпісаў, месцы для правядзення масавых мерапрыемстваў, якія арганізуюць кандыдаты ў прэзідэнты, прадастаўляць памяшканні для правядзення сустрэчаў з выбаршчыкамі і г.д.

Разам з тым План утрымлівае пункты, якія яскрава сведчаць пра тое, што выбарчы працэс у краіне вельмі моцна кантралюецца выканаўчай «вертыкаллю». Звернемся да некаторых палажэнняў, распрацаваных Салігорскім выканкамам.

Так, у пералік арганізацыйных мерапрыемстваў уключанае «Правядзенне нарады са старшынямі і сакратарамі ўчастковых камісіяў па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». У якасці выканаўцаў гэтага пункту пазначаныя раённы выканаўчы камітэт і раённая выбарчая камісія.

Агульнапрынятая практыка – калі вышэйстаячы камісіі праводзяць пэўныя паседжанні, навучальныя семінары для ўтвораных выбаркамаў, дзе тлумачаць нормы заканадаўства. Але выканаўчыя камітэты тут ні пры чым, яны ствараюць камісіі, якія далей павінны дзейнічаць самастойна, падкрэслівае В.Стэфановіч.

«Правядзенне нарады-навучання па пытаннях ідэалагічнага забеспячэння падрыхтоўкі і правядзення выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з намеснікамі кіраўнікоў прадпрыемстваў, арганізацыяў, гаспадарак па ідэалагічнай працы» ускладзенае на аддзел ідэалагічнай працы райвыканкама. У праваабаронцаў ізноў узнікае пытанне - прычым аддзелы ідэалагічнай працы райвыканкама да правядзення выбараў?

«Ёсць вызначаныя заканадаўствам органы, адказныя за правядзенне выбараў – і гэта, відавочна, не адміністрацыі прадспрыемстваў і арганізацыяў, - нагадвае В.Стэфановіч. - То бок, гэты пункт паказвае на тое, што арганізацыяй выбараў у нас насамрэч займаюцца выканкамы, адміністрацыі прадпрыемстваў і установаў, што я лічу недапушчальным», - падкрэсліў Стэфановіч.

Таксама сумеснымі намаганнямі аддзела ідэалагічнай працы, аддзела па справах моладзі райвыканкама і раённага камітэта БРСМ у Салігорскім раёне у перыяд перадвыбарчай кампаніі запланаванае «Правядзенне цыклу асветніцкіх мерапрыемстваў з маладымі людзьмі, якая ўпершыню бяруць ўдзел у выбарах. Аказанне садзейнічання РК ГА «БРСМ» у арганізацыі і правядзенні інфармацыйна-растлумачальнай працы з моладдзю, якая навучаецца і працуе».

У сувязі з гэтым праваабаронца адзначае агульнавядомасць таго факту, што БРСМ адказвае за ідэалагічнае забеспячэнне існуючай улады.

«І можна толькі здагадвацца, якую інфармацыйна-растлумачальную працу яны будуць праводзіць з моладдзю. Гэта можа ператварыцца проста яшчэ ў адну магчымасць для агітацыі за вылучэнне аднаго з кандыдатаў і падтрымку яго пасля рэгістрацыі. Відавочна, што такой магчымасці давераныя асобы і групы падтрымкі іншых кандыдатаў будуць пазбаўленыя - я маю на ўвазе доступ менавіта да навучальных установаў, арганізацыяў і г.д.»

Але найбольшую ўвагу «Праваабаронцаў за свабодныя выбары» выклікаў намер ідэолагаў Салігорскага райвыканкама, заяўлены ў пункце «Арганізацыя працы назіральнікаў у выбарчых камісіях ад працоўных калектываў, палітычных партыяў, грамадскіх аб’яднанняў».

Праваабаронцы лічаць, што назіранне за выбарамі – справа саміх суб’ектаў, якія бяруць удзел у выбарчай кампаніі. Палітычныя партыі, грамадскія арганізацыі самастойна вызначаюцца, ці з’яўляецца назіранне за выбарамі статутнай мэтай іх дзейнасці. А з дадзенага дакумента вынікае, што ідэолагі раённага масштабу будуць арганізоўваць працу ў выбарчых камісіях назіральнікаў ад палітычных партыяў і грамадскіх аб’яднанняў.

«Натуральна, гаворка ідзе пра праўладныя структуры. І гэта не новая тэндэнцыя, калі ўлады актыўна арганізоўваюць назіральнікаў на выбарчыя ўчасткі ад такіх праўладных структураў. Яны гэта робяць, у тым ліку, і з мэтай нейтралізацыі інфармацыі, якая будзе паступаць ад незалежных назіральнікаў, назіральнікаў ад апазіцыйных палітычных партыяў - з мэтай легітымізацыі вынікаў выбараў» - зрабіў выснову Валянцін Стэфановіч.

На думку праваабаронцаў, такога кшталту дакументы прымаюцца ўсімі раённымі выканкамамі і падчас правядзення ўсіх выбарчых кампаніяў, а тым больш прэзідэнцкіх.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках