25 лiстапада 2024, панядзелак, 0:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Колькасць загінулых падчас выбуху на «Пінскдрэве» расце (Відэа)

36
Колькасць загінулых падчас выбуху на «Пінскдрэве» расце (Відэа)

На дадзены момант загінулымі ў выніку выбуху на фабрыцы ў Пінску лічацца тры чалавекі.

Адзін з пацярпелых памёр сёння ноччу ў шпіталі, паведамляе МНС Беларусі.

Адзін чалавек загінуў адразу, цела другога загінулага было знойдзенае напярэдадні ўвечары пад заваламі будынка.

У цяперашні час у медыцынскіх установах Пінска, Берасця і Менска знаходзяцца 18 чалавек. Стан большасці з іх медыкі ацэньваюць як цяжкі, а траіх пацыентаў - як вельмі цяжкі.

Выбух і пажар ў цэху па вытворчасці драўняна-стружкавых плітаў СТАА «Пінскдрэў-ДСП» адбыўся ўдзень 25 кастрычніка 2010 года. У выніку выбуху абрынуліся пліты пакрыцця на плошчы каля 100 кв. метраў і сцены будынка - каля 400 кв. метраў.

Меркаваная прычына здарэння - выбух адкладанняў драўнянага пылу ў выніку парушэння рэжыму эксплуатацыі абсталявання па вытворчасці драўняна-паліўных гранулаў.

На месцы працуюць камісія па надзвычайных сітуацыях Пінскага гарвыканкама, МНС і следчая група пракуратуры Берасцейскай вобласці.

Працоўныя фанернай фабрыкі паведамілі «Еўрарадыё», што пасля выбуху пацярпелых выносілі з моцнымі апёкамі. Людзі былі практычна голыя, адзенне згарэла цалкам.

Працоўныя наракаюць на тое, што спецвопратка зробленая з сінтэтыкі, таму хутка згарэла. Працаўнікі кажуць, што некалькі разоў звярталіся да кіраўніцтва з пытаннямі пра бяспеку працы. Яны падазравалі, што ў паветры высокая канцэнтрацыя драўлянага пылу. Аднак супрацоўнікі лабараторыі казалі, што ўсе паказчыкі ў норме.

Прадпрыемства знаходзіцца ў межах горада. Жыхары бліжэйшых дамоў кажуць, што заўсёды з боку завода ідзе нейкі пах. Асабліва па вечарах ці ўначы. Там ідзе праца ў тры змены. Вось і ўвечары 24 кастрычніка, кажуць, смурод быў вельмі моцным.

Жыхары некалькі разоў ужо звярталіся ў санэпідстанцыю, да дэпутатаў, у мясцовую прэсу з пытаннямі пра стан экалогіі ў раёне прадпрыемства. Аднак яны заўсёды атрымлівалі адказ, што паказчыкі забруджвання паветра ў норме. Людзі лічаць, што ніхто не можа вырашыць сітуацыю з «Пінскдрэва», паколькі гэта - горадаўтваральнае прадпрыемства, а дырэктар холдынгу вельмі ўплывовая асоба - нават на рэспубліканскім узроўні.

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках