24 лiстапада 2024, Нядзеля, 19:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кіраўнічка ЦВК Беларусі і падазраваныя ў выкраданнях - невыязныя ў Еўропу

37
Кіраўнічка ЦВК Беларусі і падазраваныя ў выкраданнях - невыязныя ў Еўропу

Рада ЕЗ падоўжыла санкцыі для групы высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў.

Рада Еўразвяза 25 кастрычніка падоўжыла да 31 кастрычніка 2011 года санкцыі ў дачыненні да 41 высокапастаўленага беларускага чыноўніка, уключаючы Аляксандра Лукашэнку.

Адначасова з працягам санкцыяў падоўжаны мараторый на іх ужыванне ў дачыненні да 36 чалавек. Адпаведная рэзалюцыя апублікавана на афіцыйным сайце Рады ЕЗ.

Пад дзеянне мараторыя не падпадаюць пяць чалавек - былы камандзір брыгады спецназа ўнутраных войскаў МУС Дзмітры Паўлічэнка, два былыя міністры ўнутраных справаў Юры Сівакоў і Уладзімір Навумаў, былы генеральны пракурор Віктар Шэйман і кіраўнічка ЦВК Лідзія Ярмошына, перадае БелаПАН.

Як адзначаецца ў рэзалюцыі, гатоўнасць ЕЗ да развіцця стасункаў з Беларуссю будзе залежаць ад прагрэсу ў галіне развіцця ў краіне дэмакратыі, у тым ліку захавання правоў чалавека і прынцыпу вяршэнства закона. ЕЗ таксама працягне абмеркаванне плана рэформаў для Беларусі, якія распрацаваныя Еўракамісіяй у межах Еўрапейскай палітыкі добрасуседства. Акрамя таго, не выключаецца магчымасць макрафінансавай дапамогі ЕЗ Беларусі ў выпадку выканання краінай вызначаных умоваў.

У той жа час Рада ЕЗ выказвае занепакоенасць сітуацыяй у Беларусі ў галіне дэмакратыі і правоў чалавека. Рада таксама «глыбока шкадуе ў сувязі з адсутнасцю прагрэсу» ў Беларусі па шэрагу пытанняў, у тым ліку па далейшым рэфармаванні Выбарчага кодэкса, захаванні права на свабоду слова, СМІ, сходаў і асацыяцыяў.

У рэзалюцыі падкрэсліваецца, што ЕЗ працягне аказваць падтрымку грамадзянскай супольнасці ў Беларусі ў мэтах «развіцця плюралістычнай і дэмакратычнай атмасферы» ў краіне.

У дакуменце ўтрымліваецца заклік да беларускіх уладаў правесці прэзідэнцкія выбары ў адпаведнасці з нормамі і стандартамі міжнароднага права. Рада ЕЗ вітае рашэнне беларускіх уладаў запрасіць для назірання за выбарамі прадстаўнікоў БДІПЧ АБСЕ. «ЕЗ будзе ўважліва сачыць за развіццём сітуацыі ў час і пасля выбараў, - кажацца ў дакуменце. - Відавочны і бачны прагрэс пры правядзенні выбараў дасць новы стымул для развіцця палітыкі ЕЗ у дачыненні да Беларусі».

Упершыню візавыя санкцыі былі ўведзеныя ў 2004 годзе ў дачыненні да чатырох беларускіх чыноўнікаў, да 2006 годзе ў спіс увайшоў ужо 41 чалавек.

Першымі ў спіс трапілі чатыры прадстаўнікі сілавых структураў, датычныя, на думку ЕЗ, да знікнення ў Беларусі ў 1999-2000 гадах апазіцыйных палітыкаў, - гэта Уладзімір Навумаў, Віктар Шэйман, Юры Сівакоў і Дзмітры Паўлічэнка.

У снежні 2004 года, пасля парламенцкіх выбараў і рэферэндуму, спіс папоўнілі Лідзія Ярмошына і былы камандзір менскага АМАПу Юры Падабед.

У красавіку 2006 года спіс быў пашыраны да 37 чалавек: у яго патрапіў і Аляксандр Лукашэнка, адказны, на думку ЕЗ, за парушэнні правоў чалавека падчас прэзідэнцкай кампаніі. Крыху пазней да гэтага рашэння далучыліся яшчэ каля 10 краінаў, якія не ўваходзяць у ЕЗ.

У кастрычніку 2006 года ў спіс неўяздных былі ўключаныя яшчэ чатыры чыноўнікі: суддзя суда Маскоўскага раёна Менска Аляксей Рыбакоў і дзяржабвінаваўца Сяргей Бортнік - за прысуд палітыку Аляксандру Казуліну, а таксама суддзя суда Цэнтральнага раёна Менска Леанід Ясіновіч і дзяржабвінаваўца Андрэй Мігун - за прысуд актывістам незарэгістраванай арганізацыі «Партнёрства».

У кастрычніку 2008 года кіраўнікі МЗС краінаў ЕЗ упершыню прыпынілі на паўгады дзеянне санкцыяў для 36 чыноўнікаў. З таго часу Еўразвяз некалькі разоў прымаў рашэнне аб падаўжэнні санкцыяў і адначасова аб мараторыі на іх прымяненне. Пры гэтым на пяцёх чалавек дзеянне мараторыя не распаўсюджвалася.

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках