23 лiстапада 2024, Субота, 11:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Саннікаў у блогу на «Эхо Москвы»: Мы ўжо перамагаем

77
Саннікаў у блогу на «Эхо Москвы»: Мы ўжо перамагаем

Пратэстныя настроі ў людзей сталі мацнейшымі, чым калі б там ні было, лічыць лідэр беларускай апазіцыі.

Пра гэта лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі Андрэй Саннікаў піша ў сваім блогу на «Эхо Москвы».

У чацвер у Беларусі распачаўся збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты. Другі дзень стаю ў пікетах. Падпісваюцца ахвотна – нават холад і дождж чацвярга не заміналі людзям, якія спяшаліся пад парасонамі, спыняцца каля стэнда, чытаць матэрыялы, задаваць пытанні і, нарэшце, падпісвацца. І першая выснова, да якой прыходзіш, удзельнічаючы ў зборы подпісаў, - людзі засумавалі па інфармацыі і стаміліся ад лукашэнкаўскай хлусні.

Ужо даўно ніхто не лічыць беларускае тэлебачанне і газеты крыніцамі інфармацыі – нават тыя, хто вырас у СССР і доўгі час думаў, што па тэлевізары кажуць праўду. Ніхто не слухае прамовы Лукашэнкі – хіба што для забаўкі, каб потым пасмяяцца з сябрамі. Адзін і той жа твар стаміў усіх. Адна з самых распаўсюджаных рэплікаў, якую прамаўлялі тыя, хто падпісваліся, - «як добра, што цяпер можна хоць на вуліцы ўбачыць нармальных людзей, якіх не бачна на БТ».

Другая выснова – электарата Лукашэнкі больш няма. Калі раней – і ў 2006, і ў 2001 гадах – на зборшчыкаў подпісаў абавязкова кожны дзень наскоквалі некалькі чалавек, якія ашалела баранілі Лукашэнку і яго рэжым, дык цяпер такіх няма наогул. Падчас ранейшых прэзідэнцкіх кампаніяў кожны зборшчык подпісаў абавязкова сустракаў на сваім шляху хаця б адну бабульку ў хустцы, якая б з гонарам размахвала пенсійным пасведчаннем ці газетай «Советская Белоруссия» і пераконвала галоўным чынам сябе, што пра такую салодкую старасць, як пры Лукашэнку, яна нават марыць не адважвалася, ці спадара ў кепцы і пацёртым скураным паліто, які пагардліва разважаў пра тое, што Лукашэнка ўжо накраўся, а любая новая ўлада пачне раскрадаць краіну з новай сілай, так што яго голас будзе аддадзены ўлады дзейючай. Гэтыя персанажы канчаткова зніклі. Яны растварыліся ў народзе, які ўсё смялей пачынае верыць у свае сілы.

І, нарэшце, трэцяя выснова пасля першых дзён збору подпісаў: пратэстныя настроі ў вялікай колькасці людзей сталі мацней, чым калі б там ні было раней. Вельмі шмат хто – і гэта заўважылі зборшчыкі подпісаў за розных кандыдатаў – падыходзяць да сталоў, наогул не гледзячы на прозвішча прэтэндэнта: «Дайце падпісацца! Мне ўсё адно, за каго, толькі б супраць гэтага!» На мінулых выбарах такія настроі – «усё, што заўгодна, толькі не гэтая ўлада!» – сустракаліся вельмі рэдка. Але сітуацыя дакладна нагадвае 1994 год, калі вялікая частка выбаршчыкаў прагаласавала за Лукашэнку слепа, проста з пачуцця пратэсту. Яго галоўным канкурэнтам на выбарах быў тагачасны прэм'ер-міністр Вячаслаў Кебіч. І, паколькі Кебіч увасабляў застойную ўладу, якая надакучыла, за Лукашэнку галасавалі таксама па прынцыпе «хто заўгодна, толькі не гэты!». Але пратэст – гэта тая самая палка з двума канцамі. У пэўны момант яна лёгка пераварочвацца ў паветры і накіроўваецца ўніз, дакладна прыцэліўшыся іншым канцом у галаву таго, хто быў абраны не па прынцыпе «за гэтага», а па прынцыпе «супраць іншага». Выглядае, у Беларусі надышоў менавіта гэты момант – разварот пратэстных настрояў.

І ўсёткі больш за ўсё цешыць не трэцяе, а другое – тое, што электарат Лукашэнкі практычна знік. Не толькі з менскіх вуліцаў – зборшчыкі подпісаў з іншых гарадоў, у тым ліку зусім невялікіх, кажуць пра тое ж. І гэта выдатна. Таму што змена рэжыму немагчымая без змены настрояў у грамадстве. А цяперашнія настроі кажуць пра тое, што мы ўжо перамагаем.

Напісаць каментар 77

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках