23 снежня 2024, панядзелак, 23:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Апазіцыя вылучыць 700 прадстаўнікоў ва ўчастковыя камісіі

19

Ва ўчастковых выбаркамах праходзіць падлік галасоў, да якога апазіцыянераў звычайна не падпускаюць.

Пачалася кампанія вылучэння кандыдатаў у склад участковых выбарчых камісіяў, якія будуць весці падлік галасоў на прэзідэнцкіх выбарах 19 снежня. Апазіцыя збіраецца накіраваць сваіх прадстаўнікоў толькі ў дзясятую частку камісіяў. Такое прадстаўніцтва не дае магчымасці пракантраляваць падлік галасоў па ўсёй краіне, але дазваляе зрабіць высновы наконт дэмакратычнасці выбарчага працэсу, перадае «Радыё Свабода».

Паводле выбарчага графіку вылучэнне ва ўчастковыя выбарчыя камісіі завяршаецца 31 кастрычніка. Да 4 лістапада мясцовыя саветы і выканкамы на сумесных пасяджэннях павінны сфарміраваць 6390 участковых камісіяў.

Ад апазыцыі каардынацыяй вылучэння ў камісіі займаецца кампанія «За свабодныя выбары», у якую ўвайшлі 14 палітычных партыяў і грамадскіх аб'яднанняў, у тым ліку і левых «Справядлівы свет», БНФ, АГП.

Па словах сустаршыні гэтай кампаніі Сяргея Калякіна, запланавана вылучыць ва ўчастковыя камісіі прынамсі 500 чалавек. Толькі Беларуская партыя левых «Справядлівы свет» накіруе ў склад камісіяў 270 чалавек.

Рэальна ж ад кампаніі «За свабодныя выбары» будуць вылучаныя каля 700 чалавек, паведаміў Сяргей Калякін. Некаторыя штабы апазыцыйных кандыдатаў - напрыклад, штаб Андрэя Саннікава, - таксама вылучаюць сваіх прадстаўнікоў ва ўчастковыя камісіі - шляхам збору подпісаў. Але ў любым выпадку на ўсе камісіі прадстаўнікоў апазіцыі не хопіць, у тым ліку і таму, што значная частка дэмакратаў занятая ў ініцыятыўных групах апазіцыйных кандыдатаў.

Сяргей Калякін прызнаўся, што апазіцыя і не ставіць задачу ахапіць усе камісіі:

«Нават калі б мы вылучылі 7000 чалавек ва ўсе 7000 камісіяў, гэта не з'яўляецца гарантыяй таго, што выбары не будуць сфальсіфікаваныя. Таму што ў большасці механізмаў фальсіфікацыі, якія ўжытыя сёння, удзельнічаюць адзін-два чалавекі з камісіі. У асноўным гэта кіраўнікі камісіяў, іх намеснікі і сакратары.

Паводле словаў Калякіна, дастаткова пракантраляваць працу 250 выбарчых участкаў, каб зрабіць выснову, ці былі выбары справядлівымі ў цэлым па краіне.

З іншага боку, няма ніякіх гарантыяў, што ў камісіі ўключаць ўсіх апазыцыянераў, якія будуць вылучаныя. Звычайна праз сіта вертыкалі праходзіць толькі каля 15% вылучаных апазіцыянераў.

Такім чынам, у цяперашніх умовах апазіцыя можа разлічваць на 100-120 сваіх прадстаўнікоў у камісіях, мяркуе Сяргей Калякін:

«Гэтыя людзі павінны быць добра падрыхтаваны псіхалагічна, яны павінны быць навучаныя, мець высокую матывацыю, каб у поўнай меры выкарыстоўваць свае правы. На мінулых мясцовых выбарах у нас было 160 чальцоў усіх камісіяў. З іх толькі 9 чалавек не падпісалі пратакол ці напісалі ўласнае меркаванне. Усе астатнія фактычна абялілі гэтыя выбары», - падсумаваў Калякін.

Каардынацыя вылучэння кандыдатаў ад апазіцыі ва ўчастковыя камісіі адбываецца на абласным узроўні. У Гомельскай вобласці гэтым займаецца Уладзімір Кацора. Паводле яго словаў, на 90% вылучэнне ў камісіі ідзе ад партыйных структураў, астатнія 10% - шляхам збору подпісаў грамадзянаў.

Але асаблівага энтузіязму ў актывістаў няма, кажа Уладзімір Кацора:

«Чаканне аднаго: што не ўключаць, такі прагноз ... Але калі не ўключаць, дык і гэта будзе вынік, галоўнае сведчанне таго, што ўлады і надалей не маюць намеру праводзіць сумленныя выбары і справядлівы падлік галасоў».

Актывісты кампаніі «За свабодныя выбары» накіравалі ў ЦВК зварот з просьбай ухваліць падрыхтаваныя імі праекты пастановаў, у тым ліку і з нагоды таго, што пры фарміраванні ўчастковых камісіяў вылучэнцы палітычных партыяў павінны мець прыярытэт.

Па словах сакратара ЦВК Мікалая Лазавіка, «пакуль гэты зварот знаходзіцца на разглядзе». Пазіцыя ЦВК у гэтым пытанні наступная:

«Вядома, захоўваецца гэты прынцып, каб адна траціна была прадстаўнікоў палітычных партыяў і грамадскіх аб'яднанняў, не менш за адну траціну. Але ў першую чаргу трэба глядзець, хто гэтыя прадстаўнікі, наколькі гэта аўтарытэтныя і паважаныя выбаршчыкамі людзі», - заявіў сакратар ЦВК.

Мікалай Лазавік таксама падкрэсліў, што галоўны крытэр пры фарміраванні выбарчых камісіяў - не прыналежнасць да палітычных партыяў, а «дзелавыя якасці самога чалавека, які вылучаны ў камісію, яго аўтарытэт, тое, наколькі ён умее працаваць з законам, паважае гэты закон і ўмее працаваць з людзьмі».

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках